Быццё 8 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І ўспомніў Бог пра Ноя, і пра ўсю жывёлу, і пра ўсё быдла, якія былі зь ім у каўчэзе; і навёў Бог вецер на зямлю, і воды спыніліся.
 
І ўспомніў Бог пра Ноя і пра ўсіх жывуноў, і пра ўсе жывёлы, каторыя былі зь ім у каўчэгу, і павеяў вецер на зямлю, і зьменшыліся воды.

І зачыніліся крыніцы бездані і вокны нябесныя, і перастаў дождж зь неба.
 
І закрыліся крыніцы Бяздоньня і вокны нябесныя, і былі спынены дажджы зь неба.

А вада спакваля вярталася зь зямлі, і пачала ўбываць вада праз сто пяцьдзясят дзён.
 
І варочаліся воды зь зямлі, сьцякаючы і сплываючы, і пачалі памяншацца па ста пяцідзесяці днях.

І спыніўся каўчэг на сёмым месяцы, на сямнаццаты дзень месяца, на гарах Арарацкіх.
 
У сёмы месяц, сямнаццатага дня месяца, затрымаўся каўчэг на гары Арарат.

Вада спакваля ўбывала да дзясятага месяца; у першы дзень дзясятага месяца паказаліся вярхі гор.
 
Але воды плылі і спадалі аж да дзесятага месяца; бо дзесятага месяца, у першы дзень месяца, паказаліся вярхі гораў.

Праз сорак дзён Ной адчыніў зробленае ім акно ў каўчэзе
 
Калі мінула сорак дзён, Ной, адчыніўшы вакно каўчэгу, каторае зрабіў, выпусьціў крука.

і выпусьціў крумкача, які, вылецеўшы, адлятаў і прылятаў, пакуль не абсохла зямля ад вады.
 
Ён вылятаў і варочаўся, пакуль ня высахла вада на зямлі.

Потым выпусьціў ад сябе голуба, каб бачыць, ці сышла вада з улоньня зямлі;
 
Выпусьціў ён таксама галубку, каб пераканацца, ці спалі ўжо воды з паверху зямлі.

але голуб не знайшоў месца спакою нагам сваім і вярнуўся да яго ў каўчэг; бо вада была яшчэ на паверхні ўсёй зямлі; і ён працягнуў руку сваю, і ўзяў яго, і прыняў да сябе ў каўчэг.
 
Яна, не знайшоўшы месца для ног, дзе магла б супачыць, вярнулася да яго ў каўчэг; воды бо пакрывалі яшчэ ўсю зямлю. Ной выцягнуў руку і схапіў яе, і забраў у каўчэг.

І патрываў яшчэ сем дзён і зноў выпусьціў голуба з каўчэга.
 
Пачакаўшы яшчэ сем дзён, зноў выпусьціў галубку з каўчэгу.

Голуб вярнуўся да яго вечаровай парою, і вось, сьвежы аліўкавы ліст у дзюбе ў яго: і Ной даведаўся, што вада сышла зь зямлі.
 
А вось яна вярнулася пад вечар, несучы ў дзюбе аліўкавую галінку зь зялёнымі лісткамі. І зразумеў Ной, што сплылі ўжо воды зь зямлі.

Ён патрываў яшчэ сем дзён далей і выпусьціў голуба; і ён ужо не вярнуўся да яго.
 
А ўсё ж такі, прачакаўшы сем іншых дзён, выпусьціў галубку, каторая не вярнулася ўжо да яго.

На шэсьцьсот першым годзе пад першы дзень першага месяца счэзла вада на зямлі; і адкрыў Ной дах каўчэга і паглядзеў, і вось, абсохла паверхня зямлі.
 
У шэсьцьсот першым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца воды на зямлі павысыхалі. І Ной, адкрыўшы дах каўчэгу і глянуўшы, убачыў, што ўжо абсох паверх зямлі.

І на другім месяцы, да дваццаць сёмага дня месяца, зямля высахла.
 
У другім месяцы, у дваццаць сёмы дзень месяца зямля зусім высахла.

І сказаў Бог Ною:
 
І сказаў Бог Ною:

выйдзі з каўчэга ты і жонка твая, і сыны твае і жонкі сыноў тваіх з табою;
 
«Выходзьце з каўчэгу: ты і жонка твая, сыны твае і жонкі сыноў тваіх разам з табой.

выведзі з сабою ўсе жывёлы, якія з табою, ад усякае плоці, з птушак, і быдла, і ўсіх гадаў, якія поўзаюць па зямлі: хай разыдуцца яны па зямлі, і хай плодзяцца і множацца на зямлі.
 
Усе жывуны, каторыя разам з табою з кожнага цела, як зь лятаючых, так і з жывёлаў і з усіх паўзуноў, каторыя рухаюцца па зямлі, хай плодзяцца і размнажаюцца на ёй».

І выйшаў Ной і сыны яго, і жонка яго і жонкі сыноў ягоных зь ім;
 
Дык выйшаў Ной і сыны яго, і жонка ягоная, і жонкі сыноў ягоных разам зь ім.

усе жывёлы, і ўсе гады, і ўсе птушкі, усё, што рухаецца па зямлі, паводле родаў сваіх, выйшлі з каўчэга.
 
Разам усе жывуны, жывёлы, птушкі і паўзуны, каторыя рухаюцца па зямлі, паводле роду свайго павыходзілі ўсе чыста з каўчэгу.

І зладзіў Ной ахвярнік Госпаду; і ўзяў з усякага быдла чыстага і з усіх птушак чыстых і прынёс на цэласпаленьне на ахвярнік.
 
І збудаваў Ной ахвярнік Госпаду і, узяўшы з усіх жывёлін чыстых і птушак чыстых, склаў іх у ахвяру цэлапаленьня на ахвярніку.

І нюхаў Гасподзь прыемныя пахошчы, і сказаў Гасподзь у сэрцы Сваім: ня буду больш праклінаць зямлю за чалавека, бо намысел сэрца чалавечага — зло ад маладосьці ягонай; і ня буду болей пабіваць усё жывое, як Я зрабіў:
 
Калі Госпад пачуў мілы пах, сказаў у сэрцы Сваім: «Ніколі больш ня буду праклінаць зямлю з-за людзей, бо настаўленьне сэрца чалавечага схільным ёсьць да зла ад юнацтва ягонага. Дык ужо болей ня буду нішчыць тых, хто мае душу жывую, як гэта зрабіў.

наперад ва ўсе дні зямлі сяўба і жніво, холад і сьпёка, лета і зіма, дзень і ноч ня спыняцца.
 
Ва ўсе дні зямлі ня спыняцца сяўба і жніво, холад і сьпякота, лета і зіма, дзень і ноч».