Ёва 20 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І адказваў Сатар Нааміцянін і сказаў:
 

развагі мае змушаюць мяне адказаць, і я сьпяшаюся выказаць іх.
 

Дакор ганебны мне выслухаў я, і дух разуменьня майго адкажа за мяне.
 

Хіба ня ведаеш ты, што спрадвеку, — з таго часу, як пастаўлены чалавек на зямлі,
 

весялосьць беззаконных кароткая ў часе, і радасьць крывадушнікаў імгненная?
 

Хоць бы вырасла да нябёсаў веліч ягоная, і галава ягоная дастала да воблакаў, —
 

як памёт ягоны, навекі прападае ён; тыя, што бачылі яго, скажуць, дзе ён?
 

Як сон, адляціць, і ня знойдуць яго; і, як начны відзеж, зьнікне.
 

Вока, якое бачыла яго, больш не пабачыць яго, і ўжо ня ўгледзіць яго месца ягонае.
 

Сыны яго будуць шукаць ласкі ў жабракоў, і рукі ягоныя вернуць украдзенае ім.
 

Косткі яго напоўнены грахамі маладосьці ягонай, і зь ім лягуць яны ў пыл.
 

Калі салодкае ў роце яго зло і ён тоіць яго пад языком сваім,
 

беражэ і ня кідае яго, а трымае яго ў вуснах, —
 

дык гэтая ежа ягоная ў нутробе ягонай ператворыцца ў жоўць асьпідаў усярэдзіне ў яго.
 

Маёмасьць, якую ён глытаў, выблюе: Бог вырве яго з чэрава ягонага.
 

Зьмяіны яд ён смокча; усьмерціць яго язык зьмяіны.
 

Ня бачыць яму ручаёў, рэк, якія плывуць мёдам і малаком!
 

Нажытае працай верне, не праглыне; у меру маёмасьці ягонай будзе і адплата ягоная, а ён не парадуецца.
 

Бо ён прыгнятаў, адсылаў бедных, захопліваў дамы, якіх не будаваў;
 

ня ведаў сытасьці ў чэраве сваім і ў прагнасьці сваёй не шкадаваў нічога.
 

Нішто не ўратавалася ад ненаеднасьці ягонай, затое ня вытрывае шчасьце ягонае.
 

У поўніцы багацьця будзе цесна яму; рука кожнага пакрыўджанага падымецца на яго.
 

Калі будзе чым напоўніць нутробу ягоную, Ён пашле на яго лютасьць гневу Свайго і здожджыць на яго хваробы ў плоці ягонай.
 

Як уцячэ ён ад зброі жалезнай, — пратне яго лук медны;
 

пачне вымаць стралу, — і яна выйдзе зь цела, выйдзе, зьзяючы праз жоўць ягоную; жахі сьмерці прыйдуць на яго!
 

Усё змрочнае схавана ўсярэдзіне ў яго; будзе пажыраць яго агонь, нікім не разьдзіманы; ліха напаткае і ўсё, што засталося ў намёце ягоным.
 

Неба адкрые беззаконьне ягонае, і зямля паўстане супроць яго.
 

Зьнікне сьцягнутае з дома ягонага; усё расплывецца ў дзень гневу Яго.
 

Вось доля чалавеку беззаконнаму ад Бога і спадчына, вызначаная яму Ўсеўладным!