Да Каласянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Хачу, каб вы ведалі, які подзьвіг нясу я за вас і за тых, што ў Лаадыкіі (і ў Ераполі), і за ўсіх, хто ня бачыў аблічча майго ў плоці,
 

каб усьцешыліся сэрцы іхнія, паяднаныя ў любові, каб узбагаціліся поўным разуменьнем дзеля дасканалага спазнаньня тайны Бога і Айца і Хрыста,
 

у Якім схаваны ўсе скарбы мудрасьці і веданьня.
 

Гэта кажу я дзеля таго, каб хто-небудзь ня зьвёў вас лісьлівымі словамі;
 

бо, хоць і няма мяне з вамі целам, затое духам я з вамі, радуючыся і сузіраючы вашае добрае ўладкаваньне і цьвёрдасьць веры вашае ў Хрыста.
 

А таму, як вы прынялі Хрыста Ісуса Госпада, так хадзеце і ў Ім,
 

укарэненыя і ўцьверджаныя ў Ім і ўмацаваныя ў веры, як вы навучаны, узбагачаючыся ў ёй з удзячнасьцю.
 

Глядзеце, браты, каб хто ня прывабіў вас філасофіяй і пустымі панадамі, па пераказах чалавечых, па стыхіях сьвету, а не па Хрысьце,
 

бо ў ім жыве ўся паўната Боства цялесна,
 

і вы маеце паўнату ў Ім, Які ёсьць галава ўсяго начальства і ўлады;
 

у Ім вы і абрэзаны абразаньнем нерукатворным, калі скінулі грахоўнае цела плоці, абразаньнем Хрыстовым;
 

былі пахаваныя зь Ім у хрышчэньні, у Ім вы разам і ўваскрэсьлі вераю ў сілу Бога, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых,
 

і вас, якія былі мёртвыя ў грахах і ў неабразаньні плоці вашай, ажывіў разам зь Ім, дараваўшы нам усе грахі,
 

скасаваўшы вучэньнем былое пра нас рукапісаньне, якое было супроць нас, і Ён узяў яго з асяродзьдзя і цьвікамі прыбіў да крыжа;
 

забраўшы сілу ў начальстваў і ўладаў, уладна паставіў іх пад ганьбу, перамогшы іх Сабою.
 

Дык вось, хай ніхто не асуджае вас за ежу, пітво, ці за якое-небудзь сьвята, ці ў справе маладога месяца, ці суботы:
 

гэта ёсьць цень будучыні, а цела — у Хрысьце.
 

Ніхто хай не ашуквае вас сваёй самавольнай удаванай пакораю і службай анёлаў, урываючыся ў тое, чаго ня бачыў, неразважліва надзімаючыся плоцкім сваім розумам
 

і ня трымаючыся галавы, ад якое ўсё цела, суглобамі і зьвязкамі жыўнасна злучанае і змацаванае, расьце ростам Божым.
 

Дык вось, калі вы з Хрыстом памерлі для стыхіяў сьвету, дык чаму вы, жывучы ў сьвеце, трымаецеся пастановаў:
 

«не чапай», «ня еж», «ня руш»,
 

што ўсё, тлее ад ужываньня, — згодна з запаведзямі і вучэньнем чалавечым?
 

Гэта мае толькі бачнасьць мудрасьці ў самавольным служэньні, мудрай пакоры і тленьні цела, у пэўным заняхайваньні насычэньня плоці.