Быццё 43 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
Голад памацнеў на зямлі.
Тым часам голад страшна прыжымаў усю зямлю.
І калі яны зьелі хлеб, прывезены зь Егіпта, тады бацька іхні сказаў ім: ідзеце зноў, купеце нам крыху ежы.
Па спажыцьці харчоў, якія прывезьлі з Эгіпту, Якуб сказаў сваім сынам: «Вярніцеся і купіце сабе крыху харчоў».
І сказаў яму Юда, кажучы: той чалавек рашуча заявіў нам, сказаўшы: не яўляйцеся да мяне перад аблічча, калі брата вашага ня будзе з вамі.
Юда сказаў: «Той правіцель пад прысягай заявіў: Ня ўбачыце аблічча майго, калі не прывядзіцё з сабой наймалодшага брата вашага.
Калі пашлеш з намі брата нашага, дык пойдзем і купім табе ежы;
Дык калі згаджаешся паслаць яго з намі, выбярэмся адначасна і купім табе што найпатрэбнейшае.
а калі не пашлеш, дык ня пойдзем; бо той чалавек сказаў нам: не яўляйцеся да мяне перад аблічча, калі брата вашага ня будзе з вамі.
Калі ня згодзішся, ня пойдзем, бо правіцель той, як часта табе казалі, выразна нам заявіў: Ня ўбачыце мяне без малодшага брата вашага».
Ізраіль сказаў: навошта вы зрабілі мне такое ліха, сказаўшы таму чалавеку, што ў вас ёсьць яшчэ брат?
І сказаў ім Ізраэль: «Чаму на маю бяду вы гэта зрабілі, што прызналіся яму, што маеце іншага брата?»
Яны сказалі: распытваў той чалавек пра нас і пра радзіну нашу, кажучы: ці жывы яшчэ бацька ваш? ці ёсьць у вас брат? Мы і расказалі яму паводле гэтых роспытаў. Ці ж маглі мы ведаць, што ён скажа: прывядзеце брата вашага?
Яны адказалі: «Распытваў той чалавек аб нас і радні нашай і пытаўся: «Ці жывы яшчэ бацька ваш? Ці ёсьць яшчэ ў вас брат?» І мы пасьлядоўна адказвалі паводле таго, што пытаўся. Ці ж маглі здагадацца, што скажа: Прывядзіце брата вашага з сабой?»
А Юда сказаў Ізраілю, бацьку свайму: пусьці хлопца са мною; і мы ўстанем і пойдзем, і жывыя будзем і не памром і мы і дзеці нашыя;
І сказаў Юда ўпэўнена бацьку свайму, Ізраэлю: «Пусьці хлопца са мною, каб выбрацца і магчы пражыць, бо памром самі, і ты, і малыя нашыя.
я адказваю за яго, з маіх рук спатрабуеш яго; калі я не прывяду яго да цябе і не пастаўлю яго перад абліччам тваім, дык застануся я вінаваты перад табою на ўсе дні жыцьця:
Я адказваю за хлопца, зь мяне будзеш патрабаваць за яго. Калі не зьвярну і не аддам табе яго, бяру на сябе грэх назаўсёды.
калі б мы не марудзілі, дык ужо схадзілі б два разы.
Калі б ня марудзілі, два разы вярнуліся б».
Ізраіль, бацька іхні, сказаў ім: калі так, дык вось што зрабеце: вазьмеце з сабою пладоў зямлі гэтай, і занясеце ў дарунак чалавеку таму крыху бальзаму і крыху мёду, стыраксы і ладану, фісташкаў і міндальных арэхаў;
Тады бацька іх, Ізраэль, сказаў ім: «Калі так трэба, рабіце, што хочаце; вазьміце найлепшых пладоў нашай зямлі ў посудах сваіх як дары тому чалавеку: крыху пахкай жывіцы, мёду, пахкіх карэньняў і ладану, алейкаў, фісташак і мігдаляў.
