Быццё 45 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
Язэп ня мог болей стрымлівацца пры ўсіх, што стаялі каля яго, і закрычаў: выведзіце ад мяне ўсіх. І не заставалася каля Язэпа нікога, калі ён адкрыўся братам сваім.
І ня мог Язэп больш апанаваць сябе ў прысутнасьці ўсіх, і закрычаў: «Выйдзеце ўсе адсюль!» І нікога не было зь ім, калі ён даўся пазнаць братам сваім.
І моцна загаласіў ён, і пачулі Егіпцяне, і пачуў дом фараонаў.
І ў голас заплакаў ён, так, што чулі Эгіпцяне ды ўвесь дом фараона.
І сказаў Язэп братам сваім: я — Язэп, ці жывы яшчэ бацька мой? Але браты ягоныя не маглі адказваць яму, бо яны сумеліся перад ім.
І вось сказаў Язэп братам сваім: «Я -Язэп! Ці жыве яшчэ бацька мой?» І не маглі адказаць яму браты дзеля вялікага страху.
І сказаў Язэп братам сваім: падыдзеце да мяне. Яны падышлі. Ён сказаў: я — Язэп, брат ваш, якога вы прадалі ў Егіпет;
Ён жа сказаў ім ласкава: «Падыйдзіце да мяне!» І калі падыйшлі блізка, сказаў: «Я- Язэп, брат ваш, каторага прадалі вы ў Эгіпет.
але цяпер не маркоцьцеся і не шкадуйце пра тое, што вы прадалі мяне сюды, бо паслаў мяне Бог перад вамі, каб захаваць вам жыцьцё;
Не шкадуйце і хай не здаецца вам страшным, што мяне прадалі ў гэтую мясцовасьць. Для паратунку вашага паслаў мяне Бог перад вамі ў Эгіпет.
бо цяпер два гады голаду на зямлі: яшчэ пяць гадоў, калі ні араць, ні жаць ня будуць;
Два гады прайшло, як пачаўся голад на зямлі, а яшчэ застаецца пяць гадоў, у якіх нельга будзе ані араць, ані зьбіраць.
Бог паслаў мяне перад вамі, каб пакінуць вас на зямлі і захаваць ваша жыцьцё вялікім збавеньнем.
Раней паслаў мяне Бог, каб былі вы захаваныя на зямлі і каб выратаваць жыцьцё вашае збаўленьнем вялікім.
Дык вось, ня вы паслалі мяне сюды, а Бог, Які і паставіў мяне бацькам фараону і гаспадаром ва ўсім доме ягоным і валадаром ва ўсёй зямлі Егіпецкай.
Не па вашаму рашэньню, але па волі Божай пасланы я сюды Тым, Хто зрабіў мяне як бы бацькам фараона і гаспадаром усяго дому ягонага, і князем на ўсю Эгіпецкую зямлю.
Ідзеце хутчэй да бацькі майго і скажэце яму: так кажа сын твой Язэп: Бог паставіў мяне гаспадаром над усім Егіптам: прыйдзі да мяне, не марудзь;
Сьпяшайцеся і ідзіце да бацькі майго, і скажыце яму: «Гэта загадвае сын твой Язэп: Бог учыніў мяне гаспадаром усёй зямлі Эгіпецкай. Прыходзь да мяне, каб не памёр (з голаду).
ты будзеш жыць у зямлі Гесэм і будзеш блізка ад мяне, ты і сыны твае, і сыны сыноў тваіх, і дробнае і буйное быдла тваё, і ўсё тваё;
І абжывайся ў зямлі Гашэн. Будзеш блізка мяне і ты, і сыны твае, і дзеці сыноў тваіх, авечкі твае і статак твой, і ўсё, што маеш.
і пракармлю цябе там, бо голад будзе яшчэ пяць гадоў, каб не згалеў ты і дом твой і ўсё тваё.
Там буду цябе карміць, бо яшчэ пяць гадоў голаду, каб не прапаў і ты, і дом твой ды ўсё, што маеш».
І вось вочы вашыя і вочы брата майго Веньяміна бачаць, што гэта мае вусны гавораць з вамі:
Вось жа вочы вашыя і вочы брата майго Бэн'яміна бачаць, што вусны мае гавораць да вас.
скажэце ж бацьку майму пра ўсю славу маю ў Егіпце і пра ўсё, што вы бачылі, і прывядзеце хутчэй бацьку майго сюды.
Раскажыце бацьку майму пра ўсю славу маю ў Эгіпце і пра ўсё, што вы бачылі. Сьпяшайцеся і прывядзіце яго да мяне».
І ўпаў ён на шыю Веньяміну, брату свайму, і плакаў, і Веньямін плакаў на шыі ў яго.
