Быццё 50 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
Язэп прыпаў да аблічча бацькі свайго, і цалаваў яго.
І Язэп прыпаў да твару бацькі, і плакаў, і цалаваў яго.
І загадаў Язэп слугам сваім — урачам, бальзамаваць бацьку яго; і ўрачы набальзамавалі Ізраіля.
І загадаў слугам сваім, лекарам, каб забальсамавалі яго бацьку.
І споўнілася яму сорак дзён, бо столькі дзён патрабуецца на бальзамаваньне, і аплаквалі яго Егіпцяне семдзесят дзён.
І прайшло сорак дзён, пакуль яны споўнілі загад, бо столькі дзён было патрэбна на бальсамаваньне памёршага. І аплаквалі яго жыхары Эгіпту семдзесят дзён.
А калі мінуліся дні плачу па ім, Язэп сказаў прыдворным фараона, кажучы: калі я здабыў упадабаньне ў вачах вашых, дык скажэце фараону так:
Па заканчэньні часу жалобы Язэп прамовіў да сям'і фараона: «Калі я знайшоў ласку ў вас, скажыце фараону так:
бацька мой загадаў мне, сказаўшы: вось, я паміраю; у магіле маёй, якую я выкапаў сабе ў зямлі Ханаанскай, там пахавай мяне. І цяпер я хацеў бы пайсьці і пахаваць бацьку майго і вярнуцца.
Бацька запрысяг мяне, кажучы: «Вось я паміраю; у магіле маёй, якую я выкапаў сабе ў зямлі Ханаан, пахавай мяне». Дык я вось цяпер пахаваю бацьку свайго і вярнуся».
І сказаў фараон: ідзі і пахавай бацьку твайго, як ён загадаў табе.
Фараон сказаў яму: «Ідзі і пахавай бацьку свайго, як прысягнуў яму».
І пайшоў Язэп хаваць бацьку свайго. І пайшлі зь ім усе слугі фараона, старэйшыны дома ягонага і ўсе старэйшыны зямлі Егіпецкай,
І калі Язэп ішоў хаваць бацьку свайго, пайшлі зь ім усе слугі фараона, старэйшыя дому ягонага, усе магнаты зямлі Эгіпецкай,
і ўвесь дом Язэпа, і браты яго, і дом бацькі ягонага. Толькі дзяцей сваіх і дробнае і буйное быдла сваё пакінулі ў зямлі Гесэм.
сям'я Язэпа зь яго братамі, за выключэньнем дзяцей і стадаў, якія засталіся ў зямлі Гашэн.
Зь ім выправіліся таксама калясьніцы і вершнікі, так што гурт быў вельмі вялікі.
Пайшлі зь ім такжа вазы і коньнікі, творачы немалую дружыну.
І дайшлі яны да Гарэн-гаатада каля Ярдана і плакалі там плачам вялікім і вельмі моцным; і ўчыніў Язэп жалобу па бацьку сваім сем дзён.
А калі прыбылі ў Гарэн-Гаатад, што ляжыць на другім баку Ярдану, там адправілі лямант і жалобныя з плачам вялікім, трываючы сем дзён.
І бачылі жыхары зямлі той, Хананэі, плач у Гарэн-гаатадзе, і сказалі: вялікі плач гэты ў Егіпцян! Таму дадзена імя мясьціне той: плач Егіпцян, што каля Ярдана.
Калі гэта ўбачылі жыхары Ханаану, казалі: «Гэта вялікая жалоба Эгіпцянаў», і дзеля таго названа тое месца Абэль-Міцраім.
І зрабілі сыны Якава зь ім, як ён наказаў ім;
І зрабілі сыны Якуба так, як ім ён загадаў.
і занесьлі яго сыны ў зямлю Ханаанскую і пахавалі яго ў пячоры на полі Махпэла, якую купіў Абрагам з полем ва ўласнасьць на пахаваньне Эфрона Хэтэяніна, каля Мамрэ.
І занесьлі яго ў зямлю Ханаан, і пахавалі яго ў пячоры Махпэля, якую купіў Абрагам разам з полем на ўласнасьць на хаваньне ад Эфрона Гетыта, насупраць Мамрэ.
