Быццё 4 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
Адам спазнаў Еву, жонку сваю; і яна зачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: здабыла я чалавека ад Госпада.
Чалавек жа пазнаў жонку сваю Эву, і яна пачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: «Нарадзіла мужчыну з волі Госпада».
І яшчэ нарадзіла брата ягонага, Авеля. І быў Авель пастух авечак, а Каін быў земляроб.
А потым нарадзіла брата яго Абеля. Абель быў пастухом авец, а Каін — земляробам.
Празь некаторы час Каін прынёс ад пладоў зямлі дар Госпаду;
Калі па нейкім часе Каін складаў Госпаду ахвяру з пладоў зямлі і рук сваіх,
і Авель таксама прынёс ад першародных статку свайго і ад тлушчу іхняга. І прыхінуўся Гасподзь да Авеля і да дару ягонага;
Абель складаў таксама зь пяршынаў статку свайго і зь іх тлустасьці, і Госпад узглянуў на Абеля і дар ягоны,
а да Каіна і да дару ягонага не прыхінуўся. Каін моцна засмуціўся, і панік твар ягоны.
а на Каіна і дар ягоны ня ўзглянуў. Моцна ўзлаваўся Каін і панурым стаўся воблік яго.
І сказаў Гасподзь Каіну: чаго ты засмуціўся? і чаго панік твар твой?
І сказаў Госпад яму: «Чаго злуешся і чаго крывіцца воблік твой?
калі робіш добрае, дык ці не падымаеш твару? а калі ня робіш добрага, дык пад дзьвярыма грэх ляжыць; ён вабіць цябе да сябе, але ты пануй над ім.
Калі б ты рабіў добрае, меў бы воблік спагадны; калі ж ня будзеш рабіць добрае, грэх цікуе ў дзьвярах і лашчыцца да цябе, а ты павінен панаваць над ім».
І сказаў Каін Авелю, брату свайму: хадзем у поле. І калі яны былі ў полі, паўстаў Каін на Авеля, брата свайго, і забіў яго.
І сказаў Каін Абелю, брату свайму: «Хадзем у поле». А калі яны былі ў полі, Каін кінуўся на брата свайго Абеля і забіў яго.
І сказаў Гасподзь Каіну: дзе Авель, брат твой? Ён сказаў: ня ведаю; хіба я вартаўнік брату майму?
Тады Бог спытаўся ў Каіна: «Дзе брат твой, Абель?» Ён адказаў: «Ня ведаю. Ці ж я стораж брата свайго?»
І сказаў Гасподзь: што ты зрабіў? голас крыві брата твайго крычыць Мне зь зямлі;
І сказаў Бог: «Што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго кліча да Мяне з поля.
і сёньня пракляты ты ад зямлі, якая разьзявіла вусны свае прыняць кроў брата твайго ад рукі тваёй;
Дык цяпер будзь пракляты на той ральлі, каторая адкрыла вусны свае прыняць кроў брата твайго з рук тваіх!
калі ты будзеш урабляць зямлю, яна ня будзе болей даваць сілы сваёй табе; ты будзеш выгнанец і бадзяга на зямлі.
Калі гэтую зямлю абрабляць будзеш, ня дасьць яна ўжо больш ураджаю. Выгнанцам і ўцекачом будзеш на зямлі!»
І сказаў Каін Госпаду: кара мая большая, чым зьнесьці можна:
І сказаў Каін Госпаду: «Надта вялікая кара мая, каб я мог яе зьнесьці.
вось, Ты цяпер зганяеш мяне з улоньня зямлі, і ад аблічча Твайго я зьнікну, і буду выгнанцам і бадзягам на зямлі; і кожны, хто спаткаецца са мною, заб’е мяне.
Калі мяне сёньня выганіш з гэтай зямлі, і ад аблічча Твайго схаваюся і буду бадзякай і ўцекачом на зямлі, дык кожны, хто напаткае мяне, заб'е мяне».
І сказаў яму Гасподзь: за тое кожнаму, хто заб’е Каіна, адпомсьціцца сямікроць. І зрабіў Гасподзь Каіну азнаку, каб ніхто, спаткаўшыся зь ім, не забіў яго.
І сказаў яму Госпад: «Гэтак ня будзе, але кожны, хто забіў бы Каіна, — у сем разоў больш будзе пакараны!» І палажыў Госпад Каіну знак, каб не забіваў яго, хто-колечы сустрэне яго.
І пайшоў Каін ад аблічча Гасподняга і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад Эдэма.
Пасьля Каін адышоў ад аблічча Госпада і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад Эдэну.
І спазнаў Каін жонку сваю; і яна зачала і нарадзіла Эноха. І пабудаваў ён горад; і назваў горад імем сына свайго: Энох.
І пазнаў вось Каін жонку сваю, і яна пачала, і нарадзіла Геноха. І пабудаваў (Каін) горад і назваў яго ад імя свайго сына — Генох.
У Эноха нарадзіўся Ірад; Ірад спарадзіў Мэхіяэля; Мэхіяэль спарадзіў Мафусала; Мафусал спарадзіў Ламэха.
Генох быў бацькам Ірада, а Ірад быў бацькам Мэвіяэля, а Мэвіяэль быў бацькам Мэтушаэля, а Мэтушаэль быў бацькам Лямеха.
І ўзяў сабе Ламэх дзьве жонкі: імя адной: Ада, і імя другой: Цыла.
Лямех узяў сабе дзьве жонкі. Імя адной — Ада, а другой — Цыля.
Ада нарадзіла Явала: ён быў бацька тых, што жылі ў намётах са статкамі.
Ада нарадзіла Ябэля; гэта ён быў прабацькам пражываючых у палатках і пастухоў.
Імя брата ягонага Ювал: ён быў бацька ўсіх тых, што ігралі на гусьлях і жалейцы.
Брат ягоны называўся Юбаль; гэта ад яго вядуцца ўсе граючыя на гусьлях і на флейце.
Цыла таксама нарадзіла Тувалкаіна, які быў кавалём усіх спарудаў зь медзі і жалеза. І сястра Тувалкаіна Наэма.
А Цыля нарадзіла Тубаль-Каіна; ён быў кавалём, што рабіў усе прылады зь медзі і жалеза. Сястрой Тубаль-Каіна была Наэма.
І сказаў Ламэх жонкам сваім: Ада і Цыла, паслухайце голасу майго; жонкі Ламэхавыя, уважайце словам маім: я забіў чалавека на пошасьць мне і хлопчыка на рану мне;
Лямех сказаў сваім жонкам: «Ада і Цыля, паслухайце, што я скажу! Жоны Лямеха, уважце на словы мае! Забіў я чалавека за рану сваю і юнака за скалячэньне сваё.
калі за Каіна адпомсьціцца ўсямікроць, дык за Ламэха ў семдзесят разоў сямікроць.
У сем разоў больш павінна быць адпомшчана за Каіна. А за Лямеха — у семдзесят сем».
І спазнаў Адам яшчэ Еву, жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і дала яму імя: Сіф; бо, казала яна, Бог паклаў мне іншае насеньне, замест Авеля, якога забіў Каін.
І пазнаў зноў Адам жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і назвала імя яго Сэт, кажучы: «Даў мне Бог патомка іншага ў замену за Абеля, каторага забіў Каін».
У Сіфа таксама нарадзіўся сын, і ён даў яму імя: Энос; тады пачалі заклікаць імя Госпада.
А Сэту нарадзіўся сын, каторага той назваў Энош. Тады пачалі прызываць імя Госпада.