Быццё 39 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
А Язэпа зьвялі ў Егіпет. І купіў яго з рук Ізмаільцянаў, якія прывялі яго туды, Егіпцянін Патыфар, царадворац фараонаў, начальнік целаахоўцаў.
А Язэп быў завезены ў Эгіпет. І купіў яго Патыфар, урадовец фараона, начальнік варты, Эгіпцянін, з рук Ізмаэльцаў, якімі быў ён прыведзены.
І быў Гасподзь зь Язэпам: яму спрыяў посьпех у дзеях і ён жыў у доме гаспадара свайго, Егіпцяніна.
І Госпад быў зь Язэпам, і ён быў чалавекам, катораму добра вялося, і ён жыў у доме гаспадара свайго.
І ўбачыў гаспадар ягоны, што Гасподзь зь ім, і што ўсяму, што ён робіць, Гасподзь у руках ягоных дае посьпех.
І той зразумеў, што Госпад быў зь ім, і ў-ва ўсім, што ён рабіў, рука Госпада ім кіравала.
І здабыў Язэп у вачах ягоных упадабаньне і служыў яму. І ён паставіў яго над домам сваім, і ўсё, што меў, аддаў на рукі яму.
І Язэп знайшоў ласку ў гаспадара свайго, і паслугаваў яму. Нават той паставіў яго загадчыкам над домам сваім і ўсё, што меў, даручыў яму.
І з таго часу, як ён паставіў яго над домам сваім і над усім, што меў, Гасподзь дабраславіў дом Егіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславеньне Гасподняе на ўсім, што меў ён у доме і ў полі.
І дабраславіў Госпад дому Эгіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславенства Госпада ва ўсім доме і на полі.
І пакінуў ён усё, што меў, у руках у Язэпа, і ня ведаў пры ім нічога, акрамя хлеба, які ён еў. А Язэп быў прыгожы станам і прыгожы з твару.
І той аддаў усё, што меў, у рукі Язэпа, і ня меў ніякага клопату, толькі пра ежу, якой пасіляўся. А меў Язэп прыгожую постаць і прывабны воблік.
І зьвярнула позірк на Язэпа жонка гаспадара ягонага і сказала: сьпі са мною.
Дык зьвярнула вочы свае на Язэпа жонка гаспадара яго і кажа яму: «Сьпі са мною».
Але ён адмовіўся і сказаў жонцы гаспадара свайго: вось, гаспадар мой ня рупіцца пры мне пра нішто ў доме, і ўсё, што мае, аддаў у мае рукі;
Але ён не згадзіўся і сказаў ёй: «Вось жа гаспадар мой усё мне даручыў, і ня рупіцца ні пра што ў доме сваім,
няма болей мяне ў доме гэтым; і ён не забараніў мне нічога, акрамя цябе, бо ты жонка яму; як жа зраблю я гэта вялікае ліха і зграшу прад Богам?
і ня можа ніхто быць важнейшым у доме гэтым, чым я; і нічога мне не забараніў, апроч цябе, ты ж жонка ягоная. Дык як я магу дапусьціцца вялікага злачынства і грашыць супраць Бога?»
Калі так яна штодня гаварыла Язэпу, а ён ня слухаўся яе, каб спаць зь ёю і быць зь ёю,
І падобнымі словамі штодзень дакучала жанчына юнаку, але ён адмаўляўся ад чужалоства.
сталася аднаго дня, што ён увайшоў у дом рабіць справу сваю, а нікога з хатніх тут у доме ня было;
Аднойчы, калі Язэп увайшоў у дом спаўняць свае абавязкі і не было сьведкаў,
яна схапіла яго за вопратку ягоную і сказала: кладзіся са мною. Але ён, пакінуўшы вопратку сваю ў руках у яе, пабег і выбег прэч.
яна схапіла яго за плашч і сказала: «Пасьпі са мной». А ён, пакінуўшы плашч у яе руках, уцёк і выйшаў на двор.
А яна, убачыўшы, што ён пакінуў вопратку сваю ў руках у яе і пабег прэч,
Калі жанчына ўбачыла, што ён пакінуў плашч у яе руках і ўцёк на двор,
клікнула хатніх сваіх і сказала ім так: паглядзеце, ён прывёў да нас Габрэя зьдзекавацца з нас. Ён прыйшоў да мяне, каб легчы са мною; але я закрычала моцным голасам,
паклікала дамоўнікаў сваіх і сказала ім: «Вось прывялі мужчыну Гебрая, каб ён зьдзекаваўся з нас; ён увайшоў да мяне, каб спаць са мною. Калі я закрычала,
І ён, пачуўшы, што я падняла лямант і закрычала, пакінуў у мяне вопратку сваю, і пабег, і выбег прэч.
і пачуўся голас мой, пакінуў ён плашч, які трымаю, а сам уцёк на двор».
І пакінула вопратку ягоную ў сябе да прыходу гаспадара ягонага ў дом свой.
І затрыманы плашч паказала мужу свайму, каторы вярнуўся дамоў,
І пераказала яму тыя самыя словы, кажучы: раб Габрэй, якога ты прывёў да нас, прыходзіў да мяне зьдзекавацца зь мяне;
і сказала падобныя гэтым словы: «Прыйшоў да мяне слуга Гебрай, якога ты прыняў, каб спаганіць мяне;
але, калі я падняла лямант і закрычала, ён пакінуў у мяне вопратку сваю і выбег прэч.
а калі пачуўся крык мой, пакінуў плашч, які трымаю, і ўцёк на двор».
Калі гаспадар ягоны пачуў словы жонкі сваёй, якія яна сказала яму, кажучы: так учыніў са мною раб твой, — дык запалаў гневам;
Гаспадар, выслухаўшы словы гэтыя, моцна раззлаваўся,
і ўзяў Язэпа гаспадар ягоны і аддаў яго ў цямніцу, дзе ўвязьнены вязьні цара. І быў ён там у цямніцы.
і пасадзіў Язэпа ў вязьніцу, дзе знаходзіліся вязьні фараона. І быў там Язэп у вязьніцы.
І Гасподзь быў зь Язэпам, і зрабіў яму ласку, і дараваў яму ўпадабаньне ў вачах начальніка цямніцы.
А Госпад быў зь Язэпам, і шкадаваў яго, і даў яму мець ласку ў начальніка вязьніцы.
І аддаў начальнік цямніцы ў рукі Язэпу ўсіх вязьняў, якія былі ў цямніцы, і ва ўсім, што яны там ні рабілі, ён быў распарадчыкам.
І ён аддаў у рукі Язэпа ўсіх вязьняў, трыманых пад вартай, і што толькі трэба было там зрабіць, ён рабіў.
Начальнік цямніцы і не глядзеў ні за чым, што было ў яго ў руках, бо Гасподзь быў зь Язэпам, і ва ўсім, што ён рабіў, Гасподзь даваў посьпех.
А начальнік вязьніцы не сачыў ужо за тым, што ў яго руцэ было, бо Госпад быў зь Язэпам і кіраваў усімі ягонымі справамі.