Лікі 18 разьдзел
Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
І сказаў Гасподзь Аарону: ты і сыны твае і дом бацькі твайго з табою панесяце на сабе грэх за нядбальства ў сьвятыні; і ты і сыны твае з табою панесяце на сабе грэх за няўпраўнасьць у сьвятарстве вашым.
Дык сказаў тады Госпад Аарону: «Ты і сыны твае, і дом бацькі твайго з табой будзеце адказныя за праступкі, дапушчаныя ў Скініі. Ты і сыны твае будзеце адказныя за грахі вашага сьвятарства.
Гэтак сама і братоў тваіх, племя Лявіінага, род бацькі твайго, вазьмі сабе: няхай яны будуць пры табе і служаць табе, а ты і сыны твае з табою будзеце пры скініі адкрыцьця;
Вазьмі сабе таксама братоў тваіх, пакаленьне Левія, племя бацькі твайго, хай будуць яны пры табе і дапамагаюць табе; а ты і сыны твае з табою будзеце пры Палатцы Сустрэчы.
няхай яны правяць службу табе і службу ва ўсёй скініі; толькі каб не падыходзілі да рэчаў сьвятыні і да ахвярніка, каб не памерці і ім і вам.
Хай рупяцца яны пра тое, што патрэбнае для цябе і для Скініі. Але да сьвятых рэчаў і да ахвярніка ня могуць яны прыступацца, каб не памерлі і яны, і вы разам зь імі.
Няхай яны будуць пры табе і правяць службу ў скініі сходу, усю працу ў скініі; а староньні не павінен набліжацца да вас.
Хай будуць яны пры табе і хай рупяцца пра ўсё адносна Палаткі Сустрэчы, пра ўсю службу ў Скініі. Але ніводзін чужынец ня можа набліжацца да вас.
Так чынеце службу ў сьвяцілішчы і каля ахвярніка, каб ня было больш гневу на сыноў Ізраілевых;
Вы рупцеся пра абслугу Скініі ды пра абслугу ахвярніка, каб не ўзгарэўся зноў гнеў на сыноў Ізраэля.
бо братоў вашых, лявітаў, Я ўзяў з сыноў Ізраілевых і даў іх вам, у дарунак Госпаду, дзеля ўчыненьня службы пры скініі сходу;
Вось жа ўзяў Я братоў вашых, левітаў, спасярод сыноў Ізраэля і даў іх як дар Госпаду, каб спаўнялі службу ў Палатцы Сустрэчы.
і ты і сыны твае з табою захоўвайце сьвятарства вашае ва ўсім, што належыць ахвярніку, і што ўсярэдзіне за заслонаю, і служэце; Я даю вам у дарунак службу сьвятарства, а староньні, які возьмецца, аддадзены будзе сьмерці.
І ты і сыны твае беражыце сьвятарства вашае і ўсё, што належыць да абслугі ахвярніка і месца за заслонай. Даю Я вам дар службы сьвятарства, а хто чужы прыступіцца, пакараны будзе сьмерцю».
І сказаў Гасподзь Аарону: вось, Я даручаю табе сачыць за паднашэньнямі Мне; з усяго, што пасьвячаецца сынамі Ізраілевымі, Я дам табе і сынам тваім, дзеля сьвятарства вашага, статутам вечным;
Далей казаў Госпад Аарону: «Я даручаю табе нагляд за дарамі Маімі. Усе дары, каторыя пасьвячаюцца сынамі Ізраэля, Я перадаю табе і сынам тваім за служэньне сьвятарскае як закон вечны.
вось, што належыць табе са сьвятыняў вялікіх, з таго, што паліцца: любое прынашэньне іхняе хлебнае, і ўсякая ахвяра іхняя за грэх, і кожная іхняя ахвяра за віну, што яны прынясуць Мне; гэта вялікая сьвятыня табе і сынам тваім.
З дароў найсьвяцейшых, за выключэньнем тога, што будзе спалена, возьмеш сабе кожны дар і ахвяру за грэх, ахвяру зь яды і ахвяру аднагараджэньня, якія Мне прыносяць; як рэчы найсьвяцейшыя будуць яны належаць табе і сынам тваім.
