Ісаі 52 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Паўстань, паўстань, апраніся ў сілу тваю, Сіёне! Апраніся ў строі велічы тваёй, Ерусаліме, горадзе сьвяты! бо ня будзе болей уваходзіць у цябе неабрэзаны і нячысты.
 

Абтрасі зь сябе пыл; устань, палонны Ерусаліме! здымі ланцугі з шыі тваёй, паланёная дачка Сіёна!
 

Бо так кажа Гасподзь: за нішто былі вы прададзены, і бяз срэбра адкуплены будзеце;
 

бо так кажа Гасподзь: народ Мой хадзіў раней у Егіпет, каб там пажыць, і Асур уціскаў яго нізавошта.
 

І цяпер што ў Мяне тут? кажа Гасподзь, — народ Мой узяты дарам, уладары іхнія шалеюць, кажа Гасподзь, і ўвесь час, кожны дзень імя Маё няславіцца.
 

Таму народ Мой уведае імя Маё; таму ўведае ў той дзень, што Я той самы, Які сказаў: вось Я!
 

Якія прыгожыя на горах ногі дабравесьніка, што абвяшчае мір, зьвястуе радасьць, прапаведуе збавеньне, кажа Сіёну: «зацараваў Бог твой!»
 

Голас вартаўнікоў тваіх — яны ўзвысілі голас, і ўсе разам радуюцца, бо на свае вочы бачаць, што Гасподзь вяртаецца ў Сіён.
 

Радуйцеся, сьпявайце разам, руіны Ерусаліма, бо суцешыў Гасподзь народ Свой — адкупіў Ерусалім.
 

Агаліў Гасподзь сьвятую сілу Сваю на вачах усіх народаў, — і ўсе канцы зямлі ўбачаць збавеньне Бога нашага.
 

Ідзеце, ідзеце, выходзьце адтуль: не дакранайцеся да нячыстага; выходзьце з асяродзьдзя ягонага, ачысьціце сябе, носьбіты сасудаў Гасподніх!
 

бо вы выйдзеце не пасьпешліва, і не пабяжыце; бо паперадзе ў вас пойдзе Гасподзь, і Бог Ізраілеў будзе вартаю за вамі.
 

Вось, раб мой будзе ўсьцешаны посьпехам, узвысіцца і ўзьнясецца і ўзьвялічыцца.
 

Як многія дзіву даваліся, гледзячы на Цябе, — так было зьнявечана больш за ўсякага чалавека аблічча Яго, і выгляд Ягоны больш за сыноў чалавечых!
 

Так многія народы прывядзе Ён да подзіву; цары затуляць перад Ім вусны свае, бо яны ўбачаць тое, пра што ня было казана ім, і даведаюцца пра тое, чаго ня чулі.