Быццё 41 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
Як прайшло два гады, фараону прысьнілася: вось, ён стаіць каля ракі;
У два гады пазьней фараон бачыў сон. Здавалася яму, што стаіць ён над ракой.
і вось, выйшлі з ракі сем кароў, добрых з выгляду і ўкормленых целам, і пасьвіліся ў трысьнягу;
Зь яе вось выйшла сем кароваў прыгожых і сытых, і яны пасьвіліся на балоцістым поплаве.
але вось, пасьля іх выйшлі з ракі сем кароў іншых, благіх з выгляду і худых целам, і сталі каля тых кароў на беразе ракі;
Таксама іншых сем кароваў, брыдкіх і худых, выйшла за імі з ракі і сталі на самым беразе ракі.
і зьелі каровы благія з выгляду і худыя целам сем кароў добрых з выгляду і ўкормленых. І прачнуўся фараон,
І пажэрлі яны гэтых сем прыгожых і сытых кароваў. І прачнуўся фараон,
і заснуў зноў, і сьнілася яму другім разам: вось, на адной сьцябліне падняліся сем каласоў налітых і добрых;
ды зноў задрамаў і ўбачыў другі сон: На адным сьцябле вырасла сем каласоў поўных і прыгожых.
але вось, пасьля іх вырасла сем каласоў пустых і высушаных усходнім ветрам;
І столькі ж вырасла іншых каласоў, пустых і зьнішчаных усходнім ветрам,
і пажэрлі пустыя каласы сем каласоў налітых і поўных. І прачнуўся фараон і зразумеў, што гэта сон.
і яны зьнішчылі ўсю прыгажосьць першых каласоў. Фараон прабудзіўся і зразумеў, што гэта толькі сон.
Раніцай сумеўся дух ягоны, і паслаў ён, і паклікаў усіх вешчуноў Егіпта і ўсіх мудрацоў ягоных, і расказаў ім фараон сон свой; але ня было нікога, хто растлумачыў бы яго фараону.
З надыходам раніцы, стрывожаны, паслаў ён па ўсіх варажбітоў Эгіпецкіх і па ўсіх мудрацоў сваіх. І сабраўшымся расказаў сон, але не было нікога, хто б выясьніў.
І пачаў гаварыць галоўны чашнік фараону і сказаў: грахі мае ўспамінаю я сёньня;
Тады нарэшце загадчык чашнікаў прыпомніў і сказаў: «Прызнаюся да грэху свайго.
фараон угневаўся на рабоў сваіх і аддаў мяне і галоўнага пекара пад варту ў дом начальніка целаахоўцаў;
Разгневаны кароль слугаў сваіх, мяне і загадчыка пекараў, загадаў пасадзіць у вязьніцу пад нагляд начальніка варты.
і сьніўся нам сон у адну ноч, мне і яму, кожнаму сьніўся сон адмысловага значэньня;
Там у адну ноч мы абодва бачылі сон, прадказаньне будучыні.
а там быў з намі малады Габрэй, раб начальніка целаахоўцаў; мы расказалі яму сны нашыя, і ён растлумачыў нам кожнаму адпаведна яго сну;
І быў там юнак Гебрай, слуга начальніка варты, катораму мы расказалі сны.
і як ён растлумачыў нам, так і збылося: я вернуты на месца маё, а той павешаны.
І сталася так, як ён нам іх выясьніў. Я вернуты да свайго абавязку, а ён павешаны пры дарозе».
І паслаў фараон і паклікаў Язэпа. І пасьпешна вывелі яго зь цямніцы. Ён пастрыгся і зьмяніў вопратку сваю і прыйшоў да фараона.
Скора на загад караля быў зь вязьніцы прыведзены Язэп. Падстрыглі яго, зьмянілі адзежу і прадставілі яму.
Фараон сказаў Язэпу: мне сьніўся сон, і няма нікога, хто растлумачыў бы яго, а пра цябе я чуў, што ты ўмееш тлумачыць сны.
