Лявіт 17 разьдзел
Лявіт
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
Далей сказаў Госпад Майсею:
абвясьці Аарону і сынам ягоным і ўсім сынам Ізраілевым і скажы ім: вось, што загадвае Гасподзь:
«Абвясьці Аарону, і сынам яго, і ўсім сынам Ізраэля і скажы ім: Такі вось загад даў Госпад:
калі хто з дома Ізраілевага заколе цяля альбо авечку альбо казу ў табары, альбо калі хто заколе па-за табарам
Калі хто з дому Ізраэля заб'е бычка, або авечку, або казу ў межах табару або па-за табарам
і не прывядзе да ўваходу ў скінію сходу, каб явіць у ахвяру Госпаду перад селішчам Гасподнім, дык чалавеку таму залічана будзе кроў; ён праліў кроў, і зьнішчыцца чалавек той з народу свайго;
і не прынясе іх да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы ў ахвяру Госпаду перад скініяй Госпада, будзе вінен крыві. Ён праліў кроў і будзе вынішчаны спасярод народу свайго.
гэта дзеля таго, каб прыводзілі сыны Ізраілевыя ахвяры свае, якія яны колюць на полі, каб прыводзілі іх прад Госпадам да ўваходу ў скінію сходу, да сьвятара, і калолі іх Госпаду ў ахвяры мірныя;
Дзеля таго сыны Ізраэля будуць прыводзіць ахвяры свае, каторыя дасюль складалі ў полі, да Госпада да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы, да сьвятара, і будуць складаць іх як ахвяры прымірэньня для Госпада.
і пакропіць сьвятар крывёю на ахвярнік Гасподні каля ўваходу ў скінію сходу і спаліць тлушч дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду,
І пакрапіць сьвятар крывёй ахвярнік Госпада пры ўваходзе ў Палатку Сустрэчы, а тлушч спаліць на мілы пах Госпаду.
каб яны наперад ня прыносілі ахвяраў сваіх ідалам, за якімі аблудна ходзяць яны. Гэта хай будзе ім пастановаю вечнаю ў роды іхнія.
Ужо ня будуць складаць ахвяраў дэманам, з каторымі распусьнічалі. Гэта будзе ім пастанова вечная для пакаленьняў іх.
Яшчэ скажы ім: калі хто з дому Ізраілевага і з прыхадняў, што жывуць сярод вас, прыносіць цэласпаленьне альбо ахвяру
Далей скажаш ім: Калі хто з дому Ізраэля або з прыбыльцаў, каторыя жывуць сярод вас, складае ахвяру цэлапаленьня або іншую
і не прывядзе да ўваходу ў скінію сходу, каб учыніць яе Госпаду, дык зьнішчыцца той чалавек з народу свайго.
і не прывядзе яе да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы, каб ахвяраваць Госпаду, то будзе чалавек той выключаны з народу свайго.
Калі хто з дому Ізраілевага і з прыхадняў, што жывуць сярод вас, будзе есьці якую-небудзь кроў, дык павярну аблічча Маё на душу таго, хто будзе есьці кроў, і зьнішчу яе з народу яе,
Калі хто з дому Ізраэля або спасярод прыбыльцаў, каторыя пражываюць сярод вас, еў бы кроў, Я скірую аблічча Маё супраць такога чалавека ды вынішчу яго спаміж народу яго.
бо душа цела ў крыві, і прызначыў яе вам для ахвярніка, каб ачышчаць душы вашыя, бо кроў гэтая душу ачышчае;
Бо жыцьцё цела ў крыві, і Я даў яе вам, каб на ахвярніку ачышчалі ёю душы вашыя, бо кроў гэтая ачышчае душу.
таму Я і сказаў сынам Ізраілевым: ніводная душа з вас не павінна есьці крыві, і прыхадзень, які жыве сярод вас, не павінен есьці крыві.
Дзеля таго даў Я загад сынам Ізраэля: Ніхто з вас ня будзе спажываць крыві. Таксама і прыбылец, каторы пасяліўся сярод вас, ня будзе спажываць крыві.
Калі хто з сыноў Ізраілевых і з прыхадняў, што жывуць сярод вас, на ловах зловіць зьвера альбо птушку, якую можна есьці, дык ён павінен даць выцячы крыві яе і пакрыць яе зямлёю,
Калі хто з сыноў Ізраэля або з прыбыльцаў, каторыя пасяліліся сярод вас, зловіць дзікага зьвяра або птушку, якіх можна есьці, хай вылье зь іх кроў і закрые яе зямлёю.
бо душа ўсякага цела ёсьць кроў ягоная, яна душа ягоная; таму Я сказаў сынам Ізраілевым: ня ежце крыві ні зь якога цела, бо душа ўсякага цела ёсьць кроў ягоная: кожны, хто будзе есьці яе, зьнішчыцца.
Жыцьцё бо кожнага цела ў крыві ягонай; таму даў Я загад сынам Ізраэля: Не спажывайце крыві ніводнага цела, бо душа кожнага цела ў ягонай крыві. Кожны, хто будзе спажываць яе, загіне.
І кожны, хто будзе есьці мёртвае альбо разадранае зьверам, тубылец альбо прыхадзень, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара, а потым будзе чысты;
Кожны тутэйшы або прыбылец, каторы еў бы мяса падліны або разарванае жывёлы, хай памые адзеньне і вымыецца ў вадзе, і будзе ён нячысты да вечара, а пасьля станецца чыстым.
а калі ня вымые і не абмые цела свайго, дык панясе на сабе беззаконьне сваё.
Калі ж хто не памые адзеньня ані цела свайго, будзе насіць правіну сваю».