Лукаша 17 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Сказаў Ісус таксама вучням Сваім: немагчыма ня прыйсьці звадам, але гора таму, праз каго яны прыходзяць:
 

лепш было б яму, калі б мельны жарон павесілі яму на шыю і кінулі яго ў мора, чым калі б ён спакусіў аднаго з малых гэтых.
 

Глядзеце на сябе. Калі ж згрэшыць супроць цябе брат твой, ушчуй яго, і калі пакаецца, даруй яму.
 

і калі сем разоў на дзень згрэшыць супроць цябе і сем разоў на дзень навернецца, і скажа: каюся, — даруй яму.
 

І сказалі апосталы Госпаду: памнож у нас веру.
 

Гасподзь сказаў: калі б вы мелі веру зь зерне гарчычнае і сказалі смакоўніцы гэтай: вырвіся і перасадзіся ў мора, — дык яна паслухалася б вас.
 

Хто з вас, маючы раба, які арэ альбо пасьвіць, калі вернецца ён з поля, скажа яму: хадзі хутчэй, сядай за стол?
 

Наадварот, ці ня скажа яму: прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, служы мне, пакуль буду есьці і піць, і потым еж і пі сам?
 

Ці будзе ён дзякаваць рабу гэтаму за тое, што ён выканаў загад? ня думаю.
 

Гэтак сама і вы, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажэце: мы рабы нічога ня вартыя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць.
 

Ідучы ў Ерусалім, Ён праходзіў паміж Самарыяй і Галілеяю.
 

І калі ўваходзіў Ён у адно селішча, сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія спыніліся зводдаль,
 

і моцным голасам казалі: Ісусе Настаўнік, памілуй нас.
 

Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: ідзеце, пакажэцеся сьвятарам. І пакуль яны ішлі, ачысьціліся.
 

А адзін зь іх, бачачы, што ацалёны, вярнуўся, моцным голасам услаўляючы Бога,
 

і ўпаў ніцма да ног Ягоных, дзякуючы Яму; і гэта быў Самаранін.
 

Тады Ісус сказаў: ці ня дзесяць ачысьціліся? дзе ж дзевяць?
 

як яны не вярнуліся ўзьнесьці славу Богу, апрача гэтага іншапляменца?
 

І сказаў яму: устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе.
 

А як спыталіся ў Яго фарысэі, калі прыйдзе Царства Божае, адказваў ім: ня прыйдзе Царства Божае ўвачавідкі,
 

і ня скажуць: вось, яно тут, альбо: вось, там. Бо вось, Царства Божае ўнутры ў вас ёсьць.
 

Сказаў таксама вучням: прыйдуць дні, калі захочаце бачыць хоць адзін зь дзён Сына Чалавечага, і ня ўбачыце;
 

і скажуць вам: вось, тут, альбо: вось, там, — ня ідзеце і ня гневайцеся:
 

бо як маланка, што бліснула з аднаго краю неба, бліскае да другога краю неба, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.
 

Але сьпярша належыць Яму шмат адпакутаваць і быць адкінутым родам гэтым.
 

І як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага:
 

елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж, да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг, і прыйшоў патоп і зьнішчыў усіх.
 

Гэтак сама было і ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;
 

але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліўся зь неба дождж агнявы і серны і вынішчыў усіх:
 

так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы адкрыецца.
 

У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, той ня сыходзь узяць іх; і хто будзе на полі, таксама не вяртайся назад;
 

успамінайце жонку Лотаву.
 

Хто будзе ашчаджаць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць яе, той ажывіць яе.
 

Маўляю вам: у тую ноч будуць двое на адной пасьцелі: адзін возьмецца, а другі пакінецца;
 

дзьве будуць малоць разам: адна возьмецца, а другая пакінецца:
 

двое будуць на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца.
 

На гэта сказалі Яму: дзе, Госпадзе? А Ён сказаў ім: дзе труп, там зьбяруцца і арлы.