І сказаў ён Язэпу: «Бачыў я сон, і няма нікога, хто б яго разгадаў. Чуў, што ты можаш сны наймудрэй вытлумачыць».
І адказваў Язэп фараону, кажучы: гэта не маё: Бог дасьць адказ на карысьць фараону.
Язэп адказаў: «Не я, але Бог дасьць адказ фараону для дабра!»
І сказаў фараон Язэпу: мне сьнілася: вось, стаю я на беразе ракі;
І фараон расказаў, што бачыў: «Сьнілася мне, што я стаю на беразе ракі,
і вось, выйшлі з ракі сем кароў укормленых целам і добрых з выгляду і пасьвіліся ў трысьнягу;
і раптам выйшлі з ракі сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых целам, і пасьвіліся ў чароце.
але вось, пасьля іх выйшлі сем кароў іншых, кепскіх, вельмі благіх з выгляду і худых целам: я ня бачыў на ўсёй зямлі Егіпецкай такіх кепскіх, як яны;
І вось жа па гэтых выйшлі іншыя сем кароваў так непафарэмных і худых, што я ў Эгіпце такіх ніколі ня бачыў,
і зьелі худыя і кепскія каровы ранейшых сем кароў укормленых;
і яны зжэрлі і зьнішчылі першых,
і ўвайшлі ўкормленыя ў нутробу іхнюю, але ня прыкметна было, што яны ўвайшлі ў нутробу іхнюю: яны былі такія самыя благія з выгляду, як і да таго. І я прачнуўся.
але ня было на іх заўважна поўнасьці, але яны былі такія самыя худыя, як раней. Я прабудзіўся, і зноў сном замораны,
Потым сьнілася мне: вось, на адной сьцябліне паднялося сем каласоў поўных і добрых:
бачыў сон: Вырасла сем каласоў на адным сьцябле, поўных і прыгожых.
але вось, пасьля іх вырасла сем каласоў тонкіх, пустых і высушаных усходнім ветрам;
Але іншыя таксама сем каласоў, пустых і зьнішчаных сухім усходнім ветрам, вырасьлі за імі
і зжэрлі худыя каласы сем каласоў добрых. Я расказаў гэта вяшчунам, але ніхто не растлумачыў мне.
і праглынулі прыгажосьць тых першых. Расказаў я сон варажбітам, але ніводзін зь іх ня змог вытлумачыць».
І сказаў Язэп фараону: сон фараонаў адзін: што Бог зробіць, тое ён абвясьціў фараону.
Язэп сказаў: «Сон караля адзін. Што мае стацца — Бог выявіў фараону.
Сем кароў добрых, гэта сем гадоў; і сем каласоў добрых, гэта сем гадоў: сон адзін;
Сем кароваў прыгожых і сем каласоў поўных — гэта сем гадоў ураджайных: яны адзін сэнс маюць.
і сем кароў благіх і худых, якія выйшлі пасьля тых, гэта сем гадоў, таксама і сем каласоў худых і высушаных усходнім ветрам, гэта сем гадоў голаду.
А сем кароваў худых і брыдкіх, каторыя выйшлі за тымі, і сем каласоў пустых і зьнішчаных сухім ветрам — гэта сем гадоў будучага голаду.
Вось, чаму сказаў я фараону: што Бог зробіць, тое Ён паказаў фараону.
Гэта такім парадкам споўніцца, як Бог выявіў фараону.
Вось настаюць сем гадоў багацьця на ўсёй зямлі Егіпецкай;
Вось жа пачынаецца сем гадоў надзвычай ураджайных ва ўсёй зямлі Эгіпту,
пасьля іх настануць сем гадоў голаду: і забудзецца ўсё тое багацьце на зямлі Егіпецкай, і зблажыць голад зямлю,
па каторых наступяць сем гадоў голаду страшнага, што ў няпамяць пойдзе ўся папярэдняя шчодрасьць. І ахопіць голад усю зямлю,
і непазнаванае будзе ранейшае багацьце на зямлі, з прычыны голаду, які прыйдзе пасьля, бо ён будзе вельмі цяжкі.
