Выслоўяў Саламонавых 19 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Лепш бедны, які ходзіць у сваёй нявіннасьці, чым зь ілжывымі вуснамі, і пры гэтым неразумны.
 

Нядобра душы бязь ведаў, і хто сьпяшаецца нагамі, спатыкаецца.
 

Неразумнасьць чалавека скрыўляе дарогу, а сэрца ягонае гневаецца на Госпада.
 

Багацьце памнажае сяброў, а беднага пакідае і сябар ягоны.
 

Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня, і хто гаворыць няпраўду, не ўратуецца.
 

Многія дагаджаюць заможным; і кожны — сябар чалавеку, які не шкадуе гасьцінцаў.
 

Беднага ненавідзяць усе браты ягоныя, тым болей прыяцелі ягоныя адпадаюць ад яго; гоніцца за словам парады, а іх і на гэта няма.
 

Хто набіраецца розуму, той любіць душу сваю; хто пільнуецца разумнасьці, знаходзіць дабро.
 

Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня; і хто гаворыць няпраўду, загіне.
 

Ня прыстоіць неразумнаму раскоша, тым болей рабу панаваньне над князямі.
 

Здаровы розум робіць чалавека павольным на гнеў, а слава ягоная — паблажлівым да неразважлівых учынкаў.
 

Гнеў цара — як рык ільва, а ласка ягоная — як раса на траву.
 

Неразумны сын — пагібель бацьку ягонаму, а сварлівая жонка — сьцёкавая рына.
 

Дом і маёмасьць — спадчына ад бацькоў, а разумная жонка — ад Госпада.
 

Гультайства наганяе дрымоту, і нядбайная душа будзе галадаць.
 

Захавальнік запаведзі захоўвае душу сваю, а хто ня дбае пра шяхі свае — загіне.
 

Міласэрны да беднага пазычае Госпаду; і Ён аддасьць яму за дабрачынства ягонае.
 

Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і не абурайся крыкам ягоным.
 

Чалавек вялікага гневу нясе пакараньне; бо, калі пашкадуеш яго, давядзецца табе яшчэ больш караць яго.
 

Слухайся рады і прымай кару, каб зрабіцца табе пасьля мудрым.
 

Шмат задумаў у сэрцы ў чалавека, але збудзецца толькі задуманае Госпадам.
 

Радасьць чалавеку — дабрачыннасьць ягоная, і бедны чалавек лепшы, чым хлусьлівы.
 

Страх Гасподні вядзе да жыцьця, і хто мае яго, заўсёды будзе задаволены, і ліха не спасьцігне яго.
 

Гультай апускае руку сваю ў чару, і ня хоча данесьці яе да вуснаў сваіх.
 

Калі ты пакараеш блюзьнера, дык і просты зробіцца разумным; і калі засьцеражэш разумнага, дык ён зразумее настаўленьне.
 

Хто бацьку руйнуе і выганяе маці — сын бессаромны і ганебны.
 

Перастань, сыне мой, слухаць угаворы ўхіліцца ад голасу розуму.
 

Падступны сьведка зьдзекуецца з праўды, і вусны бязбожных глытаюць няпраўду.
 

На блюзьнераў гатовыя суды, і ўдары — на цела дурных.