Псалтыр 143 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Давідава супроць Галіяфа. Дабраславёны Гасподзь, цьвярдыня мая, які навучае рукі мае да бою і пальцы мае — да вайны,
 

літасьць мая і аслона мая, сховішча маё і Збаўца мой, шчыт мой, — і я на Яго спадзяюся; Ён мой народ мне паддае.
 

Госпадзе! што ёсьць чалавек, што пра яго Ты ведаеш, і сын чалавечы, як на яго зважаеш?
 

Чалавек падобны да дыханьня; дні ягоныя — як цень мінушчы.
 

Госпадзе! Нахілі нябёсы Твае, і сыдзі; дакраніся да гор, і задымяцца;
 

блісьні маланкаю, і расьсей іх; пусьці стрэлы Твае, і разладзь іх.
 

Працягні з вышыні руку Тваю, збаві мяне і ўратуй ад водаў вялікіх, ад рукі сыноў чужынскіх,
 

чые вусны маўляюць марнае, і чыя правіца — правіца маны.
 

Божа! новую песьню Табе засьпяваю, на дзесяціструннай псалтыры Табе засьпяваю,
 

даравальніку перамогі царам і збаўцу Давіда, раба Твайго, ад лютага меча.
 

Збаві мяне і ўратуй мяне ад рукі сыноў чужынскіх, чые вусны маўляюць марнае, і чыя правіца — правіца маны.
 

Хай будуць сыны нашыя, як расьліны збуялыя ў іх маладосьці; дочкі нашыя — як слупы на акрасу разьбёныя ў харомах.
 

Хай будуць засекі нашыя поўныя, поўныя ўсякім збожжам, хай плодзяцца авечкі нашыя тысячамі і цьмамі на палетках нашых;
 

хай будуць валы нашыя сытыя; хай ня будзе ні крадзяжу, ні пропадзі, ні енку на вуліцах нашых.
 

Дабрашчасны народ, які гэта мае. Дабрашчасны народ, у якога Гасподзь ёсьць Бог.