і вялікая ўраджайнасьць заменіцца ў вялікую нястачу.
А што сон паўтарыўся фараону два разы, гэта азначае, што гэта сапраўды слова Божае, і што неўзабаве Бог выканае гэта.
А калі ты бачыў другі раз сон у той самай справе, гэта ёсьць моцным доказам, што тое, што Бог сказаў, у хуткім часе Богам будзе споўнена.
І сёньня хай нагледзіць фараон чалавека разумнага і мудрага і хай паставіць яго над зямлёй Егіпецкай.
Дык хай цяпер прадбачыць валадар разумнага і мудрага чалавека і паставіць яго над зямлёй Эгіпецкай.
Хай загадае фараон паставіць над зямлёю наглядчыкаў і зьбіраць у сем гадоў багацьця пятую частку зь зямлі Егіпецкай;
І хай паставіць ён наглядчыкаў на ўсе правінцыі, і пятую частку збораў зярна сем гадоў ураджайных,
хай яны бяруць усякі хлеб гэтых будучых добрых гадоў і зьбяруць у гарадах хлеб пад руку фараона на ежу, і хай ашчаджаюць;
каторыя ўжо цяпер надыйдуць, зьбірае ў гумны. Хай усё збожжа пад уладай фараона зьбіраецца і захоўваецца ў гарадах.
і будзе гэтая ежа запасам для зямлі на сем гадоў голаду, якія будуць у зямлі Егіпецкай, каб зямля не загінула ад голаду.
І прыгатуюцца гэтыя запасы для будучых сямёх гадоў голаду, які прыцісьне Эгіпет, і не загіне зямля дзеля нястачы».
Гэта спадабалася фараону і ўсім слугам ягоным.
І спадабалася гэтая парада фараону і ўсім яго слугам,
І сказаў фараон слугам сваім: ці знойдзем мы такога, як ён, чалавека, у якім быў бы Дух Божы?
і фараон сказаў ім: «Ці ж можам мы знайсьці такога чалавека, як ён, поўнага духа Божага?»
І сказаў фараон Язэпу: як бо Бог адкрыў табе ўсё гэта, дык няма такога разумнага, як ты;
І сказаў ён Язэпу: «Калі табе Бог аб'явіў усё, што ты сказаў, то ці магу знайсьці мудрэйшага, падобнага табе чалавека?
ты будзеш над домам маім, і твайго слова трымацца будзе ўвесь народ мой; толькі тронам я буду большы за цябе.
Ты будзеш над маім домам, і на загад вуснаў тваіх паслухаецца ўвесь мой народ. Адно толькі дастойнасьцю каралеўскай перавышаю цябе».
І сказаў фараон Язэпу: вось, я пастаўлю цябе над усёю зямлёю Егіпецкаю.
І дадаў фараон: «Вось я ўстанаўляю цябе над усёй зямлёй Эгіпту».
І зьняў фараон пярсьцёнак свой з рукі свае і надзеў яго на руку Язэпу; апрануў яго ў вісоннае адзеньне, усклаў залаты ланцуг на шыю яму;
І зьняў фараон свой пярсьцёнак з пальца і ўзьдзеў яго на палец Язэпа, і загадаў адзець яго ў шаты з найчысьцейшага лёну, і павесіў яму на шыю залаты ланцуг.
загадаў везьці яго на другой сваёй калясьніцы і абвяшчаць перад ім: схіляйцеся! І паставіў яго над усёю зямлёю Егіпецкаю.
І загадаў вазіць яго на другім сваім возе і клікаць перад ім «Абрэк!», і каб усе перад ім кленчылі і ведалі, што ён правіцель над усёй Эгіпецкай зямлёй.
І сказаў фараон Язэпу: я фараон; безь цябе ніхто не варухне ні рукою сваёю, ні нагою сваёю ва ўсёй зямлі Егіпецкай.
І сказаў кароль Язэпу: «Я — фараон. Без тваёй волі ніхто не паварухне рукой або нагой ва ўсёй зямлі Эгіпту».
