Быццё 46 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
І выправіўся Ізраіль з усім, што ў яго было, і прыйшоў у Вірсавію, і прынёс ахвяры Богу бацькі свайго Ісаака.
І выбраўся Ізраэль з усім, што меў, і прыбыў у Бээр-Шэбу, і склаў ахвяру Богу бацькі свайго Ізаака.
І сказаў Бог Ізраілю ва ўяве начной: Якаве! Якаве! Ён сказаў: вось я.
І пачуў, як Бог клікаў яго ў начной зьяве: «Якубе, Якубе!» Ён адказаў: «Вось я!»
Бог сказаў: Я Бог, Бог бацькі твайго; ня бойся ісьці ў Егіпет, бо там павяду ад цябе народ вялікі;
І сказаў Ён яму: «Я — Бог, Бог бацькі твайго. Ня бойся перабірацца ў Эгіпет, бо вялікім народам зраблю Я цябе там.
Я пайду з табою ў Егіпет, я і выведу цябе назад; Язэп сваёю рукою закрые вочы твае.
Я пайду разам з табой туды і адтуль выведу цябе назад, а Язэп заплюшчыць вочы твае».
Якаў выправіўся зь Вірсавіі; і павезьлі сыны Ізраілевыя Якава, бацьку свайго і дзяцей сваіх і жонак сваіх на калясьніцах, якія паслаў фараон, каб прывезьці яго.
І рушыў далей Якуб з Бээр-Шэбы. І везьлі яго сыны зь дзецьмі і жонкамі сваімі на вазах, каторыя прыслаў фараон на прывозку старога,
І ўзялі яны быдла сваё і маёмасьць сваю, якую набылі ў зямлі Ханаанскай, і прыйшлі ў Егіпет, — Якаў і ўвесь род ягоны зь ім.
а таксама ўсё, што мелі ў зямлі Ханаан. І прыбылі яны ў Эгіпет, Якуб і ўсё патомства ягонае,
Сыноў сваіх і ўнукаў сваіх з сабою, дачок сваіх і ўнучак сваіх і ўвесь род свой прывёў ён з сабою ў Егіпет.
сыны яго і ўнукі, дочкі і ўсё патомства.
Вось імёны сыноў Ізраілевых, якія прыйшлі ў Егіпет: Якаў і сыны ягоныя. Першынец Якава Рувім.
Такія вось імёны сыноў Ізраэля, каторыя прыйшлі ў Эгіпет, Якуб зь дзецьмі сваімі: Першародны Рубэн.
Сыны Рувімавыя: Ханох і Фалу, Хецрон і Хармі.
Сыны Рубэна: Генох і Пальлю, Хецрон і Кармі.
Сыны Сымона: Емуіл і Ямін, і Агад і Яхін, і Цахар і Саўл, сын Хананэйкі.
Сыны Сымона: Емуэль, Ямін, Огад, Яхін, Цахар і Шаўль, сын Хананейкі.
Сыны Левія: Гірсон, Кааф і Мэрары.
Сыны Левія: Гершон, Кегат і Мэрары.
Сыны Юдавыя: Ір і Анан, і Шэла і Фарэс і Зара; але Ір і Анан памерлі ў зямлі Ханаанскай. Сыны Фарэсавыя былі: Эсром і Хамул.
Сыны Юды: Гэр, Анан, Шэля, Пэрэс і Зэрах. Але Гэр і Анан памерлі ў Ханаане. Сыны Пэрэса: Хецрон і Хамуль.
Сыны Ісахаравыя: Тола і Фува, Ёў і Шымрон.
Сыны Ісахара: Тола, Пува, Яшуб і Шымрон.
Сыны Завулонавыя: Сэрэд і Элон і Яхлэіл.
Сыны Забулёна: Сэрэд, Элён і Яхлэль.
Гэта сыны Ліі, якіх яна нарадзіла Якаву ў Месапатаміі, і Дзіну, дачку ягоную. Усіх душ сыноў ягоных і дачок ягоных трыццаць тры.
Гэта ёсьць патомкі гэтых сыноў Якуба, каторых, падобна як дачку Дзіну, нарадзіла яму Лія ў Паддан-Араме. Усіх гэтых асобаў, сыноў яго і дочак, было трыццаць тры.
Сыны Гадавыя: Цыфіён і Хагі, Шуні і Эцбон, Эры і Ароды і Арэлі.
Сыны Гада: Цэфон і Хагі, Шуні і Эцбон, Эры, Арод і Арэлі.
Сыны Асіравыя: Імна і Ішва, і Ішві і Брыя, і Сэрах, сястра іхняя. Сыны Брыі: Хэвэ і Малхііл.
Сыны Асэра: Імна, Ішва, Ішві, Бэрыя і іхняя сястра імем Сэрах. А сыны Бэрыі: Гебэр і Мальхіэль.
Гэта сыны Зэлфы, якую Лаван даў Ліі, дачцэ сваёй: яна нарадзіла іх Якаву шаснаццаць душ.
Гэта ёсьць патомкі сыноў Зільпы, каторую даў Лябан дачцы сваёй Ліі, і каторая нарадзіла іх Якубу, усяго шаснаццаць асобаў.
