2 да Карынфянаў 5 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Бо ведаем, што, калі зямны наш дом, гэтая хаціна, зруйнуецца, мы маем ад Бога жытлішча на нябёсах, дом нерукатворны, вечны.
 
Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, гэта хаціна, разваліцца, то маем ад Бога дом нерукатворны, але вечны ў небе.

Таму якраз мы і стогнем, хочучы апрануцца ў нябеснае наша жытлішча;
 
Таму мы цяпер уздыхаем, прагнучы апрануцца ў нашае прыстанішча, якое ёсць на небе,

толькі б нам і апранутым не апынуцца голымі.
 
каб толькі, і адзетыя, мы не апынуліся голымі.

Бо мы, пакуль у гэтай хаціне стогнем пад цяжарам, бо ня хочам распрануцца, а апрануцца, каб сьмяротнае паглынута было жыцьцём.
 
Вось мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, згараваныя, уздыхаем, хочучы не пазбыцца яе, але прыадзецца, каб тое, што смяротнае, ахоплена было жыццём.

На гэта якраз і стварыў нас Бог і даў нам задатак Духа.
 
На гэта і стварыў нас Бог, і даў нам заруку Духа.

Дык вось, мы заўсёды лагодзімся; і як ведаем, што, пакуль сталюючыся ў целе, мы далёка да Госпада»
 
Дзеля таго мы заўсёды радуемся, хоць ведаем, што, пакуль жывём у целе, мы далёкія ад Госпада,

бо ходзім вераю, а ня бачаньнем,
 
бо жывём вераю, а не бачаннем.

дык мы лагодзімся і хочам лепей выйсьці зь цела і ўсталявацца ў Госпадзе,
 
Мы, аднак, радуемся ды маем добрую волю лепш быць далёкімі ад цела і апынуцца перад Госпадам.

і таму рупліва намагаемся, ці сталюючыся, ці выходзячы, падабацца Яму;
 
І таму імкнёмся падабацца Яму, ці мы з Ім, ці далёка ад Яго.

бо ўсім нам трэба зьявіцца перад судовым тронам Хрыстовым, каб кожнаму атрымаць згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе, добрае ці благое.
 
Бо ўсе мы мусім з’явіцца перад судом Хрыста, каб кожны атрымаў належную яму плату за тое, што зрабіў ён у целе, — ці добрае, ці ліхое.

І вось, ведаючы страх Гасподні, мы настаўляем на розум людзей, а Богу мы адкрытыя; спадзяюся, што адкрытыя і вашым сумленьням.
 
Дык, ведаючы страх Госпадаў, мы пераконваем людзей, а перад Богам мы адкрытыя. Спадзяюся, што і для сумленняў вашых мы адкрытыя.

Ня зноў даручаем сябе вам, а даём вам нагоду хваліцца намі, каб мелі вы што сказаць тым, якія хваляцца абліччам, а ня сэрцам.
 
Кажам вам гэта не каб зноў сябе прадставіць вам, але каб даць вам магчымасць пахваліцца намі, каб мелі вы [што сказаць] перад тымі, што хваляцца абліччам, а не дабратой сэрца.

Калі мы выходзім зь сябе, дык дзеля Бога; а калі сьціплыя, дык дзеля вас.
 
Бо калі мы не вылучаемся розумам, дык для Бога; а калі цвярозыя, дык дзеля вас.

Бо любоў Хрыстовая абдымае нас, а мы разважаем так: калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.
 
Бо любоў Хрыста прынукае нас, якія разумеюць, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.

А Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, што жывуць, ужо ня дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрэслага.
 
І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, што жывуць, ужо не для сябе жылі, але для Таго, Хто за іх памёр і ўваскрос.

Таму ад сёньня мы нікога ня ведаем па плоці; калі ж і ведалі Хрыста па плоці, дык сёньня ўжо ня ведаем.
 
Таму і мы ад гэтага часу не ведаем нікога паводле цела; і калі мы Хрыста спазналі паводле цела , дык ужо адцяпер не ведаем.

Дык вось, хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старажытнае мінула, цяпер усё новае.
 
Бо хто ў Хрысце, той новае стварэнне; старадаўняе мінула, вось, сталася новае.

А ўсё ад Бога, Які Ісусам Хрыстом прымірыў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня,
 
Усё ж ад Бога, Які пагадзіў нас з Сабою праз Хрыста, і даў нам служэнне прымірэння,

таму што Бог у Хрысьце прымірыў з Сабою сьвет, ня ставячы людзям у віну злачынстваў іхніх, і даў нам слова прымірэньня.
 
бо вось Бог у Хрысце пагадзіў свет з Сабою, не ўлічваючы ім злачынстваў іх, ды ўсклаў на нас слова прымірэння.

Вось мы — пасланцы ў імя Хрыстовае, і як бы сам Бог умаўляе праз нас, у імя Хрыстовае просім: замірэцеся з Богам!
 
Дык мы замест Хрыста пасланыя, як бы Сам Бог просіць праз нас: за Хрыста просім, пагадзіцеся з Богам!

Бо Таго, Хто ня ведаў грэху, Ён зрабіў нам ахвяраю за грэх, каб мы ў Ім зрабіліся праведнымі перад Богам.
 
Бо Ён Таго, Хто не ведаў граху, учыніў грахом за нас, каб мы ў Ім сталіся справядлівасцю Божай.