І даў фараон Язэпу імя: Цафнат-панэах; і даў яму за жонку Асэнэту, дачку Потыфэра, жраца Она. І пайшоў Язэп па зямлі Егіпецкай.
І замяніў імя яго, і назваў яго ў мове Эгіпецкай: Цафнат-Панэах, і даў яму за жонку Асэнат, дачку Патыфэра, сьвятара з Ону. І так Язэп стаў над усёй зямлёй Эгіпецкай.
Язэпу было трыццаць гадоў ад роду, калі ён стаў перад абліччам цара Егіпецкага. І выйшаў Язэп ад аблічча фараонавага і прайшоў па ўсёй зямлі Егіпецкай.
Язэп меў трыццаць гадоў, калі стаў перад абліччам фараона, і аб'яжджаў ён усе правінцыі Эгіпту.
А зямля сем гадоў багатых радзіла зь зерня па прыгаршчах.
І прыйшоў ураджай сямі гадоў, і Язэп зьбіраў збожжа ў гумны ў Эгіпце,
І сабраў ён усякі хлеб сямі гадоў, якія былі ў зямлі Егіпецкай, і паклаў хлеб у гарадах; у кожным горадзе паклаў хлеб палёў, якія былі вакол яго.
награмаджаючы ў кожным горадзе ўраджай, сабраны ў акрузе.
І ашчадзіў Язэп хлеба даволі многа, як пяску марскога, так што перастаў і лічыць, бо ня стала ліку.
І была такая многасьць пшаніцы, як пяску марскога, і запасы перавышалі меру.
Пакуль насталі гады голаду, у Язэпа нарадзіліся два сыны, якіх нарадзіла яму Асэнэта, дачка Потыфэра, жраца Іліёпальскага.
І нарадзілася Язэпу два сыны перад тым, як настаў голад, якіх яму нарадзіла Асэнат, дачка Патыфэра, сьвятара з Ону.
І даў Язэп імя першынцу: Манасія, бо Бог даў мне забыць усе няшчасьці мае і ўвесь дом бацькі майго.
Першародны быў названы імем Манаса, бо казаў (Язэп): «Даў мне Бог забыцца пра ўсе цяжкасьці мае і пра дом бацькі майго».
А другому даў імя: Яфрэм, бо Бог зрабіў мяне плодным у зямлі цярпеньняў маіх.
А другога назваў імем Эфраім, бо казаў: «Даў мне Бог расьці ў зямлі нядолі маёй».
І прайшло сем гадоў багацьця, якое было ў зямлі Егіпецкай,
Так прайшлі сем гадоў ураджайных, якія былі ў Эгіпце.
і насталі сем гадоў голаду, як сказаў Язэп. І быў голад ва ўсіх землях, а ва ўсёй зямлі Егіпецкай быў хлеб.
І надыходзілі сем гадоў нястачы, каторыя прадказаў Язэп, і на ўсім сьвеце запанаваў голад. Ва ўсёй жа зямлі Эгіпецкай быў хлеб.
Але калі і ўся зямля Егіпецкая пачала цярпець голад, дык народ пачаў галасіць фараону пра хлеб. І сказаў фараон усім Егіпцянам: ідзеце да Язэпа і рабеце, што ён вам скажа.
І калі настаў голад, увесь народ зьвяртаўся да фараона, просячы хлеба. Ён жа ім адказаў: «Ідзіце да Язэпа, і што вам скажа, рабіце».
І быў голад па ўсёй зямлі; і адчыніў Язэп усе засекі і пачаў прадаваць хлеб Егіпцянам. А голад мацнеў у зямлі Егіпецкай.
І нахлынуў голад на ўсю зямлю. І Язэп адкрыў усе гумны, і прадаваў хлеб Эгіпцянам, бо і іх прыжаў голад.
І з усіх краінаў прыходзілі ў Егіпет купляць хлеб у Язэпа: бо голад узмацніўся па ўсёй зямлі.
І ўсе правінцыі Эгіпецкія прыбывалі да Язэпа, каб купіць харчоў, бо голад лютаваў па ўсёй зямлі.