Выслоўяў Саламонавых 12 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Хто любіць настаўленьне, той любіць веды; а хто ненавідзіць засьцярогі, той невук.
 

Добры здабывае ласку ў Госпада; а чалавека падступнага Ён асудзіць.
 

Ня сьцьвердзіць сябе чалавек беззаконьнем; а корань праведнікаў непахісны.
 

Дабрачынная жонка — вянок мужу свайму; а ганебная — як гнілізна ў касьцях у яго.
 

Помыслы праведных — праўда, а намыслы бязбожных — падступнасьць.
 

Словы бязбожных — засада на кроў, а вусны праведных ратуюць іх.
 

Як кранецца бязбожных няшчасьце — і няма іх, а дом праведных стаіць.
 

Хваляць чалавека паводле меры розуму ягонага, а распусны сэрцам будзе ў пагардзе.
 

Лепей быць простым, але мець працу, чым быць ганарыстым, але ня мець хлеба.
 

Праведны дбае і пра жыцьцё быдла свайго, а сэрца бязбожных жорсткае.
 

Хто ўрабляе зямлю сваю, насыціцца хлебам; а хто ідзе па сьлядах гультаёў, той розумам бедны.
 

Бязбожны хоча злавіць яго ў сетку зла; а корань праведных цьвёрды.
 

Бязбожны ловіцца грахамі вуснаў сваіх; а праведны выйдзе зь бяды.
 

Ад плоду вуснаў сваіх чалавек насычаецца дабром, і плата чалавеку — паводле дзеяў рук ягоных.
 

Дарога немысьля простая ў вачах ягоных; а хто слухае рады, той мудры.
 

У немысьля адразу выяўляецца гнеў ягоны, а разумны тоіць абразу.
 

Хто кажа тое, што ведае, той кажа праўду: а ў сьведкі ілжывага — ашуканства.
 

Сёй-той пустаслоў б’е як мечам, а язык мудрых — ацаляе.
 

Вусны праўдзівыя вечна жывуць, а ілжывы язык — хвіліну.
 

Хітрына — у сэрцы ў зламысьнікаў, радасьць — у міратворцаў.
 

Ня станецца праведніку ніякага ліха, а бязбожныя будуць напоўнены злом.
 

Агіда Госпаду — вусны ілжывыя, а хто гаворыць праўду, даспадобы Яму.
 

Чалавек разважлівы ўтойвае веды, а сэрца немысьляў выказвае дурасьць.
 

Рука руплівая здабудзе ўладу, а гультайская пад данінай будзе.
 

Смутак на сэрцы падаўляе чалавека, а добрае слова разьвесяляе яго.
 

Праведнік паказвае блізкаму свайму дарогу, а дарога бязбожных уводзіць іх у згубу.
 

Гультай ня смажыць сваёй дзічыны; а чалавек руплівы мецьме каштоўны набытак.
 

На дарозе праўды — жыцьцё, і на сьцежцы яе няма сьмерці.