3 царстваў 10 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Царыца Саўская, дачуўшыся пра славу Саламона ў імя Госпада, прыйшла выпрабаваць яго загадкамі.
Царыца Сабы, пачуўшы пра славу Саламона — у гонар імя Госпада, — прыбыла пераканацца ў яго мудрасці.
І прыйшла яна ў Ерусалім зь вельмі вялікім багацьцем: вярблюды наўючаны былі пахошчамі і вялікім мноствам золата і каштоўнымі камянямі; і прыйшла да Саламона і гутарыла зь ім пра ўсё, што было ў яе на сэрцы.
І ўвайшла яна ў Ерузалім з вялікай світай і багаццем, з вярблюдамі, якія неслі духмянасці, і вялікае мноства золата, і каштоўныя камяні, прыбыла яна да Саламона і гаварыла з ім пра ўсё, што мела яна ў сваім сэрцы.
І растлумачыў ёй Саламон ўсе словы яе, і ня было нічога не вядомага цару, чаго б ён не растлумачыў ёй.
І Саламон растлумачыў ёй усё, што яна яму казала: і не было слова, якое было б невядомым цару і на што ён не мог адказаць ёй.
І ўбачыла царыца Саўская ўсю мудрасьць Саламона і дом, які ён пабудаваў,
А царыца Сабы, бачачы вялікую мудрасць Саламона і дом, які ён збудаваў,
і ежу за сталом у яго, і жытло рабоў ягоных, і статнасьць слуг ягоных, і вопратку іхнюю, і чашнікаў ягоных, і цэласпаленьні ягоныя, якія ён прыносіў у храме Гасподнім. І не магла яна болей стрымацца
і багацце стравы яго стала, і дамы паслугачоў, і рад памочнікаў, і адзенне іх, і чарнікаў, і цэласпаленні, якія ён ускладаў Госпаду ў святыні, была ў захапленні
і сказала цару: слушна тое, што я чула ў зямлі сваёй пра дзеі твае і пра мудрасьць тваю;
і сказала цару: «Праўдзівай была тая гаворка, якую я чула ў зямлі сваёй, пра справы твае і пра мудрасць тваю!
але я ня верыла словам, пакуль ня прыйшла, і ня ўбачылі вочы мае: і вось, мне і палавіны ня сказана; мудрасьці і багацьця ў цябе болей, чым як я чула.
І я не верыла тым, хто расказваў мне пра гэта, пакуль сама не прыйшла і не ўбачыла вачамі сваімі і не пераканалася, што нават паловы не сказалі мне; большая твая мудрасць і багацці, чым тая слава, пра якую я чула.
Шчасныя людзі твае і шчасныя гэтыя слугі твае, якія заўсёды стаяць перад табою і чуюць мудрасьць тваю!
Шчасныя людзі твае і шчасныя паслугачы твае, — тыя, якія стаяць заўсёды перад табою і чуюць мудрасць тваю!
Хай будзе дабраславёны Гасподзь Бог твой, які дабраволіў пасадзіць цябе на трон Ізраілеў! Гасподзь, у вечнай любові Сваёй да Ізраіля, паставіў цябе царом — чыніць суд і праўду.
Хай будзе дабраславёны Госпад, Бог твой, Якому спадабаўся ты і Які пасадзіў цябе на пасад Ізраэля, таму што будзе любіць Госпад Ізраэль вечна, і Ён паставіў цябе царом, каб ты чыніў суд і справядлівасць».
І падарыла яна цару сто дваццаць талантаў золата і вялікае мноства пахошчаў і каштоўныя камяні: ніколі яшчэ ня прыходзіла такога мноства пахошчаў, якое падарыла царыца Саўская цару Саламону.
Дык дала яна цару сто дваццаць талентаў золата, і вельмі шмат духмянасцей, і каштоўных камянёў; і не было ніколі болей падаравана вострых духмяных прыпраў, чым падаравала царыца Сабы цару Саламону.
І карабель Хірамаў, які прывозіў золата з Афіра, прывёз з Афіра вялікае мноства чырвонага дрэва і каштоўных камянёў.
Але і караблі Гірама, тыя, якія прывозілі з Афіра золата, таксама прывозілі з Афіра вельмі многа чырвонага дрэва і каштоўных камянёў.
І зрабіў цар з гэтага чырвонага дрэва парэнчы для храма Гасподняга і для дома царскага, і гусьлі і псалтыры сьпевакам. Ніколі ня прыходзіла столькі чырвонага дрэва і ня відаць было да гэтага дня.
І з дрэва чырвонага цар зрабіў праход для святыні Госпада і для палаца царскага, і гуслі і арфы для спевакоў. І ніколі не было дастаўлена столькі чырвонага дрэва, і не бачана такога па сённяшні дзень.
І цар Саламон даў царыцы Саўскай усё, чаго яна жадала і чаго прасіла, звыш таго, што падарыў ёй цар Саламон сваімі рукамі. І выправілася яна назад у сваю зямлю, яна і ўсе слугі яе.
А цар Саламон даў царыцы Сабы ўсё, што яна хацела і прасіла ў яго, звыш таго, чым ён адарыў яе з царскай шчодрасцю. Павярнулася яна і пайшла ў зямлю сваю са сваімі паслугачамі.
