3 царстваў 15 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
У васямнаццаты год цараваньня Ераваама, сына Наватавага, Авія зацараваў над Юдэямі.
На васемнаццаты год царавання Ерабаама, сына Набата, у Юдзе стаў царом Абія.
Тры гады ён валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Мааха, дачка Авэсаломава.
Ён тры гады цараваў у Ерузаліме; маці яго называлася Мааха, дачка Абсалома.
Ён хадзіў ва ўсіх грахах бацькі свайго, якія той рабіў да яго, і сэрца ягонае ня было аддадзена Госпаду Богу ягонаму, як сэрца Давіда, бацькі ягонага.
І дапускаўся ён усіх грахоў бацькі свайго, якія ён рабіў перад тым; не было сэрца яго шчырым да Госпада, Бога яго, як сэрца Давіда, бацькі яго.
Але дзеля Давіда Гасподзь Бог ягоны даў яму сьвяцільню ў Ерусаліме, паставіўшы пасьля яго сына ягонага і ўмацаваўшы Ерусалім,
Аднак дзеля Давіда даў яму Госпад, Бог яго, светач у Ерузаліме, каб паставіць сына яго па ім і ўмацаваць Ерузалім;
бо Давід рабіў спадобнае перад вачыма Госпада і не адступаўся ад усяго таго, што Ён наказаў яму, ва ўсе дні жыцьця свайго, акрамя ўчынка з Урыем Хэтэянінам.
бо Давід чыніў справядлівасць у вачах Госпада і не ўхіляўся ад таго, што Ён яму загадваў, на працягу ўсіх дней жыцця свайго, за выключэннем справы Урыі Хетэя.
І вайна была паміж Раваамам і Ераваамам ва ўсе дні жыцьця іхняга.
А вайна між Рабаамам і Ерабаамам працягвалася ўвесь час.
Астатнія дзеі Авіі, усё, што ён зрабіў, апісана ў летапісе цароў Юдэйскіх. І была вайна паміж Авіем і Ераваамам.
А іншыя дзеянні Абіі і ўсё, што ён рабіў, — ці не запісана гэта ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? І працягвалася вайна між Абіем і Ерабаамам.
І спачыў Авія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давідавым. І зацараваў Аса, сын ягоны, замест яго.
І супачыў Абія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давідавым; і па ім цараваў сын яго, Аса.
У дванаццаты год валадараньня Ераваама, цара Ізраільскага, зацараваў Аса над Юдэямі
Такім чынам, на дваццаты год царавання Ерабаама над Ізраэлем, над Юдэяй стаў царом Аса
і сорак адзін год валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Ана, дачка Авэсалома.
і сорак адзін год ён быў царом у Ерузаліме. Маці яго называлася Мааха і была дачкой Абсалома.
Аса рабіў заўгоднае перад вачыма Госпада, як Давід, бацька ягоны.
І рабіў Аса справядлівае перад абліччам Госпада, як Давід, бацька яго.
Ён прагнаў блудадзеяў зь зямлі і адкінуў усе ідалы, якіх зрабілі бацькі ягоныя,
І ён выгнаў распусніц з краіны, і павынішчаў усіх нячыстых ідалаў, якіх нарабілі бацькі яго.
і нават маці сваю Ану пазбавіў званьня царыцы за тое, што яна зрабіла балвана Астарты; і парубаў Аса балвана яе і спаліў каля патока Кедрона.
І нават маці сваю, Мааху, пазбавіў годнасці царыцы за тое, што яна зрабіла ідала Асэры; і Аса пасек ідала ганебнага, і спаліў каля ручая Цэдрон.
А вышыні ня былі зьнішчаны. Але сэрца Асы было адданае Госпаду ва ўсе дні ягоныя.
Але ўзгоркі не знішчыў; аднак сэрца Асы было шчырым перад Госпадам ва ўсе дні яго.
І ўнёс ён у дом Гасподні рэчы, прысьвечаныя бацькам ягоным, і рэчы, прысьвечаныя ім: срэбра, і золата, і посуд.
І прынёс ён у святыню Госпада рэчы, пасвячоныя на ахвяру бацькам яго і ім самім: срэбра, і золата, і посуд.
І вайна была паміж Асам і Ваасам, царом Ізраільскім, ва ўсе дні жыцьця іхняга.
А між Асам і царом Ізраэля Баасам вайна працягвалася ва ўсе дні іх.
І выйшаў Вааса, цар Ізраільскі, супроць Юдэі і пачаў будаваць Раму, каб ніхто ня выходзіў і ня сыходзіў да Асы, цара Юдэйскага.
Таксама пайшоў цар Ізраэля Бааса на Юдэю і пабудаваў Раму, каб ніхто не мог увайсці і выйсці з боку Асы, цара Юдэйскага.
І ўзяў Аса ўсё срэбра, золата, што засталася ў скарбніцах дома Гасподняга і ў скарбніцах дома царскага, і даў яго ў рукі слугам сваім, і паслаў іх цар Аса да Вэнадада, сына Таўрымона, сына Хэзіёнавага, цара Сірыйскага, які жыў у Дамаску, і сказаў:
Такім чынам, Аса, сабраўшы ўсё срэбра і золата, якое засталося ў скарбоўнях святыні Госпада і ў скарбоўнях палаца царскага, даў яго ў рукі паслугачам сваім і паслаў іх да Бэнадада, сына Табрэмона, сына Газіёна, цара Сірыі, які жыў у Дамаску, каб яны сказалі:
спрымірэньне хай будзе паміж мною і табою, як было паміж бацькам маім і бацькам тваім; вось, я пасылаю табе ў дарунак срэбра і золата; парві спрымірэнства тваё з Ваасам, царом Ізраільскім, каб ён адышоў ад мяне.
