Выслоўяў Саламонавых 18 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
Сваволі шукае прымхлівы, паўстае супроць усяго разумнага.
Неразумны ня любіць думаць, а толькі паказаць бы свой розум.
З прыходам бязбожнага прыходзіць і пагарда, а з вартым пагарды — ганьба.
Слова з вуснаў чалавечых — глыбокія воды; крыніца мудрасьці — бруісты паток.
Нядобра быць ласкавым зь бязбожным, каб абвергнуць праведнага ў судзе.
Вусны бязглуздага цягнуць у незлагадзь, а словы яго выклікаюць бойку.
Язык бязглуздага — пагібель яму, а вусны яго — сетка на душу ягоную.
Словы нагаворшчыка — як прысмакі, і яны гладка ўваходзяць у нутро чалавека.
Нядбалы ў працы сваёй — брат марнатраўцы.
Імя Госпада — моцная вежа: убягае ў яе праведнік, і ў бясьпецы.
Маёмасьць багатага — як моцны горад ягоны, і высокім мурам здаецца яму.
Перад падзеньнем узносіцца сэрца чалавека, а сьціпласьць ідзе наперадзе славы.
Хто дае адказ, ня выслухаўшы, той неразумны і брыдка яму.
Дух чалавека пераносіць яго немачы; а прыгнечаны дух — хто можа ўмацаваць яго.
Сэрца разумнага набывае веды, і вуха мудрых шукае ведаў.
Дарунак дае чалавеку прастору і да вяльможаў давядзе яго.
Першы ў цяжбіне сваёй мае рацыю, але прыходзіць супернік ягоны і паняверыць яе.
Жэрабя спыняе спрэчкі і вырашае паміж моцнымі.
Азлоблены брат няпрыступнейшы за моцны горад, і свары падобныя на замкі замка.
Ад плоду вуснаў чалавека напаўняецца чэрава ягонае; вытворамі вуснаў сваіх ён насычаецца.
Сьмерць і жыцьцё — ва ўладзе языка, і хто любіць яго, скаштуе ад плоду яго.
Хто знайшоў жонку, той знайшоў дабро і атрымаў мілату ад Госпада.
З мальбою гаворыць убогі, а багаты адказвае груба.
Хто хоча мець сяброў, той і сам павінен быць прыязны; і бывае сябар больш прыязны за брата.