І вярнуўся Язэп у Егіпет, сам і браты ягоныя, і ўсе, хто хадзіў зь ім хаваць бацьку ягонага, пасьля пахаваньня ім бацькі свайго.
Пахаваўшы бацьку, вярнуўся Язэп у Эгіпет з братамі сваімі і з усёй дружынай.
І ўбачылі браты Язэпавыя, што памёр бацька іхні, і сказалі: што, калі Язэп зьненавідзіць нас і захоча адпомсьціць нам за ўсё ліха, якое мы яму зрабілі?
Па сьмерці бацькі Якуба, браты Язэпа баяліся і казалі паміж сабой: «Ён, памятаючы на крыўду, якую перацярпеў, можа адпомсьціцца на нас за тое, што яму зрабілі».
І паслалі яны сказаць Язэпу: бацька твой перад сьмерцю сваёю наказваў, кажучы:
І перадалі яму: «Бацька твой загадаў нам перад сьмерцяй,
так скажэце Язэпу: даруй братам тваім віну і грэх іхні, бо яны зрабілі табе благое. І сёньня даруй правіны рабоў Бога бацькі твайго. Язэп плакаў, калі яму казалі гэта.
каб мы табе ягонымі словамі сказалі: «Прашу, забудзь пра злачынства братоў сваіх, і грэх, і злосьць, якой дапусьціліся адносна цябе». Мы таксама просім, каб зь мірам Бога бацькі твайго дараваў нам Язэп гэтую ліхасьць». Выслухаўшы іх, Язэп заплакаў.
Прыйшлі і самыя браты ягоныя, і ўпалі перад абліччам ягоным, і сказалі: вось, мы рабы табе.
І прыйшлі да яго браты ягоныя і, упаўшы перад ім, казалі: «Слугі мы твае».
І сказаў Язэп: ня бойцеся, бо я баюся Бога;
Ён ім адказаў: «Ня бойцеся. Ці ж можам працівіцца волі Божай!
вось, вы намышлялі супроць мяне благое; але Бог абярнуў гэта на дабро, каб зрабіць тое, што цяпер ёсьць: захаваць жыцьцё вялікай колькасьці людзей;
Вы задумалі для мяне блага, а Бог перамяніў на дабро, каб узвысіць мяне, як цяпер бачыце, і каб уратаваў я многія народы.
дык вось, ня бойцеся: я буду карміць вас і дзяцей вашых. І супакоіў іх і гаварыў у сэрцы ім.
Не палохайцеся: я кармлю вас і вашых дзяцей». І пацешыў ён іх, ласкава і зычліва гаворачы зь імі.
І жыў Язэп у Егіпце сам і дом бацькі ягонага; а жыў Язэп усяго сто дзесяць гадоў.
І жыў ён у Эгіпце з усёй сям'ёй бацькі свайго, і пражыў сто дзесяць гадоў,
І бачыў Язэп дзяцей у Яфрэма да трэцяга роду, таксама і сыны Махіра, сына Манасіінага, радзіліся на калені Язэпу.
і бачыў сыноў Эфраіма аж да трэцяга пакаленьня. Таксама дзеці Махіра, сына Манасы, нарадзіліся на каленях Язэпа.
І сказаў Язэп братам сваім: я паміраю; але Бог наведае вас і выведзе вас зь зямлі гэтай у зямлю, пра якую прысягаўся Абрагаму, Ісааку і Якаву.
І сказаў Язэп братам сваім: «Калі я памру, Бог пашкадуе вас і выведзе з гэтай зямлі ў зямлю, каторую запрысяг Абрагаму, Ізааку і Якубу».
І запрысягнуў Язэп сыноў Ізраілевых, кажучы: Бог наведае вас, і вынесяце косьці мае адгэтуль.
І забавязаў ён сыноў Ізраэля прысягай, што споўняць гэткае даручэньне: «Калі Бог акажа вам ласку, забярыцё з сабой мае косьці з гэтага месца».
І памёр Язэп у сто дзесяць гадоў. І набальзамавалі яго і паклалі ў каўчэг у Егіпце.
І памёр Язэп, маючы сто дзесяць гадоў. І забальсамавалі цела яго, і паклалі ў труну ў Эгіпце.