На самым сьвятым месцы ежце гэта; усе мужчынскага полу могуць есьці; гэта сьвятыняю і будзе табе.
У месцы найсьвяцейшым будзеш іх есьці; толькі мужчыны могуць есьці гэта, бо гэта сьвятыня для цябе.
І вось, што табе з паднесеных дароў іхніх: усе паднашэньні сыноў Ізраілевых Я даў табе і сынам тваім і дочкам тваім з табою, статутам вечным; усякі чысты ў доме тваім можа есьці гэта.
Дары ахвярныя, патрасаныя парад Госпадам, якія складаюць сыны Ізраэля, Я даю табе, і сынам тваім, і дочкам тваім як закон вечны; кожны чысты ў доме тваім хай спажывае іх.
Усё найлепшае з алею і ўсё найлепшае зь вінаграду і хлеба, пачаткі іх, якія яны даюць Госпаду, Я аддаў табе;
Табе Я даю ўсё, што найлепшае з алею, усё, што найлепшае зь віна і збожжа, каторае сыны Ізраэля прыносяць Госпаду як першыя плады.
усе першыя ўтворы зямлі іхняй, першыя яны прынясуць Госпаду, хай будуць твае; кожны чысты ў доме тваім можа есьці гэта.
І пяршыны, каторыя яны прыносяць Госпаду з усёй іхняй зямлі, належаць табе. Кожны, хто чысты спаміж тваёй сям'і, можа іх спажываць.
Усё заклятае ў зямлі Ізраілевай хай будзе тваё.
Усё, што заклятае ў Ізраэлю, тваім будзе.
Усё, што размыкае сьцёгны ў кожнай плоці, якую прыносяць Госпаду, зь людзей і з быдла, хай будзе тваё; толькі першынец зь людзей павінен быць выкуплены, і першароднае з быдла нячыстага павінна быць выкуплена;
Усе першародныя ўлоньня маткі, каторыя прыносяцца ў ахвяру Госпаду, ці зь людзей, ці з жывёлы, тваімі будуць. Што да людзей першародных і кожнай жывёлы, каторая нячыстая, іх трэба выкупіць.
а выкуп за іх: пачынаючы з аднаго месяца, паводле ацэнкі тваёй, бяры выкуп пяць сікляў срэбра, па сіклі сьвяшчэнным, які ў дваццаць гераў;
Выкуп бярэцца празь месяц па нараджэньні ў пяць сыкляў серабра па вазе сьвятыні; сыкль мае дваццаць гераў.
а за першароднае з валоў і за першароднае з авечак і за першароднае з коз не бяры выкупу: яны сьвятыня; крывёю іх акрапляй ахвярнік і тлушч зь іх палі ў ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду;
Першародных кароваў, авец і козаў ня будзеш выкупляць, бо яны пасьвячаны Госпаду. Іхнюю толькі кроў выльеш на ахвярнік, а тлушч іх спаліш у агні на мілы пах Госпаду.
а мяса іх табе належыць, гэтаксама як і грудзіна паднашэньня — правая лапатка табе належыць.
Мяса ж іхняе табе належыць, грудзіна патрасаная і правая лапатка будуць тваімі.
Усе ахвярныя сьвятыні, якія падносяць сыны Ізраілевыя Госпаду, аддаю табе і сынам тваім і дочкам тваім з табою, статутам вечным; гэта запавет солі вечны перад Госпадам, дадзены табе і нашчадкам тваім з табою.
Усе дары сьвятыя, якія ахвяроўваюць сыны Ізраэля Госпаду, Я даю табе, і сынам, і дочкам тваім як закон вечны. Гэта вечны закон солі перад Госпадам для цябе і сыноў тваіх».
І сказаў Гасподзь Аарону: у зямлі іхняй ня будзеш мець надзелу і долі ня будзе з табою сярод іх; Я доля твая і надзел твой сярод сыноў Ізраілевых;
Далей казаў Госпад Аарону: «У зямлі іхняй ня будзеш мець ніякай уласнасьці і ня будзеш мець між імі часткі зямлі. Я — частка твая і спадчына твая між сынамі Ізраэля.