вазьмеце і другое срэбра ў рукі вашыя; а срэбра пакладзенае назад у мяшкі вашыя, вярнеце рукамі вашымі: магчыма, гэта недагляд;
Вазьміце з сабой удвайне грошаў, каб маглі аддаць і тыя грошы, каторыя вам назад уложаны ў вашыя мяшкі, мабыць, праз памылку.
і брата вашага вазьмеце і ўстаўшы ідзеце зноў да чалавека таго;
Таксама вазьміце вашага брата і вырушыце ў дарогу паваротную да таго правіцеля.
а Бог Усемагутны няхай дасьць вам прыдбаць ласку ў чалавека таго, каб ён адпусьціў вас і другога брата вашага і Веньяміна.
Хай Усемагутны Бог дасьць, каб той чалавек пашкадаваў вас і пусьціў свабодна вашага брата і Бэн'яміна. Калі маю заставацца сам у адзіноце, хай так ужо будзе».
І ўзялі тыя людзі дарункі гэтыя, і срэбра ўдвая ўзялі ў рукі свае, і Веньяміна, і ўсталі, і пайшлі ў Егіпет і сталі перад абліччам Язэпа.
І ўзялі яны падарункі і падвойныя грошы, і Бэн'яміна, і накіраваліся ў Эгіпет, і прадсталі перад Язэпам.
Язэп, убачыўшы сярод іх Веньяміна, сказаў начальніку дома свайго: увядзі гэтых людзей у дом, і закалі што-небудзь з быдла, і прыгатуй, бо са мною будуць есьці гэтыя людзі апоўдні.
Калі ён убачыў іх і Бэн'яміна разам, загадаў загадчыку дому свайго, кажучы: «Завядзі людзей у дом і забі найлепшую жывёліну, і спраў баль, бо будуць яны са мною есьці апоўдні».
І зрабіў чалавек той, як сказаў Язэп, і ўвёў чалавек той людзей гэтых у дом Язэпаў.
І загадчык зрабіў, што яму было загадана, і ўвёў гэтых людзей у дом Язэпа.
Спалохаліся людзі гэтыя, што ўвялі іх у дом Язэпаў, і сказалі: гэта за срэбра, вернутае раней у мяхі нашыя, увялі нас, каб прычапіцца да нас і напасьці на нас, і ўзяць нас у няволю, і аслоў нашых.
Там, напалоханыя, яны казалі адзін аднаму: «Дзеля грошай, якія раней затрымалі мы ў мяхах сваіх, увялі нас, каб напасьці раптам на нас і зрабіць нас нявольнікамі, і аслоў нашых забраць».
І падышлі яны да правадыра дома Язэпавага, і пачалі гаварыць яму каля дзьвярэй дома,
Дзеля таго ў самых дзьвярах падыйшлі яны да загадчыка дому
і сказалі: паслухай, спадару наш, мы прыходзілі ўжо раней купляць ежу,
і сказалі: «Просім, гаспадару, паслухай нас. Ужо раней, калі прыбылі мы купіць харчоў,
і сталася, што, калі прыйшлі мы на начлег і адкрылі мяшкі нашыя, — вось срэбра кожнага ў мяшку ягоным, срэбра наша паводле вагі сваёй, і мы вяртаем яго сваімі рукамі;
і, купіўшы іх, калі прыбылі ў заезд і адкрылі мяхі свае, знайшлі наверсе грошы, якія цяпер у той самай вазе прывезьлі з сабой.
а на куплю ежы мы прынесьлі іншае срэбра ў руках нашых; мы ня ведаем, хто паклаў срэбра нашае ў мяшкі нашыя.
Але мы прывезьлі і іншае серабро, каб купіць сабе харчоў. Мы ня ведаем, хто ўлажыў серабро ў нашыя мяхі».
Ён сказаў: будзьце спакойныя, ня бойцеся; Бог ваш і Бог бацькі вашага даў вам скарб у мяшках вашых; срэбра ваша дайшло да мяне. І прывёў да іх Сымона.
