Да Габрэяў 9 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003
І першы запавет меў уставу пра набажэнства і сьвяцілішча зямное,
Меў, праўда, і першы запавет пастановы служэння і святыню зямную.
бо пастаўлена была скінія першая, у якой былі сьвяцільня, і стол, і хлябы пакладныя, і якая называецца «сьвятое».
Была гэта палатка, і ў пастаўленай першай, называнай святым, знаходзіўся свечнік, стол і хлябы пакладныя.
А за другою заслонаю была скінія, называная «сьвятое сьвятых»,
А за другой заслонай палатка, якая звалася святое святых,
у якой мелася залатая кадзільніца і абкладзены з усіх бакоў золатам каўчэг запавета, дзе былі залаты посуд з маннаю, жазло Ааронава расьцьвілае і скрыжалі запавета,
у якой быў залаты кадзільнік і арка запавету, абкладзеная з кожнага боку золатам, у якой была залатая пасудзіна з маннай і кій Аарона, які расцвіў, ды табліцы запавету,
а над ім хэрувімы славы, якія асланялі ачышчальню; пра што ня трэба цяпер гаварыць падрабязна.
а зверху над аркай былі херубіны славы, ацяняючыя перамольню. Аб гэтым падрабязна няма патрэбы цяпер гаварыць.
Пры такім уладкаваньні, у першую скінію заўсёды ўваходзяць сьвятары служыць Набажэнства;
Так вось было ўсё прыгатавана, і ў першую палатку заўсёды ўваходзяць святары, адпраўляючы служэнне святое.
а ў другую — адзін раз на год адзін толькі першасьвятар, не бяз крыві, якую ахвяруе за сябе і за грахі неабазнанасьці народу.
Да другой жа толькі раз у год адзін першасвятар, ды не без крыві, якую складаў у ахвяру за свае злачынствы і за злачынствы свайго народа.
Гэтым Дух Сьвяты паказвае, што яшчэ не адкрыта дарога ў сьвяцілішча, пакуль стаіць ранейшая скінія.
Гэтым паказвае Дух Святы, што яшчэ не адкрыта дарога да святога месца, пакуль стаіць ранейшая палатка.
Яна ёсьць вобраз цяперашняга часу, калі прыносяцца дары і ахвяры, якія ня могуць зрабіць у сумленьні дасканалым ахвяравальніка,
Гэта сімвал цяперашняга часу, калі складаюцца разам дары і ахвяры, якія не могуць зрабіць дасканалым сумленне таго, які служыць,
і якія з прысмакамі і пітвом, і рознымі абмываньнямі і абрадамі, што датычацца плоці, устаноўленыя былі толькі да часу выпраўленьня.
і адносіцца яно толькі да ежы, пітва, усялякіх абмыванняў паводле пастаноў цела, пастаўленых да часу выпраўлення.
Але Хрыстос, Першасьвятар будучых дабротаў, прыйшоўшы з большай і дасканалейшай скініяй, нерукатворнаю, гэта значыць, не таго ўсталяваньня,
Але Хрыстос, з’явіўшыся як Першасвятар будучых даброццяў, праз вышэйшую і дасканалейшую і не рукой, значыць не на гэтым свеце, створаную палатку,
і ня з крывёю казлоў і цялят, а са Сваёю Крывёю; аднаго разу ўвайшоў у сьвяцілішча і набыў вечнае адкупленьне.
і не праз кроў казлоў і быкоў, але праз уласную кроў увайшоў раз і назаўсёды ў святое, здабыўшы вечнае адкупленне.
Бо, калі кроў цялят і казлоў і попел ялаўкі праз акрапленьне асьвячае апаганеных, каб чыстае было цела,
Бо калі кроў казлоў і валоў разам з попелам цяліцы, калі пакрапіць імі, усвячае нячыстых, даючы ачышчэнне цела,
дык наколькі ж болей Кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе, бездакорнага, Богу, ачысьціць сумленьне нашае ад мёртвых дзеяў, на служэньне Богу жывому і Сапраўднаму!
дык тым больш кроў Хрыста, Які ахвяраваў Самога Сябе Богу праз Духа Святога, ачысціць сумленне нашае ад мёртвых учынкаў, каб служыць Богу жывому.
