Выслоўяў Саламонавых 26 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Як сьнег летам і дождж у жніва, так гонар не пасуе неразумнаму.
 

Як верабей пырхне, калі ластаўка паляціць, так незаслужаны праклён ня збудзецца.
 

Плётка каню, аброць аслу, а кій немысьлю.
 

Не адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб і ты не прыпадобніўся яму;
 

а адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб ён не зрабіўся мудрацом у вачах сваіх.
 

Падцінае сабе ногі, робіць шкоду сабе той, хто пасылае наказ празь немысьля.
 

Як віхляюцца ногі ў кульгавага, так і выслоўе на вуснах у неразумнага.
 

Што ўкладваць каштоўны камень у прашчу, так і аддаваць пашану дурному.
 

Што калючы бадзяк у руцэ ў п’янага, тое і выслоўе на вуснах у неразумнага.
 

Дужы робіць усё адвольна: і неразумнага ўзнагароджвае, і кожнага праходжага ўзнагароджвае.
 

Як сабака вяртаецца да ванітаў сваіх, так дурны паўтарае глупствы свае.
 

Калі ты бачыш чалавека, які сам сябе мудрым лічыць, — дык на дурнога болей надзеі, чым на яго.
 

Гультай кажа: «леў на дарозе! леў на дварэ!»
 

Дзьверы паварочваюцца на завесах сваіх, а гультай на ложку сваім.
 

Гультай апускае руку сваю да міскі, ды яму цяжка падняць яе да рота свайго.
 

Гультай у вачах сваіх мудрэйшы за семярых, што адказваюць разумна.
 

Хапае сабаку за вушы той, хто, праходзячы міма, лезе ў чужую спрэчку.
 

Як той, хто прыкідваецца вар’ятам, кідае агонь, стрэлы і сьмерць,
 

так — чалавек, які падступна шкодзіць сябру свайму і потым кажа: «я толькі пажартаваў».
 

Дзе няма болей дроў, агонь патухае; і дзе няма нагаворшчыка, разлад аціхае.
 

Вугаль — на жар, дровы — на распал свары.
 

Словы нагаворшчыка — як прысмакі, і яны ўваходзяць у нутро жывата.
 

Як нячыстым срэбрам абкладзены гліняны посуд, так і палымяныя вусны і сэрца ліхое.
 

Вуснамі сваімі прыкідваецца вораг, а ў сэрцы сваім намышляе ліхое.
 

Калі ён гаворыць і пяшчотным голасам, ня вер яму; бо сем мярзотаў у сэрцы ў яго.
 

Хто нянавісьць прыкрывае на самоце, злосьць таго адкрыецца ў народным сходзе.
 

Хто капае яму, той упадзе ў яе; і хто пакоціць угору камень, да таго ён вернецца.
 

Хлусьлівы язык ненавідзіць тых, каго ён параніў, і лісьлівыя вусны рыхтуюць падзеньне.