Лікі 30 разьдзел

Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І пераказаў Майсей сынам Ізраілевым усё, што загадаў Гасподзь Майсею.
 
І Майсей расказаў усё сынам Ізраэля, што яму Госпад загадаў.

І сказаў Майсей правадырам плямёнаў сыноў Ізраілевых, кажучы: вось, што загадаў Гасподзь:
 
І сказаў Майсей правадырам пакаленьняў Ізраэльскіх: «Вось што загадаў Госпад:

калі хто дасьць абяцаньне Госпаду, альбо прысягне клятваю, паклаўшы зарок на душу сваю, дык ён не павінен парушаць слова свайго, а павінен выконваць усё, што выйшла з вуснаў ягоных.
 
Калі хто (з мужчынаў) пашлюбуе што Госпаду або зьвяжа сябе прысягай, няхай не парушыць словы свае, але ўсё, што абяцаў, выпаўніць.

Калі жанчына дасьць абяцаньне Госпаду і накладзе на сябе зарок у доме бацькі свайго, у маладосьці сваёй,
 
Калі жанчына шлюбавала штосьці Госпаду, або зьвязала сябе прысягай, і яна яшчэ ў доме бацькі свайго і маладых гадоў,

і пачуе бацька абяцаньне яе і зарок, які яна наклала на душу сваю, і змоўчыць пра тое бацька яе, дык усе абяцаньні яе збудуцца, і кожны зарок яе, які яна паклала на душу сваю, збудзецца;
 
то калі б бацька даведаўся аб шлюбаваньні, што яна абяцала, або аб прысязе, якой яна зьвязала сябе, і ён прамаўчаў, яна зьвязаная шлюбаваньнем. Што яна шлюбавала або прысягала, хай споўніць на дзеле.

калі ж бацька яе, пачуўшы, забароніць ёй, дык усе абяцаньні яе і зарокі, якія яна паклала на душу сваю, ня збудуцца, і Гасподзь даруе ёй, бо забараніў ёй бацька яе.
 
Калі ў той дзень, калі пачуе бацька яе, ён забароніць ёй гэтак, дык шлюбаваньні яе і прысягі будуць няважныя. Міласьцівы будзе ёй Госпад таму, што бацька запярэчыў.

Калі яна выйдзе замуж, а на ёй абяцаньне яе, альбо слова вуснаў яе, якім яна зьвязала сябе,
 
Калі, аднак, выйдзе яна замуж, але зьвязана яна шлюбаваньнем або прысягай вуснаў сваіх, зьвязала яна душу сваю,

і пачуе муж яе і, пачуўшы, змоўчыць, дык абяцаньні яе збудуцца, і зарокі яе, якія яна наклала на душу сваю, збудуцца;
 
і калі пачуе муж яе і, пачуўшы, не запярэчыць, — то яна зьвязаная шлюбаваньнем і павінна споўніць, што прыракала.

а калі муж яе, пачуўшы, забароніць ёй і адкіне абяцаньне яе, якое на ёй, і слова вуснаў яе, якім яна зьвязала сябе, і Гасподзь даруе ёй.
 
А калі пачуў бы муж і запярэчыў у той жа дзень, то шлюбаваньні яе, якія дала, і словы, каторымі зьвязала душу сваю, няважныя; хай будзе ёй міласьцівы Госпад.

А абяцаньне ўдавы і разьведзенай, які б яна ні паклала зарок на душу сваю, адбудзецца.
 
Што прыракалі б удовы або разьведзеныя — важнае, хай споўняць.

Калі жонка ў доме мужа свайго дала абяцаньне, альбо паклала зарок на душу сваю з клятваю,
 
Калі жонка ў доме мужа зьвязалася шлюбаваньнем або прысягаю,

і муж яе чуў, і змоўчаў пра тое, і не забараніў ёй, дык усе абяцаньні яе збудуцца, і ўсякі зарок, які яна паклала на душу сваю, адбудзецца;
 
і калі аб гэтым даведаўся муж, і маўчаў, і не пярэчыў шлюбаваньню, то няхай яна споўніць тое, што абяцала.

а калі муж яе, пачуўшы, адхіліў іх, дык усе абяцаньні яе, што выйшлі з вуснаў яе, і зарокі душы яе не адбудуцца: муж яе зьнішчыў іх, і Гасподзь даруе ёй.
 
А калі б ён запярэчыў, то яна не зьвязаная прысягай, бо муж супрацівіўся. Хай Госпад будзе ёй міласьцівы.

Кожнае абяцаньне і кожны зарок з клятваю, каб упакорыць душу, муж яе можа сьцьвердзіць, і муж яе можа адхіліць;
 
Калі б яна шлюбавала або прысягай зьвязала сябе, ад волі мужа залежыць, ці споўніць яна гэта, ці не.

а калі муж яе маўчаў пра тое дзень у дзень, дык ён тым самым сьцьвердзіў усе абяцаньні яе і ўсе зарокі яе, якія на ёй, сьцьвердзіў, бо ён, пачуўшы, маўчаў пра тое;
 
Калі б жа муж ведаў, але маўчаў, ды з дня на дзень адкладаў бы свой прысуд, то што яна прыракала або запрысягла, павінна споўніць, бо муж ведаў, але маўчаў.

а калі адхіліў іх, пасьля таго як пачуў, дык ён узяў на сябе грахі яе.
 
Калі б жа ён запярэчыў празь нейкі час пасьля таго, як даведаўся, адказны будзе ён за сваю правіну».

Вось устанаўленьні, якія Гасподзь наказаў Майсею пра адносіны паміж мужам і жонкаю ягонай, паміж бацькам і дачкою ягонай у маладосьці яе, у доме ў бацькі яе.
 
Такія вось законы, каторыя перадаў Госпад Майсею адносна мужа і жонкі, бацькі і дачкі, калі яна яшчэ ў юнацтве жыве ў доме бацькоў.