У золаце, якое прыходзіла Саламону кожны год, вагі было шасьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць талантаў залатых,
А вага золата, якое штогод дастаўлялася Саламону, была шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць талентаў золата,
звыш таго, што атрымлівалі ад разносчыкаў тавару і ад гандлю купцоў, і ад усіх цароў Аравійскіх і ад абласных начальнікаў.
апрача таго, што прыходзіла праз падаткі ад падданых і ад гандлю купцоў, і ад усіх цароў арабскіх, і ад усіх кіраўнікоў краіны.
І зрабіў цар Саламон дзьвесьце вялікіх шчытоў з каванага золата, па шэсьцьсот сікляў пайшло на кожны шчыт;
І зрабіў цар Саламон дзвесце шчытоў з чыстага золата, шэсцьсот сікляў золата даў ён для кожнага шчыта,
і трыста меншых шчытоў з каванага золата, па тры міны золата пайшло на кожны шчыт; і паставіў іх цар у доме зь ліванскага дрэва.
і трыста меншых шчытоў з добрага золата; на кожны такі шчыт пайшло тры міны золата; і паставіў іх цар у доме з лесу лібанскага.
І зрабіў цар вялікі трон са слановай косьці і абклаў яго чыстым золатам;
Потым зрабіў цар вялікі пасад з косці слановай, і абцягнуў яго цёмна-жоўтым золатам.
да трона было шэсьць прыступак; верх за тронам быў круглы, і былі абапал каля месца сядзеньня поручы, і два львы стаялі каля поручаў;
Да пасада вялі шэсць прыступак, і верх пасада быў ззаду круглы, і пара парэнчаў, што знаходзіліся з абодвух бакоў пасада, і пры парэнчах стаялі два львы;
і яшчэ дванаццаць ільвоў стаялі там на шасьці прыступках абапал. Падобнага на гэта ня бывала ні ў адным царстве.
і на шасці прыступках з абодвух бакоў стаяла дванаццаць ільвянят; ні ў адным царстве не было зроблена нічога падобнага.
І ўвесь посуд для піцьця ў цара Саламона быў залаты, і ўвесь посуд у доме зь ліванскага дрэва быў з чыстага золата; з срэбра нічога ня было, бо срэбра ў дні Саламонавыя лічылася ні за што;
Але і ўсе пасудзіны, з якіх піў цар Саламон, былі залатыя, і з найчысцейшага золата быў увесь посуд у доме з лесу лібанскага; нічога не было са срэбра, бо не мела яно ніякай каштоўнасці ў часы Саламона,
бо ў цара быў на моры Тарсіскі карабель з караблём Хірамавым; адзін раз у тры гады прыходзіў Тарсіскі карабель, — прывозіў золата і срэбра, і слановую косьць, і малпаў, і паваў.
таму што караблі Тарсіса, якія належалі цару разам з караблямі Гірама, раз у тры гады, прывозілі морам золата, і срэбра, і слановую косць, і малпаў, і паўлінаў.
Цар Саламон пераўзыходзіў усіх цароў багацьцем і мудрасьцю.
Таму цар Саламон багаццем і мудрасцю перавышаў усіх цароў зямлі.
І ўсе цары на зямлі намагаліся ўбачыць Саламона, каб паслухаць мудрасьці ягонай, якую ўклаў Бог у сэрца ягонае.
І ўся зямля хацела пабачыць аблічча Саламона і паслухаць мудрасць яго, якую даў Бог у сэрца яго.
І яны падносілі яму, кожны ад сябе, у дарунак: посуд срэбны і залаты, і вопратку і зброю і пахошчы, коней і мулаў кожны год.
І кожны з іх прыносіў яму дары: срэбны і залаты посуд, адзенне, зброю, а таксама вострыя духмяныя прыправы, і коней, і мулаў кожны год.
І набраў Саламон калясьніц і вершнікаў; у яго было тысяча чатырыста калясьніц і дванаццаць тысяч вершнікаў; і разьмясьціў ён іх па калясьнічных гарадах і пры цары ў Ерусаліме.
І набраў Саламон калясніц і коннікаў, і меў ён тысячу чатырыста калясніц і дванаццаць тысяч коннікаў; і размясціў ён іх па гарадах калясніц і з царом у Ерузаліме.
І зрабіў цар срэбра ў Ерусаліме роўнавартасным з простымі камянямі, а кедры, паводле іх мноства, зрабіў роўнавартаснымі зь сікаморамі, якія растуць на нізкіх месцах.
І зрабіў ён так, што срэбра было ў Ерузаліме, што камянёў; і даў столькі кедраў, колькі сікамор расце ў Сэфэлі.
А коней цару Саламону прыводзілі зь Егіпта і з Кувы; царскія купцы куплялі іх з Кувы за грошы.
І прыводзілі Саламону коней з Егіпта і з Коа, бо купцы царскія куплялі коней у Коа па вызначаным кошце.
Калясьніцу зь Егіпта атрымлівалі і дастаўлялі за шэсьцьсот сікляў срэбра, а конь за сто пяцьдзясят. Такім самым чынам яны рукамі сваімі дастаўлялі ўсё гэта царам Хэтэйскім і царам Арамэйскім.
І калясніца, якая выходзіла з Егіпта, каштавала шэсцьсот сікляў срэбра, і конь — сто пяцьдзесят; такім чынам, праз іх рукі прадавалася гэта ўсім царам Сірыі.