Лявіт 19 разьдзел
Лявіт
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
Далей казаў Госпад Майсею:
абвясьці ўсяму супольству сыноў Ізраілевых і скажы ім: сьвятыя будзьце, бо сьвяты Я Гасподзь, Бог ваш.
«Гавары ўсёй супольнасьці сыноў Ізраэля і кажы ім: Будзьце сьвятымі, бо сьвяты Я, Госпад, Бог ваш.
Бойцеся кожны маці сваёй і бацькі свайго і суботы Мае шануйце. Я Гасподзь, Бог ваш.
Хай кожны паважае матку і бацьку свайго. Сьвяткуйце суботы Мае. Я — Госпад, Бог ваш!
Не зьвяртайцеся да ідалаў і багоў літых не рабеце сабе. Я Гасподзь, Бог ваш.
Не зьвяртайцеся да ідалаў і не вылівайце сабе багоў з мэталю. Я — Госпад, Бог ваш!
Калі будзеце прыносіць Госпаду ахвяру мірную, дык прыносьце яе, каб здабыць сабе ўпадабаньне:
Калі будзеце складаць Госпаду ахвяру прымірэньня, дык складайце так, каб была яна Яму прыемнай.
у дзень ахвярапрынашэньня вашага і на другі дзень трэба есьці яе, а што засталася на трэці дзень, трэба спаліць на агні;
Будзеце есьці яе ў сам дзень ахвяры вашай ды ў наступны дзень. Тое, што застанецца на трэці дзень, будзе спалена агнём.
а калі хто пачне есьці яе на трэці дзень, гэта агідна, гэта ня будзе спажыўна;
Калі хто гэта будзе есьці на трэці дзень, паганым гэта будзе і ня будзе прыемным (Госпаду).
хто пачне есьці яе, той панясе на сабе грэх, бо ён апаганіў сьвятыню Гасподнюю, і зьнішчыцца душа тая з народу свайго.
Хто будзе яе есьці, правініцца, бо спаганіў сьвятасьць Госпада, і зьнішчана будзе душа тая спасярод народу свайго.
Калі будзеце жаць жніво на зямлі вашай, не дажынай да краю поля твайго, і астаткаў ад жніва твайго не падбірай,
Калі будзеце жаць збожжа зямлі вашай, не выжынай аж да канца поля ды не зьбірай застаўшыхся каласоў.
і вінаградніка твайго не абірай дачыста, і апалых ягад у вінаградніку не падбірай; пакінь гэта беднаму і прыхадню. Я Гасподзь, Бог ваш.
Не абірай вінаградніка твайго да рэшты і пападаўшых ягадаў у вінаградніку не падбірай; пакінь гэта бедным і прыбыльцам. Я — Госпад, Бог ваш!
Ня крадзьце, не манеце і не ашуквайце адзін аднаго.
Не крадзіце і не хлусьце. Не ашуквайце адзін аднаго.
Не прысягайце імем Маім у хлусьні, і не зьневажай імя Бога твайго. Я Гасподзь.
Не прысягайце на імя Маё, і не зьневажай імя Бога твайго. Я — Госпад!
Ня крыўдзі блізкага твайго і не рабуй. Плата найміту не павінна заставацца ў цябе да раніцы.
Не прыгнятай бліжняга твайго і ня крыўдзі яго. І хай не застаецца ў цябе плата найміта аж да раніцы.
Не ліхаслові глухога і перад сьляпым не кладзі нічога, каб спатыкнуўся ён; бойся Бога твайго. Я Гасподзь.
Не праклінай глухога ды перад сьляпым не кладзі перашкоды, але бойся Бога твайго. Я — Госпад!
Не рабеце няпраўды на судзе; ня будзь дагодлівы ўбогаму і не дагаджай вялікаму; па праўдзе судзі блізкага твайго.
Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе. Не пагарджай бедным і не патурай багатаму. Справядліва судзі бліжняга свайго.
Не хадзі пераносчыкам ілжы ў народзе тваім і не паўставай на жыцьцё блізкага твайго. Я Гасподзь.
Ня будзь паклёпнікам і пляткаром у сваім народзе. Не цікуй на кроў бліжняга свайго. Я — Госпад!
Не варагуй з братам тваім у сэрцы тваім; гавары шчыра зь блізкім тваім, інакш панясеш грэх за яго.
Ня мей у сэрцы сваім нянавісьці да брата свайго; дакарай яго і ня будзеш мець грэху з прычыны яго.
Ня помсьці і ня май намыслу на сыноў народу твайго, любі блізкага твайго, як самога сябе. Я Гасподзь.
Ня помсьці ды ня гневайся на сыноў народу свайго. Любі бліжняга свайго як самога сябе. Я — Госпад!
Статуты Мае шануйце; быдла твайго ня зводзь зь іншаю пародаю; поля твайго не засявай двума родамі насеньня; у вопратку з рознародных нітак, з воўны і лёну, не апранайся.
Спаўняй законы Мае. Жывёлы тваёй не лучы з жывёлай другой пароды; поля свайго не засявай двума гатункамі насеньня. Не апранай адзеньня з двух матэрыялаў.
