3 царстваў 19 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І пераказаў Ахаў Езавэлі ўсё, што зрабіў Ільля, і тое, што ён забіў усіх прарокаў мечам.
 
І расказаў Ахаб Езабэлі ўсё, што зрабіў Ілля і як пазабіваў ён усіх прарокаў мечам.

І паслала Езавэль пасланца да Ільлі сказаць: няхай тое і тое зробяць мне багі і яшчэ больш зробяць, калі я заўтра да гэтага часу не зраблю з тваёю душою таго, што зроблена з душою кожнага зь іх.
 
Тады Езабэль паслала да Іллі пасланца, каб сказаў: «Хай гэта зробяць мне багі і яшчэ дададуць, калі заўтра ў гэтую пару я не зраблю з тваёю душою тое, што зроблена з душою кожнага з іх».

Убачыўшы гэта, ён устаў і пайшоў, каб выратаваць жыцьцё сваё, і прыйшоў у Вірсавію, якая ў Юдэі, і пакінуў хлопчыка свайго там;
 
Дык напалохаўся Ілля і, устаўшы, пайшоў, каб уратаваць жыццё сваё; і прыйшоў ён у Бээр-Сэбу юдэйскую, і пакінуў там свайго паслугача,

а сам адышоў у пустыню на дзень дарогі і прыйшоўшы сеў пад карчом ядлоўцу, і прасіў сьмерці сабе і сказаў: даволі ўжо, Госпадзе; вазьмі душу маю, бо я ня лепшы за бацькоў маіх.
 
і сам пайшоў у пустыню на дзень дарогі, і, калі прыйшоў ён і сеў пад адзін з ядлоўцаў, то прасіў сабе смерці, і жаліўся: «Хопіць ужо мне, Госпадзе! Вазьмі душу маю; бо я не лепшы, чым бацькі мае».

І лёг і заснуў пад карчом ядлоўцу. І вось, анёл дакрануўся да яго і сказаў яму: устань, еж і пі.
 
І лёг ён, і заснуў у засені ядлоўцу; і вось анёл Госпадаў дакрануўся да яго і сказаў яму: «Устань і паеш!»

І зірнуў Ільля, і вось, каля ўзгалоўя ягонага печаны праснак і збанок вады. Ён паеў і напіўся і зноў заснуў.
 
Глянуў ён: і вось, каля галавы яго хлеб, спечаны ў прысаку, і збан вады; дык ён паеў і папіў і зноў лёг спаць.

І вярнуўся анёл Гасподні другі раз, дакрануўся да яго і сказаў: устань, еж і пі, бо далёкая дарога перад табою.
 
І другі раз вярнуўся анёл Госпадаў, і дакрануўся да яго, і сказаў яму: «Устань і еш, бо вялікая дарога ў цябе наперадзе».

І ўстаў ён, паеў і напіўся, і, падсілкаваўшыся тою ежаю, ішоў сорак дзён і сорак начэй да гары Божай Харыва.
 
Ён, калі ўстаў, паеў і папіў і, падсілкаваны тою ежай, ішоў сорак дзён і сорак начэй аж да гары Божай Гарэб.

І ўвайшоў ён там у пячору і начаваў у ёй. І вось, было да яго слова Гасподняе, і сказаў яму Гасподзь: што ты тут, Ільля?
 
І, прыбыўшы туды, заначаваў у пячоры. І вось, прамовіў да яго Госпад, і сказаў яму: «Што ты тут робіш, Ілля?»

Ён сказаў: зарупіўся я пра Госпада Бога Саваофа, бо сыны Ізраілевыя пакінулі запавет Твой, разбурылі Твае ахвярнікі і прарокаў Тваіх забілі мечам; застаўся я адзін, але і маёй душы шукаюць, каб адабраць яе.
 
А ён адказаў: «Запалаў я руплівасцю дзеля Госпада, Бога Магуццяў, бо сыны Ізраэля занядбалі запавет Твой, ахвярнікі Твае развалілі, а прарокаў Тваіх пазабівалі мечам, і застаўся я адзін, і на маё жыццё цікуюць, каб знішчыць яго».

І сказаў: выйдзі і стань на гары перад абліччам Гасподнім; і вось, Гасподзь пройдзе, і вялікі і моцны вецер, які разьдзірае горы і крышыць скалы прад Госпадам, але ня ў ветры Гасподзь; пасьля ветру землятрус, але ня ў землятрусе Гасподзь;
 
І сказаў яму Госпад: «Выйдзі і стань на гары перад Госпадам». І вось, праходзіць Госпад, і моцны і вялікі вецер пераварочваў горы і разбіваў скалы перад Госпадам — у ветры няма Госпада. І пасля ветру землятрус — у землятрусе няма Госпада.

