Псалтыр 148 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Алілуя. Хвалеце Госпада зь нябёсаў, хвалеце Яго ў вышынях.
 

Хвалеце Яго, усе анёлы Ягоныя, хвалеце Яго, усе войскі Ягоныя.
 

Хвалеце Яго, сонца і месяц, хвалеце Яго, усе зоркі сьвету.
 

Хвалеце Яго, нябёсы нябёсаў і воды, якія вышэй за неба.
 

Хай хваляць імя Госпада, бо Ён сказаў — і сталася, Ён загадаў, і стварылася,
 

паставіў іх на векі вечныя; даў наказ, які не праміне.
 

Хвалеце Госпада зь зямлі, вялікія рыбы і ўсе прадоньні,
 

вагонь і град, сьнег і туман, буйны вецер, які напаўняе слова Ягонае,
 

горы і ўсе пагоркі, дрэвы плодныя і ўсе кедры,
 

зьвяры і ўсякае быдла, паўзуны і птушкі крылатыя,
 

цары зямныя і ўсе народы, князі і ўсе судзьдзі зямныя,
 

хлопцы і дзяўчаты, старцы і падлеткі
 

хай хваляць імя Госпада; бо толькі Ягонае імя высока ўзьнесена, слава Ягоная на зямлі і на нябёсах.
 

Ён падняў рог народу Свайго, славу ўсіх сьвятых Сваіх, сыноў Ізраілевых, народу, блізкага Яму. Алілуя.