І таму Ён ёсьць Заступнік Новага Запавета, каб у выніку сьмерці Ягонай, якая была дзеля адкупленьня ад злачынстваў, зробленых у першым запавеце, пакліканыя да вечнай спадчыны атрымалі абяцаньне.
Вось таму Ён ёсць Пасярэднік Новага Запавету, каб праз смерць адкупіць злачынствы, дапушчаныя пры першым запавеце, і каб пакліканыя да вечнай спадчыны даступіліся да абяцанага.
Бо, дзе завяшчаньне, там трэба, каб настала сьмерць завяшчальніка,
Бо там, дзе ёсць запавет, там павінна прыйсці смерць завяшчальніка.
бо завяшчаньне мае сілу пасьля памерлых; яно ня мае сілы, калі завяшчальнік жывы.
Запавет толькі пасля мёртвых правамоцны, іначай ён не мае вартасці, пакуль жыве той, хто яго склаў.
Таму і першы запавет быў уцьверджаны не бяз крыві,
Таму і першы быў зацверджаны не без крыві.
бо і Майсей, прамовіўшы ўсе запаведзі паводле закона перад усім народам, узяў кроў цялят і казлоў з вадою і воўнай чырванёнаю і ісопам, і акрапіў як самую кнігу, так і ўвесь народ,
Калі ўжо Майсей абвясціў усяму народу кожнае прыказанне паводле закону, узяў кроў казлоў і быкоў з вадой, воўнай чырвонай і гізопам, і пакрапіў як саму кнігу закона, так і ўвесь народ,
кажучы: «гэта кроў запавета, які запавядаў вам Бог».
кажучы: «Гэта кроў запавету, які Бог вам загадаў».
Таксама акрапіў крывёю і скінію і ўвесь посуд богаслужбовы.
Падобным спосабам пакрапіў крывёй таксама і палатку, і ўсё начынне служэння.
Ды і ўсё амаль паводле закона ачышчаецца крывёю, і без праліцьця крыві ня бывае дараваньня.
І амаль усё па закону крывёй ачышчаецца, і без праліцця крыві няма адпушчэння.
Таму і вобразы нябеснага павінны былі ачышчацца гэтымі, а самае нябеснае лепшымі за гэтыя ахвярамі.
Значыць, неабходна было, каб вобразы рэчаў нябесных такім спосабам былі ачышчаны, а самыя рэчы нябесныя патрабавалі шмат дасканалейшых, чым тыя, ахвяр.
Бо Хрыстос ўвайшоў не ў рукатворнае сьвяцілішча, паводле вобразу сапраўднага ўсталяванае, а ў самое неба, каб стаць сёньня за нас перад абліччам Божым,
Хрыстос жа ўвайшоў не ў святыню, пастаўленую рукамі, якая была падабенствам сапраўднай, але ў самае неба, каб адтуль заступацца за нас у прысутнасці Бога,
і не на тое, каб шматкроць ахвяроўваць Сабою, як першасьвятар уваходзіць у сьвяцілішча штогод з чужою крывёю;
ды не па тое, каб меў часта ахвяроўвацца, як першасвятар, які штогод уваходзіць у святое святых з чужой крывёю,
інакш належала б Яму шматкроць пакутаваць ад пачатку сьвету. А Ён адзін раз, пад канец вякоў, зьявіўся для зьнішчэньня грэху ахвяраю Сваёю.
інакш цярпеў бы там многа разоў ад заснавання свету. А вось Ён раз аб’явіўся ў гэты час перад канцом свету дзеля знішчэння граху праз ахвяраванне Самога Сябе.
І як людзям належыць адзін раз памерці, а потым суд,
І як устаноўлена людзям раз памерці, а пасля — суд,
так і Хрыстос: адзін раз прынёсшы Сябе ў ахвяру, каб пабраць грахі многіх, другі раз зьявіцца ня дзеля ачышчэньня грэху, а дзеля тых, што чакаюць Яго на збавеньне.
так і Хрыстос адзін раз быў ахвяраваны дзеля знішчэння грахоў многіх, а другі раз з’явіцца без граху да тых, што Яго чакаюць, на збаўленне.