пасьля землятрусу агонь, але не ў агні Гасподзь; пасьля агню веяньне ціхага ветру, і там Гасподзь.
 
І па землятрусе агонь — у агні няма Госпада. І па агні — подых ціхага ветру.

Пачуўшы гэта, Ільля засланіў твар свой аўчынай сваёю і выйшаў і стаў каля ўваходу ў пячору. І быў яму голас і сказаў яму: што ты тут, Ільля?
 
Калі пачуў гэта Ілля, закрыў твар свой плашчом і, выйшаўшы, стаў ля ўваходу ў пячору; і, вось, голас, які кажа яму: «Ілля, што ты робіш тут?»

Ён сказаў: зарупіўся я пра Госпада Бога Саваофа, бо сыны Ізраілевыя пакінулі запавет Твой, разбурылі ахвярнікі Твае і прарокаў Тваіх забілі мечам; застаўся я адзін, але і маёй душы шукаюць, каб адабраць яе.
 
Ён адказаў: «Запалаў я руплівасцю дзеля Госпада, Бога Магуццяў, бо сыны Ізраэля занядбалі запавет Твой, развалілі ахвярнікі Твае і мечам пазабівалі прарокаў Тваіх: і застаўся я адзін, але і на маё жыццё цікуюць, каб знішчыць яго».

І сказаў яму Гасподзь: ідзі назад сваёю дарогаю праз пустыню ў Дамаск, і калі прыйдзеш, дык памаж Азаіла ў цара над Сірыяй,
 
І сказаў яму Госпад: «Ідзі і вяртайся ў Дамаск праз пустыню дарогай сваёй; і, калі прыбудзеш, намасці Газаэля на цара Сірыі,

а Іуя, сына Намэсіінага, памаж за цара над Ізраілем; а Елісея, сына Сафатавага, з Авэль-Мэхолы, памаж за прарока замест сябе;
 
і Егу, сына Намсі, намасці на цара Ізраэля, а Элісея, сына Сафата, з Абэл-Мэхолы, памажаш на прарока замест сябе.

хто ўцячэ ад меча Азаілавага, таго заб’е Іуй, а хто ўратуецца ад меча Іуевага, таго заб’е Елісей;
 
І станецца: хто ўхаваецца ад меча Газаэля, таго заб’е Егу, і хто ўцячэ ад меча Егу, таго заб’е Элісей.

зрэшты Я пакінуў паміж Ізраільцянамі сем тысяч; калені іх усіх ня схіляліся перад Ваалам і вусны ўсіх гэтых не цалавалі яго.
 
І Я ў Ізраэлі пакіну сем тысяч: калені ўсіх, хто не ўкленчыў перад Баалам, і ўсе вусны, якія не цалавалі яго».

І пайшоў ён адтуль і знайшоў Елісея, сына Сафатавага, калі ён араў; дванаццаць пар валоў было ў яго, і сам ён быў каля дванаццатай. Ільля, праходзячы міма яго, кінуў на яго аўчыну сваю.
 
Дык, пайшоўшы адтуль, Ілля знайшоў Элісея, сына Сафата, які араў дванаццаццю парамі валоў, і сам быў пры дванаццатай. І, калі падышоў да яго Ілля, ён кінуў на яго плашч свой,

І пакінуў Елісей валоў, і пабег за Ільлём, і сказаў: дазволь мне пацалаваць бацьку майго і маці маю, і я пайду за табою. Ён сказаў яму: ідзі і прыйдзі назад, бо што зрабіў я табе?
 
а той адразу ж, пакінуўшы валоў, пабег за Іллёй і сказаў: «Дазволь мне пацалаваць бацьку майго і маці маю, каб пасля ісці за табой». І ён сказаў яму: «Ідзі і вяртайся, бо што я зрабіў табе?»

Ён, адышоўшы ад яго, узяў пару валоў і закалоў іх, і запаліўшы плуг валоў, засмажыў мяса і раздаў людзям, і яны елі. А сам устаў і пайшоў за Ільлём і пачаў служыць яму.
 
І ён, вярнуўшыся, узяў пару валоў і склаў іх у ахвяру, і на ярме валоў зварыў мяса і даў людзям, каб елі. І, сабраўшыся, пайшоў за Іллёй, і стаў яго паслугачом.