а сынам Лявіі, вось, Я даў у надзел дзесяціну з усяго, што ў Ізраіля, за службу іхнюю, за тое, што яны правяць службы ў скініі сходу;
Вось жа сынам Левія даю Я як спадчыну ўсе дзесяціны, складаныя сынамі Ізраэля, за служэньне, якое яны выконваюць для Мяне ў Палатцы Сустрэчы.
і сыны Ізраілевыя не павінны больш падыходзіць да скініі сходу, каб не панесьці грэху і не памерці:
Сыны ж Ізраэля не павінны прыступаць да Палаткі Сустрэчы, каб не дапусьціліся грэху ды не памерлі.
няхай лявіты правяць службы ў скініі сходу і нясуць на сабе грэх іхні. Гэта статут вечны ў роды вашыя; а сярод сыноў Ізраілевых яны не атрымаюць долі;
Адны толькі левіты могуць выконваць служэньне ў Палатцы Сустрэчы і несьці на сабе грэх іхні. Гэта закон вечны для нашчадкаў вашых. Левіты ня будуць мець спадчыны між сынамі Ізраэля,
а як што дзесяціну сыноў Ізраілевых, якую яны прыносяць у паднашэньне Госпаду, Я аддаю лявітам у надзел, таму і сказаў Я ім: сярод сыноў Ізраілевых не атрымаюць яны долі.
бо Я даў левітам у спадчыну дзесяціны, якія сыны Ізраэля ахвяроўваюць Госпаду. Дзеля таго сказаў Я ім: Між сыноў Ізраэля ня будзеце вы мець спадчыны».
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
Пасьля гаварыў Госпад Майсею:
абвясьці лявітам і скажы ім: калі брацьмеце ў сыноў Ізраілевых дзесяціну, якую Я даў вам у долю, дык падносьце зь яе паднашэньне Госпаду, дзесяціну зь дзесяціны, —
«Аб'яві левітам і скажы ім: Калі вы атрымаеце дзесяціны ад сыноў Ізраэля, каторыя Я даў вам у спадчыну, то дзесятую частку маеце адкласьці Госпаду.
і ўскладзена будзе на вас гэта паднашэньне, як хлеб з гумна і як узятае з чавільні;
Гэта будзе вам залічана як ахвяра ад збожжа з току або ад тога, што напаўняе тоўчню.
так і вы будзеце падносіць паднашэньне Госпаду з усіх дзесяцін вашых, якія брацьмеце ў сыноў Ізраілевых, і будзеце даваць зь іх паднашэньне Гасподняе Аарону сьвятару;
І вы таксама павінны складаць Госпаду ахвяры зь дзесяцінаў, каторыя атрымоўваеце ад сыноў Ізраэля; прынясіце Госпаду і дайце сьвятару Аарону.
з усяго, што даруецца вам, падносьце паднашэньне Госпаду, з усяго найлепшага, што асьвячаецца.
З усяго, што атрымліваеце зь дзесяцін, выдзеліце дары Госпаду, і хай будуць яны найлепшыя і адборныя.
І скажы ім: калі вы прынесяце з гэтага найлепшае, дык гэта ўскладзена будзе на лявітаў, як тое, што атрымліваецца з гумна і што атрымліваецца з чавільні;
І скажы ім: Калі вы зложыце ў ахвяру зь дзесяцінаў што адборнае і найлепшае, то гэта будзе вам залічана як ахвяра з току і з тоўчні.
вы можаце есьці гэта ў любым месцы, вы і сем’і вашыя, бо гэта вам плата за працу вашую ў скініі сходу;
Можаце гэта есьці на кожным месцы разам з усімі, хто належыць да вашых сем'яў. Гэта бо плата за вашую службу ў Палатцы Сустрэчы.
і не панесяце за гэта грэху, калі прынесяце найлепшае з гэтага; і таго, што пасьвячаецца сынамі Ізраілевымі, не апаганьце, і не памраце.
Калі адберыцё тое, што найлепшае, не саграшыце, і не зьняважыце сьвятых дароў Ізраэля, і не памрыцё».