«Ёсць дамова паміж мною і табой, і між бацькам маім і бацькам тваім; таму я пасылаю табе дары: срэбра і золата, і прашу, каб ты парваў дамову, якую маеш з Баасаю, царом Ізраэля, каб ён адступіўся ад мяне».
І паслухаўся Вэнадад цара Асы, і паслаў ваеначальнікаў сваіх супроць гарадоў Ізраільскіх, і пабіў Аін і Дан і Авэль-Бэт-Мааху і ўвесь Кінэрот, па ўсёй зямлі Нэфталімавай.
І паслухаў Бэнадад цара Асу, і паслаў кіраўнікоў войскаў сваіх у гарады Ізраэля, і захапілі яны Агіён, і Дан, і Абэл-Бэт-Мааху, і ўвесь Кінэрэт з усёю зямлёю Нэфталі.
Дачуўшыся пра гэта, Вааса перастаў будаваць Раму і вярнуўся ў Тырцу.
Калі аб гэтым даведаўся Бааса, кінуў будаваць Раму і вярнуўся ў Тэрсу.
А цар Аса склікаў усіх Юдэяў, нікога ня выключаючы, і вынесьлі яны з Рамы камяні і драўніну, якія Васа ўжываў на будаўніцтва. І пабудаваў зь іх цар Аса Гіву Веньямінавую і Міцпу.
А цар Аса паклікаў усіх юдэяў без выключэння; і забралі яны з Рамы яе камяні і дрэва, якімі карыстаўся Бааса для будовы, і пабудаваў з іх цар Аса Габу Бэньяміна і Міцпу.
Усе астатнія дзеі Асы і ўсе подзьвігі ягоныя, і ўсё, што ён зрабіў, і гарады, якія ён пабудаваў, апісаны ў летапісе цароў Юдэйскіх, апрача таго, што ў старасьці сваёй ён быў хворы на ногі.
А ўсе іншыя дзеянні Асы, і ўся мужнасць яго і ўсё, што ён зрабіў, і гарады, якія пабудаваў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? Калі ж ён састарэўся, хварэў на ногі;
І спачыў Аса з бацькамі сваімі і пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І зацараваў Ёсафат, сын ягоны, замест яго.
і супачыў Аса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з імі ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І па ім цараваў сын яго, — Язафат.
А Нават, сын Ераваамаў, зацараваў над Ізраілем у другі год Асы, цара Юдэйскага, і валадарыў над Ізраілем два гады.
А на другі год царавання цара Юдэйскага Асы пачаў цараваць над Ізраэлем Надаб, сын Ерабаама; і цараваў ён над Ізраэлем два гады.
І рабіў ён неспадобнае перад вачыма Госпада, хадзіў шляхам бацькі свайго і ў грахах ягоных, якімі той увёў Ізраіль у грэх.
І рабіў ён ліхоту перад абліччам Госпада, і хадзіў шляхамі бацькі свайго і ў граху яго, якім уводзіў у грэх Ізраэль.
І зрабіў супроць яго змову Вааса, сын Ахіі, з дома Ісахаравага, і забіў яго Вааса пры Гаватоне Філістымскім, калі Нават і ўсе Ізраільцяне аблажылі Гаватон;
А зрабіў супраць яго змову Бааса, сын Ахіі, з дому Ісахара, і напаў на яго ў Габэтоне, які быў горадам філістынцаў; паколькі Надаб і ўсё войска Ізраэля абкладвалі Габэтон.
і аддаў сьмерці яго Вааса ў трэці год Асы, цара Юдэйскага, і зацараваў замест яго.
Такім чынам, у трэці год Асы, цара Юдэйскага, Бааса забіў яго і сам стаў царом замест яго.
Калі ён зацараваў, дык пабіў увесь дом Ераваамаў, не пакінуўшы ні душы ў Ераваама, пакуль ня вынішчыў яго, па слове Госпада, якое Ён прамовіў праз раба Свайго Ахію Сіламляніна,
І калі ён пачаў цараваць, забіў увесь дом Ерабаама: не пакінуў ніводнай душы з нашчадкаў яго, пакуль не вынішчыў яго паводле слова Госпада, як казаў Ён праз паслугача свайго Ахію з Сіло,
за грахі Ераваама, якія ён сам рабіў і якімі ўвёў у грэх Ізраіля, за зьнявагі, якімі ён угневаў Госпада Бога Ізраілевага.
дзеля грахоў Ерабаама, якімі ён сам грашыў і ўводзіў Ізраэль у грэх, і дзеля злачынства, якім гнявіў Госпада, Бога Ізраэля.
Астатнія дзеі Навата, усё, што ён зрабіў, апісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
А іншыя дзеянні Надаба і ўсё, што ён мужна рабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?
І вайна была паміж Асам і Ваасам, царом Ізраільскім, ва ўсе дні іхнія.
І працягвалася вайна паміж Асам і Баасам, царом Ізраэля, праз усе дні іх.
У трэці год Асы, цара Юдэйскага, зацараваў Вааса, сын Ахіі, над усімі Ізраільцянамі ў Тырцы і валадарыў дваццаць чатыры гады.
У трэці год Асы, цара Юды, стаў царом над усім Ізраэлем у Тэрсе Бааса, сын Ахіі, які цараваў дваццаць чатыры гады;
І рабіў благое перад вачыма Гасподнімі і хадзіў шляхам Ераваама і ў грахах ягоных, якімі той увёў у грэх Ізраіля.
і рабіў ён ліхоту перад Госпадам, і хадзіў дарогаю Ерабаама і ў граху яго, якім уводзіў у грэх Ізраэль.