Сыны Рахілі, жонкі Якава: Язэп і Веньямін.
Сыны Рахелі, жонкі Якуба: Язэп і Бэн'ямін.
І нарадзіліся ў Язэпа ў зямлі Егіпецкай Манасія і Яфрэм, якіх нарадзіла яму Асэнэта, дачка Потыфэра, жраца Она.
Язэпу нарадзіліся ў Эгіпце сыны, каторых нарадзіла на сьвет Асэнат, дачка сьвятара Патыфэра: Манаса і Эфраім.
Сыны Веньяміна: Бэла і Бэхер і Ашбэл; Гера і Нааман, Эхі і Рош, Муіпім і Хупім і Ард.
Сыны Бэн'яміна: Бэла і Бэхэр, Ашбэль, Гера, Нааман, Эхі, Рош, Мупім, Хупім і Ард.
Гэта сыны Рахілі, якія нарадзіліся ў Якава, усяго чатырнаццаць душ.
Гэта ёсьць патомкі сыноў Рахелі, каторыя нарадзіліся Якубу. Усіх чатырнаццаць асобаў.
Сын Данаў: Хушым.
Сын Дана: Хушым.
Сыны Нэфталімавыя: Яхцэіл і Гуні, Ецэр і Шылэм.
Сыны Нэфталі: Яхсээль, Гуні, Ецэр і Шылем.
Гэта сыны Валы, якую даў Лаван дачцэ сваёй Рахілі; яна і нарадзіла іх Якаву ўсяго сем душ.
Гэта ёсьць патомкі сыноў Більгі, каторую даў Лябан Рахелі, сваёй дачцэ, і каторая нарадзіла іх Якубу. Усіх сем асобаў.
Усіх душ, што прыйшлі зь Якавам у Егіпет, якія выйшлі са сьцёгнаў ягоных, апрача жонак сыноў Якаўлевых, усяго шэсьцьдзясят шэсьць душ.
Усіх, каторыя прыбылі зь Якубам у Эгіпет, а каторыя выйшлі зь яго паясьніцы, было агулам, апроч жонак сыноў Якуба, шэсьцьдзесят шэсьць.
Сыноў Язэпа, якія нарадзіліся ў Егіпце, дзьве душы. Усіх душ дома Якаўлевага, што перайшлі ў Егіпет, семдзесят пяць.
Сыноў жа Язэпа, каторыя яму нарадзіліся ў Эгіпце, было двух. Усіх таму членаў сям'і Якуба, каторыя прыбылі ў Эгіпет, было семдзесят.
Юду паслаў ён перад сабою да Язэпа, каб ён паказваў дарогу ў Гесэм. І прыйшлі ў зямлю Гесэм.
І выслаў ён Юду перад сабой да Язэпа, каб мог ён яго выперадзіць у Гашэне перад іх прыбыцьцём.
Язэп запрог калясьніцу сваю і выехаў насустрач Ізраілю, бацьку свайму, у Гесэм, і, убачыўшы яго, упаў на шыю яму, і доўга плакаў на шыі ў яго.
А калі яны прыйшлі ў зямлю Гашэн, Язэп загадаў запрэгчы калясьніцу сваю і выехаў на спатканьне Ізраэля, бацькі свайго, у Гашэн. І калі ўбачыў яго, кінуўся яму на шыю і доўга плакаў на ягонай шыі.
І сказаў Ізраіль Язэпу: памру я цяпер, убачыўшы аблічча тваё; бо ты яшчэ жывы.
І сказаў Ізраэль Язэпу: «Цяпер магу ўжо паміраць, бо ўбачыў цябе, што ты яшчэ жывеш!»
І сказаў Язэп братам сваім і дому бацькі свайго: я пайду, паведамлю фараону і скажу яму: браты мае і дом бацькі майго, якія былі ў зямлі Ханаанскай, прыйшлі да мяне;
А Язэп сказаў братам і ўсёй сям'і бацькі свайго: «Пайду і паведамлю фараону, і скажу яму: «Браты мае і сям'я бацькі майго, каторыя пражывалі ў зямлі Ханаан, прыбылі да мяне.
гэтыя людзі пастухі авечак, бо скатаводы яны; і дробнае і буйное быдла сваё, і ўсё, што ў іх, прывялі яны.
Яны пастухі авечак і займаюцца гадаваньнем жывёлы; жывёлу буйную і ўсё, што маглі мець, прывялі з сабою».
Калі фараон пакліча вас і скажа: які занятак ваш?
Калі пакліча ён вас і запытае: «Чым вы займаецеся?»
дык вы скажэце: мы, рабы твае, уласьнікамі статкаў былі з маладосьці нашай да сёньня, і мы і бацькі нашыя, — каб вас пасялілі ў зямлі Гесэм. Бо гідотны Егіпцянам усякі пастух авечы.
Вы адкажаце: «Мы, слугі твае, пастухі ад дзяцінства і аж да цяперашняга часу, і мы, і бацькі нашыя». Гэта вось скажаце, каб маглі жыць у зямлі Гашэн, бо брыдзяцца Эгіпцяне пастухамі авечак».