Але ён адказаў: «Будзьце спакойныя, ня бойцеся. Бог ваш і Бог бацькі вашага даў вам гэты скарб у вашыя мяхі. Бо грошы, каторыя далі мне, мною пацьверджаны». І прывёў да іх Сымона.
І ўвёў той чалавек людзей гэтых у дом Язэпаў і даў вады, і яны абмылі ногі свае; і задаў корму аслам іхнім.
І ўвёўшы іх у дом, прынёс вады, і яны памылі ногі свае, і даў таксама корм для аслоў іхніх.
І яны падрыхтавалі дарункі да прыходу Язэпа апоўдні, бо чулі, што там будзе есьці хлеб.
А яны падрыхтавалі дары перш, чым прыйшоў Язэп апоўдні. Даведаліся бо, што там будуць палуднаваць.
І прыйшоў Язэп дамоў; і яны прынесьлі яму ў дом дарункі, якія былі на руках іхніх, і пакланіліся яму да зямлі.
І калі ў дом свой увайшоў Язэп, прынесьлі яму дары, трымаючы ў руках сваіх, і пакланіліся яму да зямлі.
Ён распытаўся ў іх пра здароўе і сказаў: ці здаровы бацька ваш стары, пра якога вы казалі? ці жывы ён яшчэ?
Ён, ласкава запытаўшыся пра здароўе, запытаўся ў іх: «Ці здаровы бацька ваш, стары, пра каторага расказвалі вы мне? Ці яшчэ жыве?»
Яны сказалі: здаровы раб твой, бацька наш? І схіліліся яны і пакланіліся.
Яны адказалі: «Здаровы слуга твой, бацька наш, яшчэ жыве». І яны ўкленчылі, і пакланіліся яму.
І падняў вочы свае Язэп, і ўбачыў Веньяміна, брата свайго, сына маці сваёй, і сказаў: гэта брат ваш меншы, пра якога вы казалі мне? І сказаў: хай будзе ласка Божая з табою, сыне мой!
І падняўшы вочы свае, Язэп убачыў Бэн'яміна, брата свайго, сына сваёй маці, і спытаўся: «Гэта брат ваш малодшы, пра якога гаварылі вы мне?» І сказаў далей: «Хай Бог мае ў ласцы цябе, сын мой».
І сьпешна сышоў Язэп, бо закіпела любоў да брата ягонага, і ён гатовы быў заплакаць, і ўвайшоў ён ва ўнутраны пакой і плакаў там.
І хуценька выйшаў ён, бо ўзварушылася сэрца яго дзеля брата свайго і вырываліся сьлёзы. І пайшоў ён у пакой свой, і там расплакаўся.
І ўмыўшы твар свой, выйшаў, і стрымаўся і сказаў: падавайце ежу.
Пасьля, абмыўшы твар, вярнуўся і трымаў сябе, і загадаў: «Падайце яду».
І падалі яму асобна, і ім асобна, і Егіпцянам, якія палуднавалі зь ім, бо Егіпцяне ня могуць есьці з Габрэямі, таму што гэта мярзота ў Егіпцян.
І падалі яму асобна, яго братам асобна, і Эгіпцянам таксама асобна. Бо Эгіпцяне не маглі есьці разам з Гебраямі, бо было б гэта для Эгіпцянаў рэчай паганай.
І селі яны перад ім, першародны паводле першародства ягонага, і малодшы паводле маладосьці ягонай, і дзівіліся гэтыя людзі адзін перад адным.
І Язэп пасадзіў братоў сваіх перад сабой ад найстарэйшага да наймалодшага, па старшынству. Яны дзівіліся і глядзелі адзін на другога.
І пасылалі ім стравы ад яго, і доля Веньяміна была ў пяць разоў большая за долю кожнага зь іх. І пілі, і даволі пілі яны зь ім.
Потым загадаў ён са свайго стала занесьці ім стравы. І страва для Бэн'яміна была ў пяць разоў большая. І яны пілі, і падпілі разам зь ім.