І кінуўся ён на шыю брату свайму Бэн'яміну, і абняў яго, і плакаў, а ён таксама плакаў на яго шыі.
І цалаваў усіх братоў сваіх і плакаў, абдымаючы іх. Потым гутарылі зь ім браты ягоныя.
І цалаваў Язэп усіх братоў сваіх і плакаў над кожным. Тады толькі адважыліся гаварыць да яго.
Прайшла ў доме фараонавым чутка, што прыйшлі браты Язэпавы; і прыемна было фараону і рабам ягоным.
І разыйшлася вестка ў палацы фараона: «Прыбылі браты Язэпа». І радаваўся фараон і ўвесь дом фараона.
І сказаў фараон Язэпу: скажы братам тваім: вось, што зрабеце: наўючце быдла ваша і ступайце ў зямлю Ханаанскую;
І сказаў ён Язэпу, каб загадаў братам сваім: «Абладуйце жывёлу вашу збожжам і ідзіце ў зямлю вашу, у Ханаан,
і вазьмеце бацьку вашага і прыйдзеце да мяне; я дам вам дабро ў зямлі Егіпецкай, і вы будзеце есьці тлушч зямлі.
і вазьміце адтуль бацьку вашага і радню, і прыбывайце да мяне, і я дам вам у Эгіпце ўсё, каб пражылі на зямлі.
Табе ж загадваю сказаць ім: зрабеце гэта; вазьмеце сабе зь зямлі Егіпецкай калясьніц дзецям вашым і жонкам вашым, і прывязеце бацьку вашага і прыйдзеце;
Загадай такжа: Вазьміце вазы зь зямлі Эгіпецкай для перавозкі дзяцей вашых і жонак. І вазьміце бацьку вашага і сьпяшайцеся як найхутчэй прыбыць.
і не шкадуйце рэчаў вашых, бо дабро з усёй зямлі Егіпецкай дам вам.
Не турбуйцеся дзеля прыладаў вашых, бо ўсякую дапамогу атрымаеце ў Эгіпце».
Так і зрабілі сыны Ізраілевыя. І даў ім Язэп калясьніцы, загадам фараона, і даў ім запас на дарогу;
І сыны Ізраэля зрабілі ўсё, што ім было загадана. І даў ім Язэп вазы па загаду фараона і харчы, патрэбныя ў дарозе.
кожнаму зь іх ён даў зьмену вопраткі, а Веньяміну даў трыста срэбранікаў і пяць зьмен вопраткі;
Па-за тым кожнаму зь іх падараваў вопратку на зьмену, Бэн'яміну ж даў трыста штук серабра і пяць адзеньняў на зьмену.
і бацьку свайму таксама паслаў дзесяць аслоў, наўючаных дабром Егіпецкім, і дзесяць асьліц, наўючаных зернем, хлебам і прыпасамі бацьку свайму на дарогу.
А свайму бацьку паслаў дзесяць аслоў, наладаваных найлепшымі пладамі Эгіпту, поруч дзесяць асьліцаў, абладаваных збожжам, хлебам і харчамі на дарогу.
І адпусьціў братоў сваіх, і яны пайшлі. І сказаў ім: не сварэцеся ў дарозе.
І выпраўляючы братоў сваіх у дарогу, сказаў ім, калі ўжо адыходзілі: «Не сварыцеся ў дарозе!»
І пайшлі яны зь Егіпта, і прыйшлі ў зямлю Ханаанскую да Якава, бацькі свайго,
І яны, выбраўшыся з Эгіпту, прыбылі ў зямлю Ханаан да бацькі свайго Якуба,
і паведамілі яму, сказаўшы: Язэп жывы і цяпер валадарыць над усёю зямлёю Егіпецкаю. Але сэрца ягонае сумелася, бо ён ня верыў ім.
і паведамілі яму: «Язэп жыве, і ён валадарыць над ўсёй Эгіпецкай зямлёю!» Але ў яго сэрца заставалася халодным, бо ён не паверыў ім.
А калі яны пераказалі яму словы Язэпа, якія ён казаў ім, і калі ўбачыў калясьніцы, якія прыслаў Язэп, каб везьці яго, тады ажыў дух Якава, бацькі іхняга,
Тады пераказалі яму ўсе словы, якія сказаў Язэп. І калі ўбачыў ён вазы і ўсё, што на прывозку яго прыслаў (Язэп), аджыў дух яго,
і сказаў Ізраіль: досыць, яшчэ жывы сын мой Язэп; пайду і ўбачу яго, пакуль не памру.
і ён сказаў: «Хопіць мне, калі яшчэ жыве Язэп, сын мой. Пайду і пабачу яго, перш чым памру».