Да Рымлянаў 12 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І вось, прашу вас, браты, міласэрнасьцю Божай, аддавайце целы вашыя ў ахвяру жывую, сьвятую, Богу спадобную: на разумнае служэньне ваша;
 

і не прыстастоўвайцеся да веку гэтага, а пераўтварайцеся абнаўленьнем розуму вашага, каб вам спазнаваць што (ёсьць) воля Божая, добрая, прыемная і дасканалая.
 

Па дадзенай мне мілаце, кожнаму з вас кажу: ня думайце пра сябе больш, чым трэба думаць; а думайце сьціпла, у меру веры, якое кожнаму Бог удзяліў.
 

Бо як у адным целе ў нас многа чэлесаў, але не ва ўсіх чэлесаў адно і тое самае прызначэньне,
 

так і мы многія складаем адно цела ў Хрысьце, а паасобку адно аднаго чэлесы.
 

І як па дадзенай нам мілаце, маем розныя здольнасьці, дык, калі гэта прароцтва — прароч у згодзе зь вераю;
 

калі маеш служэньне, служы; калі настаўнік, вучы;
 

калі суцешнік, суцяшай; калі раздаеш, раздавай у шчырасьці; калі начальнік, начальнічай дбайна; калі дабрачынец — дабрачынь з прыязнасьцю.
 

Любоў хай будзе някрывадушная; цурайцеся зла, гарнецеся да дабра;
 

пяшчотна любеце адно аднаго братняю любоўю; пашанлівасьцю адно аднаго запабягайце;
 

у руплівасьці ня слабніце; духам успалымняйцеся; Госпаду служэце;
 

суцяшайцеся надзеяю, у смутку будзьце цярплівыя, у малітве трывалыя;
 

у патрэбах сьвятых бярэце ўдзел; дбайце пра гасьціннасьць да прышэльцаў;
 

дабраслаўляйце ганіцеляў вашых; дабраслаўляйце, а не праклінайце.
 

Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача.
 

Будзьце аднамысныя паміж сабою; ня мудруйце высока, а ідзеце сьледам за паслухмянымі; ня мройце пра сябе;
 

нікому не плацеце злом за зло, а дбайце пра добрае перад усімі людзьмі.
 

Калі можна, і ад вас тое залежыць, будзьце ў згодзе з усімі людзьмі.
 

Ня помсьціцеся за сябе, любасныя, а дайце месца гневу Божаму. Бо напісана: «Мне помста, Я адплачу», кажа Гасподзь.
 

Дык вось, калі твой вораг галодны, накармі яго; калі асьмяглы, напаі яго: бо, робячы гэта, ты зьбярэш на галаву ягоную распаленае вугольле.
 

Ня будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром.