3 царстваў 18 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Як прайшло шмат дзён было слова Гасподняе Ільлю ў трэці год: ідзі і пакажыся Ахаву, і Я дам дождж на зямлю.
 
Праз доўгі час, на трэці год, прамовіў Госпад да Іллі гэтыя словы: «Ідзі і пакажыся Ахабу, каб Я даў дождж на паверхню зямлі».

І пайшоў Ільля паказацца Ахаву. А голад вялікі быў у Самарыі.
 
Такім чынам, пайшоў Ілля, каб паказацца Ахабу. А ў Самарыі быў страшэнны голад.

І паклікаў Ахаў Аўдзія, які начальнічаў над палацам. А Аўдзій быў чалавек вельмі богабаязны,
 
І паклікаў Ахаб Абдзію, аканома дома свайго. А Абдзія вельмі баяўся Госпада;

і калі Езавэль зьнішчала прарокаў Гасподніх, Аўдзій узяў сто прарокаў і хаваў іх, па пяцьдзясят чалавек, у пячорах і карміў іх хлебам і вадою.
 
бо калі Езабэль забівала прарокаў Госпадавых, то ён узяў сто прарокаў і схаваў іх па пяцьдзесят у адной і ў другой пячоры, і карміў іх хлебам і вадой.

І сказаў Ахаў Аўдзію: ідзі па зямлі да ўсіх крыніц водных і да ўсіх патокаў на зямлі, ці ня знойдзем дзе-небудзь травы, каб нам пракарміць коней і ня страціць быдла.
 
Дык сказаў Ахаб Абдзіі: «Прайдзі па зямлі па ўсіх водных крыніцах і па ўсіх лагчынах, можа, часам знойдзем дзе траву, каб зберагчы жывымі коней і мулаў, і не замарыць голадам жывёлы».

І падзялілі яны паміж сабою зямлю, каб абысьці яе: Ахаў асобна пайшоў адною дарогай, і Аўдзій асобна пайшоў другою дарогай.
 
І падзялілі паміж сабой краіну, каб абысці яе: Ахаб пайшоў адной дарогай, і Абдзія — другой дарогай асобна.

Калі Аўдзій ішоў дарогаю, вось, насустрач яму ідзе Ільля. Ён пазнаў яго і ўпаў на аблічча сваё і сказаў: ці ты гэта, спадару мой Ільля?
 
І калі Абдзія быў у дарозе, выйшаў Ілля яму насустрач; ён, калі пазнаў яго, упаў на твар свой і сказаў: «Ці гэта ты, гаспадару мой, Ілля?»

Той сказаў яму: я, ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут.
 
Ён адказаў яму: «Так, я. Ідзі і скажы гаспадару твайму: “Вось, Ілля тут”».

Ён сказаў: чым я правініўся, што ты перадаеш раба твайго ў рукі Ахаву, каб забіць мяне?
 
І ён сказаў: «Чым я зграшыў, што ты аддаеш мяне, паслугача твайго, у рукі Ахаба, каб ён забіў мяне?

Жывы Гасподзь Бог твой! няма ніводнага народу і царства, куды б ня пасылаў гаспадар мой шукаць цябе; і калі яму казалі, што цябе няма, ён браў клятву з таго царства і народу, што не маглі знайсьці цябе;
 
Жыве Госпад, Бог твой! Няма народа або царства, да якога б не паслаў гаспадар мой, каб цябе адшукаць, калі адказалі ўсе: “Няма яго тут”, — ён казаў прысягнуць кожнаму царству і кожнаму народу, што цябе нельга там знайсці.

а ты цяпер кажаш: ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут.
 
І ты кажаш мне цяпер: “Ідзі і скажы гаспадару твайму: вось, Ілля тут”.

Калі я пайду ад цябе, тады Дух Гасподні аднясе цябе, ня ведаю, куды; і калі я пайду паведаміць Ахаву, і ён ня знойдзе цябе, дык ён заб’е мяне; а раб твой богабаязны з маладосьці сваёй.
 
І, калі я адыду ад цябе, возьме цябе Дух Госпадаў у месца, якога я не ведаю, і, калі я пайду і паведамлю Ахабу, ён не знойдзе цябе, дык ён заб’е мяне. А паслугач твой баіцца Госпада ад маленства свайго.

Хіба ня сказана гаспадару майму, што я зрабіў, калі Езавэль забівала прарокаў Гасподніх, як я хаваў сто чалавек прарокаў Гасподніх, па пяцьдзясят чалавек, у пячорах і карміў іх хлебам і вадою?
 
Ці не было сказана гаспадару майму, што я зрабіў, калі Езабэль забівала прарокаў Госпадавых: што я тады схаваў сто чалавек з прарокаў Госпада па пяцьдзесят у кожнай пячоры і карміў іх хлебам і вадой?

А ты цяпер кажаш: ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут; ён заб’е мяне.
 
І ты мне цяпер кажаш: “Ідзі і скажы гаспадару свайму: “Вось, Ілля тут”, каб ён забіў мяне”».

І сказаў Ільля: жывы Гасподзь Саваоф, прад Якім я стаю! сёньня я пакажуся яму.
 
Але Ілля адказаў: «Жыве Госпад Магуццяў, перад абліччам Якога стаю: сёння я пакажуся яму».

І пайшоў Аўдзій насустрач Ахаву і данёс яму. І пайшоў Ахаў насустрач Ільлю.
 
Дык Абдзія пайшоў насустрач Ахабу і сказаў яму. І пайшоў Ахаб насустрач Іллі.

Калі Ахаў убачыў Ільлю, дык сказаў Ахаў яму: ці ты гэта, хто бянтэжыць Ізраіля?
 
І, калі ўбачыў яго, сказаў: «Ці не ты той, хто трывожыць Ізраэль?»

І сказаў Ільля: ня я бянтэжу Ізраіля, а ты і дом бацькі твайго, тым, што вы пагардзілі загадамі Гасподнімі і ідзяце сьледам за Вааламі;
 
І ён адказаў: «Не я трывожу Ізраэль, але ты і род бацькі твайго, бо вы пакінулі прыказанні Госпада і ты пайшоў за Баалам.

цяпер пашлі і зьбяры да мяне ўсяго Ізраіля на гару Карміл, і чатырыста пяцьдзясят прарокаў Ваалавых, і чатырыста — прарокаў дуброўных, якія кормяцца ад стала Езавэлі.
 
Аднак цяпер пашлі і збяры да мяне на гару Кармэль увесь Ізраэль, і чатырыста пяцьдзесят прарокаў Баала і чатырыста прарокаў Асэры, якія ядуць са стала Езабэлі».

І паслаў Ахаў да ўсіх сыноў Ізраілевых і сабраў усіх на гару Карміл.
 
Паслаў Ахаб па ўсіх сыноў Ізраэля, і сабраў прарокаў на гары Кармэль.

І падышоў Ільля да ўсяго народу і сказаў: ці доўга вам кульгаць на абодва калены? Калі Гасподзь ёсьць Бог, дык ідзеце сьледам за Ім; калі Ваал, дык ідзеце сьледам за ім. І не адказваў народ яму ні слова.
 
І звярнуўся тады Ілля да ўсяго народа і сказаў: «Дакуль будзеце кульгаць на абедзве нагі? Калі Госпад ёсць Бог, ідзіце за Ім; калі ж Баал, — ідзіце тады за ім». І народ ані слова не адказаў яму на гэта.

І сказаў Ільля народу: я адзін застаўся прарок Гасподні, а прарокаў Ваалавых чатырыста пяцьдзясят чалавек;
 
Тады Ілля зноў звярнуўся да народа: «Я адзін застаўся з прарокаў Госпада; а прарокаў Баала — чатырыста пяцьдзесят.

хай дадуць нам двух цялят, і хай яны выберуць сабе адно цяля, і расьсякуць яго, і пакладуць на дровы, але агню хай не падкладваюць; а я падрыхтую другое цяля і пакладу на дровы, а агню не падкладу;
 
Хай дадуць нам двух быкоў, і хай яны выберуць сабе аднаго быка, і, пасекшы на часткі, пакладуць на дровы; але хай не падкладаюць агню! І я прыгатую другога быка, і пакладу яго таксама на дровы, але агню не падкладу.

і паклічце вы імя бога вашага, а я паклічу імя Госпада Бога майго. Той Бог, Які дасьць адказ праз агонь, ёсьць Бог. І адказваў увесь народ і сказаў: добра.
 
Заклікайце да імя вашага бога, і я буду заклікаць да імя Госпада; і той бог, які выслухае і спашле агонь, Той ёсць сапраўдны Бог!» Увесь народ адказаў: «Добрае гэта слова».

І сказаў Ільля прарокам Ваалавым: выберце сабе адно цяля і падрыхтуйце вы раней, бо вас многа; і паклічце імя бога вашага, але агню не падкладвайце.
 
І сказаў Ілля прарокам Баала: «Выберыце сабе аднаго быка і пачніце першыя, бо вас больш; заклікайце да імя бога вашага, і не падкладайце агню».

І ўзялі яны цяля, якое было дадзена ім, і прыгатавалі, і клікалі імя Ваала з раніцы да полудня, кажучы: Ваале, пачуй нас! Але ня было ні голасу, ні адказу. І скакалі яны каля ахвярніка, які зрабілі.
 
Калі ўзялі яны быка, якога даў ім, то прыгатавалі яго, і заклікалі да імя Баала ад раніцы аж да паўдня, крычучы: «Баал, выслухай нас!» І не было ані голасу, ані адказу. І скакалі кругом ахвярніка, які зрабілі.

Аполудні Ільля пачаў сьмяяцца зь іх і казаў: крычэце гучным голасам, бо ён бог; магчыма, ён задумаўся, альбо заняты чым-небудзь, альбо ў дарозе, а можа, і сьпіць, дык ён прачнецца!
 
І, калі быў ужо поўдзень, Ілля пачаў смяяцца з іх, кажучы: «Клічце мацней; бо гэта ж бог, і, можа, ён чым заняты, а можа, дзе выйшаў, а можа, у дарозе або спіць, хай абудзіцца!»

І пачалі яны крычаць гучным голасам і калолі сябе як звычайна нажамі і дзідамі, так што кроў лілася па іх.
 
Дык моцным голасам крычалі яны і калечылі сябе, паводле свайго звычаю, нажамі і дзідамі, пакуль не палілася з іх кроў.

Прайшоў полудзень, а яны ўсё яшчэ шалелі да самага часу вечаровага ахвярапрынашэньня; але ня было ні голасу, ні адказу, ні почуту.
 
А пасля прыйшоў поўдзень і, пакуль яны прарочылі, прыйшоў час, калі звычайна ўскладваюцца ахвяры з ежы, і не чулася ніякага голасу, і ніхто не адказваў і не звяртаў увагі на малітву іх.

Тады Ільля сказаў усяму народу: хадземце да мяне. І падышоў увесь народ да яго. Ён аднавіў разбураны ахвярнік Гасподні.
 
І сказаў Ілля ўсяму народу: «Падыдзіце да мяне». І, калі народ падышоў да яго, ён аднавіў ахвярнік Госпада, які быў развалены;

І ўзяў Ільля дванаццаць камянёў, па колькасьці каленаў сыноў Якава, якому Гасподзь сказаў так: Ізраіль будзе імя тваё.
 
і прынёс ён дванаццаць камянёў паводле ліку пакаленняў сыноў Якуба, якому Госпад сказаў, кажучы: «Ізраэль будзе імя тваё».

І пабудаваў з гэтых камянёў ахвярнік у імя Госпада, і зрабіў вакол ахвярніка роў, ёмістасьцю ў дзьве саты зерня,
 
І з тых камянёў пабудаваў ахвярнік імю Госпада, і выкапаў роў вакол ахвярніка, які змяшчаў два саты зерня.

і паклаў дровы, і расьсек цяля, і паклаў яго на дровы,
 
І паклаў ён дровы, і рассек на часткі быка, і паклаў на дровы,

і сказаў: напоўніце чатыры вядры вады і вылівайце на ўсепальную ахвяру і на дровы. Потым сказаў: паўтарэце. І яны паўтарылі. І сказаў: зрабеце тое самае трэці раз. І зрабілі трэці раз,
 
і сказаў: «Набярыце чатыры вядры вады і выліце на ахвяру і на дровы!» І зноў сказаў: «Зрабіце тое самае ў другі раз». Калі яны зрабілі гэта і ў другі раз, сказаў: «І ў трэці раз зрабіце тое самае». І зрабілі яны ў трэці раз,

і вада палілася вакол ахвярніка, і роў напоўніўся вадою.
 
і пацякла вада кругом ахвярніка, і роў быў запоўнены вадою.

У час ахвярапрынашэньня вечаровай ахвяры падышоў Ільля прарок — і сказаў: Госпадзе Божа Абрагамаў, Ісаакаў і Ізраілеў! Хай спазнаюць у гэты дзень, што Ты адзін Бог у Ізраілі, і што я раб Твой і зрабіў усё паводле слова Твайго.
 
І калі ўжо быў час ускладаць ахвяру з ежы, падышоў Ілля прарок і сказаў: «Госпадзе, Божа Абрагама, Ізаака і Ізраэля! Сёння пакажы, што Ты — Бог у Ізраэлі, і што я — паслугач Твой, і што паводле слова Твайго зрабіў усё гэта.

Пачуй мяне, Госпадзе, пачуй мяне! Хай спазнае народ гэты, што Ты, Госпадзе, Бог, і Ты павернеш сэрца іхняе да Цябе.
 
Выслухай мяне, Госпадзе, выслухай мяне, каб зразумеў гэты народ, што Ты, Госпадзе, — Бог, і Ты навярні зноў іх сэрца!»

І апаў агонь Гасподні і зжэр цэласпаленьне і дровы, і камяні і пыл, і паглынуў ваду, якая ў рове.
 
І сышоў агонь Госпадаў, і спаліў ахвяру, і дровы, і камяні, а таксама попел і ваду, якая была ў рове, высушыў.

Убачыўшы гэта, увесь народ упаў на аблічча сваё і сказаў: Гасподзь ёсьць Бог, Гасподзь ёсьць Бог!
 
Калі ўбачыў гэта ўвесь народ, упаў на твар свой і сказаў: «Госпад — гэта Бог, Госпад — гэта Бог!»

І сказаў ім Ільля: схапеце прарокаў Ваалавых, каб ніводзін зь іх не схаваўся. І схапілі іх, і завёў іх Ільля да патока Кісона і закалоў іх там.
 
І загадаў ім Ілля: «Схапіце прарокаў Баала, і хай ніводзін з іх не ўцячэ!» Калі іх схапілі, завёў іх Ілля да ручая Кісон і там пазабіваў іх,

І сказаў Ільля Ахаву: ідзі, еж і пі, бо чуцен шум дажджу.
 
і сказаў Ілля Ахабу: «Ідзі, еш і пі, бо гэта шум вялікага дажджу!»

І пайшоў Ахаў есьці і піць, а Ільля ўзышоў на верх Карміла і нахіліўся да зямлі, і паклаў аблічча сваё паміж каленяў сваіх,
 
І пайшоў Ахаб есці і піць. А Ілля ўзышоў на вяршыню Кармэля, і, нахіліўшыся да зямлі, схаваў твар свой між каленяў,

і сказаў хлопчыку свайму: ідзі, паглядзі да мора. Той пайшоў і паглядзеў, і сказаў: рабі гэта далей да сямі разоў.
 
і сказаў ён паслугачу свайму: «Выйдзі і глянь на мора». Той, калі выйшаў, глянуў і сказаў: «Няма нічога». І Ілля сказаў яму: «Вяртайся сем разоў!»

На сёмы раз той сказаў: вось, невялікае воблака падымаецца ад мора, велічынёю ў далоню чалавечую. Ён сказаў: ідзі, скажы Ахаву: запрагай і едзь, каб не застаў цябе дождж.
 
І ў сёмы раз сказаў ён: «Вось, воблачка малое, нібы рука чалавечая, падымаецца з мора». І сказаў ён: «Ідзі і скажы Ахабу: “Запрагай і ад’язджай, каб не захапіў цябе дождж!”»

Між тым неба спахмурнела ад хмар і ад ветру, і пайшоў вялікі дождж. А Ахаў сеў у калясьніцу, і паехаў у Ізрэель.
 
І неўзабаве здарылася: нябёсы пацямнелі ад хмар і ветру, і пачаўся лівень. А Ахаб сеў у калясніцу і накіраваўся ў Езрагэль.

І была на Ільлі рука Гасподняя. Ён аперазаў сьцёгны свае і бег перад Ахавам да самага Ізрэеля.
 
Рука ж Госпадава дапамагала Іллі. І ён, падперазаўшы паясніцу сваю, пабег перад Ахабам і прыбыў у Езрагэль.