Быццё 7 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І сказаў Гасподзь Бог Ною: увайдзі ты і ўся сям’я твая ў каўчэг, бо цябе Я ўбачыў праведным прад Мною ў родзе гэтым;
 
Пасьля сказаў Госпад Ною: «Увайдзі ты з усёю сям'ёй у каўчэг; бо пераканаўся Я, што толькі ты справядлівы ў сваім пакаленьні перада Мною.

і ўсякага быдла чыстага вазьмі па сем, мужчынскага полу і жаночага, а з быдла нячыстага па два, мужчынскага полу і жаночага;
 
З усіх зьвяроў чыстых вазьмі з сабою сем самцоў і сем самкаў, са зьвяроў нячыстых па адной пары: самца і самку;

таксама і з птушак нябесных чыстых па сем, мужчынскага полу і жаночага, каб захаваць племя на ўсю зямлю:
 
таксама з птушак — па сем самцоў і па сем самкаў, каб такім чынам зьберагчы іх патомства для ўсёй зямлі.

бо празь сем дзён Я буду выліваць дождж на зямлю сорак дзён і сорак ночаў; і вынішчу ўсё існае, што Я стварыў, з улоньня зямлі.
 
Бо вось па сямі днях Я спушчу дождж на зямлю, які будзе ісьці сорак дзён і сорак начэй, каб зьнішчыць усё, што існуе, з паверху зямлі, усё, што Я стварыў».

Ной зрабіў усё, што Гасподзь Бог наказаў яму.
 
І споўніў Ной усё, што загадаў яму Госпад.

А Ною было шэсьцьсот гадоў, як патоп водны прыйшоў на зямлю.
 
Ной меў шэсьцьсот гадоў, калі воды патопу нахлынулі на зямлю.

І ўвайшоў Ной і сыны ягоныя, і жонка яго і жонкі сыноў ягоных зь ім у каўчэг ад водаў патопу.
 
І ўвайшоў у каўчэг Ной з сынамі, з жонкаю і з жонкамі сыноў сваіх, каб ухавацца ад водаў патопу.

і з быдла чыстага і з усіх паўзуноў зямных
 
Са зьвяроў чыстых і нячыстых, з птушак і са зьвяроў палявых

па пары, мужчынскага полу і жаночага, увайшлі да Ноя ў каўчэг, як Гасподзь Бог наказаў Ною.
 
па двое, самец і самка, увайшлі да Ноя ў каўчэг, так, як яму Бог загадаў.

Празь сем дзён воды патопу прыйшлі на зямлю.
 
Калі мінула сем дзён, воды патопу нахлынулі на зямлю.

На шасьцісотым годзе жыцьця Ноевага, на другім месяцы, на сямнаццаты дзень месяца, у гэты дзень адчыніліся ўсе крыніцы вялікай бездані, і вокны нябесныя адчыніліся;
 
У шэсьцьсотым годзе жыцьця Ноя, у другім месяцы году, сямнаццатага дня месяца, у гэты дзень выбіліся ўсе жаролы Вялікага Бяздоньня і вокны нябесныя адкрыліся,

і ліў на зямлю дождж сорак дзён і сорак ночаў.
 
і ліўся на зямлю дождж сорак дзён і сорак начэй.

У гэты самы дзень увайшоў у каўчэг Ной, і Сім, Хам і Яфэт, сыны Ноевыя, і жонка Ноева, і тры жонкі сыноў ягоных зь імі.
 
У той вось дзень Ной, поруч яго сыны: Сэм, Хам і Яфэт, жонка Ноя і тры жонкі сыноў ягоных увайшлі ў каўчэг.

Яны, і ўся жывёла паводле роду іхняга, і ўсякае быдла паводле роду яго, і ўсе гады, паўзуны па зямлі, паводле роду іхняга, і ўсё лётнае паводле роду ягонага, усе птушкі, усе крылатыя.
 
А разам зь імі ўсе гатункі зьвяроў, жывёлаў, зьвяроў палявых і ўсякія паўзуны, што рухаюцца па зямлі, усякія птушкі паводле свайго гатунку, усе птушкі і ўсе крылатыя,

І ўвайшлі да Ноя ў каўчэг па пары ад усякай плоці, у якой ёсьць дух жыцьця;
 
увайшлі па пары, самец і самка, з кожнага цела, у каторым быў зародак жыцьця, у каўчэг да Ноя.

і тыя, што ўвайшлі, мужчынскі і жаночы пол усякай плоці ўвайшлі, як наказаў яму Гасподзь Бог. І зачыніў Гасподзь за ім.
 
Калі ўжо ўвайшлі ў каўчэг самец і самка з усякага цела, як Бог загадаў Ною, Госпад зачыніў каўчэг знадворку.

І доўжылася на зямлі паводка сорак дзён, і памножылася вада і падняўся каўчэг, і ён узвысіўся над зямлёю;
 
А патоп трываў на зямлі сорак дзён, і разьліліся воды, і паднялі каўчэг над зямлёю.

а вада мацнела і вельмі множылася на зямлі, і каўчэг плаваў па паверхні водаў.
 
Воды раптоўна падымаліся і закрылі паверх зямлі, а каўчэг плаваў па водах.

І ўзмацнела вада на зямлі незвычайна, так што пакрыліся ўсе высокія горы, якія ёсьць пад усім небам:
 
Воды падняліся высока над зямлёю, так, што пакрылі ўсе высокія горы пад усім небам.

на пятнаццаць локцяў паднялася над імі вада, і пакрыліся горы.
 
Воды падняліся на пятнаццаць локцяў вышэй гор, каторыя пакрылі.

І зьнежыцьцёвела ўсякая плоць, якая рухаецца па зямлі, і птушкі і быдла, і зьвяры і ўсе гады, якія поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі;
 
Усё жывое, якое рухалася па зямлі, птушкі, жывёлы, зьвяры і ўсе паўзуны, якія поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі — пагінулі.

усё, што мела дыханьне духу жыцьця ў ноздрах сваіх на сушы, памерла.
 
Усе жывуны, каторыя мелі зародак жыцьця на зямлі, — пагінулі.

Зьнішчылася кожная істота, якая была на паверхні; ад чалавека да быдла, і гадаў і птушак нябесных, усё зьнішчылася зь зямлі: застаўся толькі Ной, і што было зь ім у каўчэзе.
 
І зьнішчыў Бог усё жывое, што існавала на зямлі, ад чалавека аж да жывёлы, аж да паўзуна і ажно да птушак паднебных; усё было зьнесена зь зямлі. Застаўся толькі Ной і каторыя былі зь ім у каўчэгу.

А вада мацнела на зямлі сто пяцьдзясят дзён.
 
І воды ахлынялі зямлю сто пяцьдзесят дзён.