Калі хто перасьпіць з жанчынаю, а яна рабыня, заручаная з мужам, але яшчэ ня выкупленая, альбо воля яшчэ ня дадзена ёй, дык трэба пакараць іх, але ня сьмерцю, бо яна ня вольная;
Калі хто ўвойдзе да жанчыны, выліваючы насеньне, а яна ёсьць нявольніцай, прызначанай для іншага мужа, але яшчэ ня выкуплена і не надзелена свабодай, абодва будуць пакараныя, але не карай сьмерцю, бо не была яна свабоднай.
хай прывядзе ён Госпаду да ўваходу ў скінію сходу ахвяру павіннасьці, барана ў ахвяру павіннасьці сваёй;
Дзеля таго складзе ён ахвяру Госпаду ля дзьвярэй Палаткі Сустрэчы за грэх свой, барана ў ахвяру аднагараджэньня.
і ачысьціць яго сьвятар бараном павіннасьці перад Госпадам ад грэху, якім ён зграшыў, і дараваны яму будзе грэх, якім ён зграшыў.
І ачысьціць яго сьвятар бараном ахвяры аднагараджэньня ад грэху ягонага перад Госпадам, і будзе адпушчаны яму грэх, якім саграшыў.
Калі прыйдзеце ў зямлю і пасадзіце якое-небудзь плоднае дрэва, дык плады яго лічэце за неабрэзаныя: тры гады трэба лічыць іх за неабрэзаныя, нельга есьці іх;
Калі прыйдзеце вы ў зямлю і пасадзіце дрэвы пладовыя ўсякіх гатункаў, будзеце ўважаць іхнія плады за неабрэзаныя; тры гады будуць яны для вас нячыстыя як неабрэзаныя, і нельга іх есьці.
а на чацьвёрты год усе плады яго павінны быць прысьвечаны на сьвяткаваньні Гасподнія;
У чацьвёртым годзе ўсе іхнія плады будуць пасьвечаны як дар для Госпада.
а на пяты год вы можаце есьці плады яго і зьбіраць сабе ўсе ўтворы яго. Я Гасподзь, Бог ваш.
У пяты год будзеце есьці плады іхнія, каб павялічыўся для вас ураджай зь іх. Я — Госпад, Бог ваш!
Ня ежце з крывёю; не варажэце і не чаруйце.
Ня ешце нічога з крывёй. Не варажыце і не займайцеся чарамі.
Ня стрыжэце галавы вашай вакол, і ня псуй краёў барады тваёй.
Не стрыжы валасоў кругом галавы, і не калечце край барады сваёй.
Дзеля памерлага не рабеце нарэзаў на целе вашым і не наколвайце на сябе знакаў. Я Гасподзь.
Не рабіце нарэзы на целе вашым на знак жалобы па памершых ды не накалывайце (надпісы) на скуры. Я — Госпад!
Не апаганьвай дачкі тваёй, дапускаючы яе да распусты, каб не распусьнічала зямля, і не напоўнілася зямля распустаю.
Не выдавай на ганьбу дачкі сваёй, робячы зь яе распусьніцу, каб не апаганілася зямля і не напоўнілася распустай.
Суботы Мае шануйце і сьвятыню Маю шануйце. Я Гасподзь.
Сьвяткуйце Мае суботы і паважайце Маё сьвятое месца. Я — Госпад!
Не зьвяртайцеся да закліначоў мёртвых, і да чарадзеяў не хадзеце, і не даводзьце сябе да апаганьваньня імі. Я Гасподзь, Бог ваш.
Не зьвяртайцеся да выклікаючых духі памершых ані да варажбітоў, каб у іх раіцца, каб празь іх не апаганіліся. Я — Госпад, Бог ваш!
Перад абліччам сівога ўставай і шануй аблічча старца, і бойся Бога твайго. Я Гасподзь.
Перад сівой галавой устань, і шануй старога ды бойся Бога твайго. Я — Госпад.
Калі паселіцца прыхадзень у зямлі вашай, ня ўціскайце яго:
Калі ў вашай зямлі паселіцца чужынец, ня крыўдзі яго,
прыхадзень, які пасяліўся ў вас, хай будзе вам тое самае, што і тубылец ваш; любі яго, як сябе; бо і вы былі прыхаднямі ў зямлі Егіпецкай. Я Гасподзь, Бог ваш.
але хай будзе ён пасярод вас як тутэйшы, і любі яго як самога сябе, бо і вы былі чужынцамі ў зямлі Эгіпецкай. Я — Госпад, Бог ваш!
Не рабеце няпраўды ў судзе, у меры, у вазе і ў вымярэньні:
Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе, у меры ды ў вагах.
хай будуць у вас вагі правільныя, эфа правільная і гін правільны. Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай.
Будзеце мець вагі справядлівыя, справядлівую эфу і справядлівы гін. Я — Госпад, Бог ваш, Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай.
Кіруйцеся ўсімі статутамі Маімі і выконвайце іх. Я Гасподзь.
І вы будзеце захоўваць усе прыказаньні Мае і ўсе пастановы Мае, і выконваць іх. Я — Госпад».