Быццё 6 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
Калі людзі пачалі множыцца на зямлі і радзіліся ў іх дочкі,
Калі людзі пачалі множыцца на зямлі, радзіліся ім дочкі.
тады сыны Божыя ўбачылі дачок чалавечых, што яны прыгожыя, і бралі іх сабе за жонак, хто якую выбраў.
А сыны Божыя, бачачы, што дочкі чалавечыя прыгожыя, бралі сабе за жонак усіх, якія ім толькі падабаліся.
І сказаў Гасподзь Бог: ня вечна Духу Майму быць пагарджаным людзьмі, бо яны плоць; хай будуць дні іхнія сто дваццаць гадоў.
І сказаў Бог: «Ня вечна прабываць Духу Майму ў чалавеку, бо ён — цела. Ён будзе жыць сто дваццаць гадоў».
У той час былі на зямлі волаты, асабліва з таго часу, як сыны Божыя пачалі ўваходзіць да дачок людзкіх, яны пачалі нараджаць ім: гэта дужыя, спакон славутыя людзі.
У тых часах на зямлі жылі вялікалюды, а таксама пазьней, калі сыны Божыя сталі хадзіць да дачок чалавечых і тыя ім радзілі; былі гэта волаты, каторыя мелі славу ў тых даўніх часох.
І ўбачыў Гасподзь Бог, што вялікая разбэшчанасьць людзей на зямлі, і што ўсе думкі і помыслы сэрца іхняга былі ва ўсе часы ліхія;
Госпад, бачучы вялікую разбэшчанасьць людзей на зямлі, і што ўсе іхнія думкі сэрца накіраваныя ўвесь час да зла,
і пашкадаваў Гасподзь, што стварыў чалавека на зямлі, і засмуціўся ў сэрцы Сваім.
шкадаваў, што стварыў чалавека на зямлі. І, крануты болем сэрца, вырашыў:
І сказаў Гасподзь: вынішчу з улоньня зямлі людзей, якіх Я стварыў, ад чалавека да быдла, і гадаў і птушак нябесных вынішчу; бо Я пашкадаваў, што стварыў іх.
«Сатру вось чалавека, каторага стварыў, з паверху зямлі, ад чалавека да жывёлы, аж да паўзуна, аж да птушкі паднебнай. Шкадую вось, што стварыў іх».
А Ной здабыў мілату прад вачыма Госпада Бога.
Толькі Ной знайшоў ласку ў Госпада.
Вось жыцьцё Ноевае: Ной быў чалавек праведны і беззаганны ў родзе сваім; Ной хадзіў прад Богам.
Вось такія дзеі Ноя. Ной, чалавек справядлівы і беззаганны ў родзе сваім, жыў у баязьні Божай.
Ной спарадзіў трох сыноў: Сіма, Хама і Яфэта.
Ён меў трох сыноў: Сэма, Хама і Яфэта.
Але зямля разбэсьцілася прад абліччам Божым і напоўнілася зямля злачынствамі.
І сапсутая была зямля на віду Бога і перапоўнена ліхотаю.
І паглядзеў Гасподзь Бог на зямлю, і вось, яна разбэшчаная: бо ўсякая плоць скрывіла дарогу сваю на зямлі.
І ўбачыў Бог, што зямля сапсутая, бо вось усякае цела скрывіла дарогу сваю на зямлі.
І сказаў Гасподзь Бог Ною: канец усякай плоці прыйшоў прад аблічча Маё, бо зямля напоўнілася ад іх зладзействамі; і вось, я вынішчу іх зь зямлі.
І сказаў Ён Ною: «Вырашыў Я прынесьці канец усім людзям, бо зямля поўная ліхоцьця адносна Мяне, і вось Я сатру іх зь зямлі.
Зрабі сабе каўчэг з дрэва гофэр; адсекі зрабі ў каўчэзе і прасмалі яго смалою ўсярэдзіне і звонку.
Зрабі сабе каўчэг з дрэва жывічнага; зрабі ў каўчэгу перагародкі і пацягні яго смалой звонку і з нутра.
І зрабі яго так: даўжыня каўчэга трыста локцяў; шырыня яго пяцьдзясят локцяў, а вышыня яго трыццаць локцяў.
Вось так маеш яго зрабіць: трыста локцяў даўжыня каўчэга, пяцьдзесят локцяў шырыня яго і трыццаць локцяў вышыня ягоная.
І зрабі адтуліну ў каўчэзе, і ў локаць зьвядзі яе ўгары, і дзьверы ў каўчэг зрабі збоку яго; зладзь у ім ніжняе, другое і трэцяе жытло.
Зрабі вакно ў каўчэгу, і высокасьць яго на локаць падымі. Уваход у каўчэг зробіш збоку; у ім зрабі перагароды: споднюю, сярэднюю і вышэйшую.
І вось, Я навяду на зямлю патоп водны, каб вынішчыць усякую плоць, у якой ёсьць дух жыцьця, пад нябёсамі: усё, што ёсьць на зямлі, пазбудзецца жыцьця.
Я ўзьвяду на зямлю патоп, каб зьнішчыць усё жывое, у якім ёсьць зародак жыцьця пад небам; усё, што існуе на зямлі, — прападзе.
Але з табою Я станаўлю запавет Мой, і ўвойдзеш у каўчэг ты і сыны твае, і жонка твая і жонкі сыноў тваіх з табою.
І заключу Я з табою запавет, дык увайдзі ў каўчэг ты і сыны твае, жонка твая і жонкі сыноў тваіх з табою.
Увядзі таксама ў каўчэг з усіх жывёл, і ад кожнае плоці па пары, каб яны засталіся з табою жывыя; мужчынскага полу і жаночага хай яны будуць.
З усіх жывуноў (вазьмі) па пары ў каўчэг, каб жылі з табою, мужчынскага роду і жаночага, самца і самку, каб ацалелі разам з табою ад гібелі.
З птушак паводле роду іхняга, і з быдла паводле роду іхняга, і з усіх паўзуноў зямных паводле роду іхняга, з усіх па пары ўвойдуць да цябе, каб засталіся жывыя.
З кожнага гатунку птушак, з жывёлы паводле гатунку свайго ды з усіх паўзуноў паводле роду свайго, з усіх па пары хай ўвойдуць да цябе, каб засталіся жывымі.
А ты вазьмі сабе ўсякай ежы, якою кормяцца, і зьбяры да сябе; і будзе яна табе і ім ежаю.
А ты вазьмі сабе ўсякай ежы, якою яны кормяцца, і зьбяры яе да сябе; і будзе яна табе, як і для іх, на корм».
І зрабіў Ной усё: як наказаў яму Гасподзь Бог, так ён і зрабіў.
І Ной зрабіў усё, што загадаў яму Госпад зрабіць.