2 летапісаў 10 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І пайшоў Раваам у Сіхем, бо ў Сіхем сышліся ўсе Ізраільцяне, каб паставіць яго царом.
 
Рабаам выбраўся ў Сіхэм, бо там сабраўся ўвесь Ізраэль, каб абраць яго царом.

Калі дачуўся пра гэта Ераваам, сын Наватаў, — ён быў у Егіпце, куды ўцёк ад цара Саламона, — дык вярнуўся Ераваам зь Егіпта.
 
Калі пра гэта пачуў Ерабаам, сын Набата, які прабываў у Егіпце, — бо туды ўцёк ад цара Саламона, — адразу ж вярнуўся з Егіпта;

І паслалі і клікалі яго; і прыйшоў Ераваам і ўвесь Ізраіль, і казалі Еравааму так:
 
паклікалі яго, і ён прыбыў з усім Ізраэлем, ды сказалі яны Рабааму:

бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо; але ты паслабі жорсткую працу бацькі твайго і цяжкае ярмо, якое ён наклаў на нас, і мы будзем служыць табе.
 
«Твой бацька наклаў на нас вельмі цяжкае ярмо; ты палегчы тое, што прыказаў бацька твой, які наклаў на нас цяжкую няволю, ды трошкі паменшы цяжар, і будзем табе служыць».

І сказаў ім Раваам; праз тры дні прыйдзеце зноў да мяне. І разышоўся народ.
 
Ён сказаў: «Праз тры дні вярніцеся да мяне». І калі народ адышоў,

І раіўся цар Раваам са старэйшынамі, якія стаялі перад тварам Саламона, бацькі ягонага, пры жыцьці ягоным, і казаў: як вы параіце адказваць народу гэтаму?
 
цар Рабаам зрабіў нараду са старэйшынамі, якія былі дарадчыкамі бацькі яго Саламона, калі той яшчэ жыў, пытаючыся: «Якую дасце параду, каб адказаць народу?»

Яны сказалі яму: калі ты будзеш добры да народу гэтага і дагодзіш ім і будзеш гаварыць зь імі ласкава, дык яны будуць табе рабамі на ўсе дні.
 
Тыя сказалі яму: «Калі падабацца будзеш гэтаму народу і змякчаць іх спагаднымі словамі, то будуць табе служыць увесь час».

Але ён адкінуў параду старэйшын, якую яны давалі яму, і пачаў раіцца зь людзьмі маладымі, якія вырасьлі разам зь ім, якія стаялі перад тварам ягоным;
 
Але ён пакінуў параду старэйшын і пачаў раіцца з юнакамі, якія выраслі разам з ім і былі ў яго атачэнні.

і сказаў ім: што вы параіце мне адказваць народу гэтаму, які казаў мне так: паслабі ярмо, якое наклаў на нас бацька твой?
 
І сказаў ён ім: «Што вам здаецца або што маем адказаць народу гэтаму, які сказаў мне: “Палегчы ярмо, якое ўсклаў на нас бацька твой”»?

І казалі яму маладыя людзі, якія вырасьлі разам зь ім, і сказалі: бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо, а ты паслабі нам, — так скажы ім: мезенец мой таўсьцейшы за сьцёгны бацькі майго.
 
І юнакі, якія гадаваліся з ім, адказалі і сказалі: «Так скажаш народу, які казаў табе: “Бацька твой абклаў нас ярмом, ты палегчы”, — і так будзеш казаць ім: “Мой мезены палец грубейшы, чым сцёгны майго бацькі;

Бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я павялічу ярмо вашае, бацька мой караў вас бізунамі, а я буду скарпіёнамі.
 
бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я накладу большы цяжар; бацька мой біў вас бізунамі, а я буду вас біць скарпіёнамі”».

І прыйшоў Ераваам і ўвесь народ да Раваама на трэці дзень, як загадаў цар, сказаўшы: прыйдзеце да мяне зноў праз тры дні.
 
Такім чынам, трэцяга дня прыбыў Ерабаам ды ўвесь народ да Рабаама, як загадаў ім цар, кажучы: «Вярніцеся да мяне трэцяга дня».

Тады цар адказваў ім сурова, бо пакінуў цар Раваам параду старэйшын, і казаў ім па парадзе маладых людзей так:
 
Ды адказаў цар ім грозна, пакінуўшы параду старэйшын;

бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а Я павялічу яго; бацька мой караў вас бізунамі, а я буду скарпіёнамі.
 
і сказаў ім па волі юнакоў: «Бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я яшчэ цяжэйшае ўскладу. Бацька мой біў вас бізунамі, а я буду біць вас скарпіёнамі».

І не паслухаўся цар народу, бо так уладжана было ад Бога, каб спраўдзіць Госпаду слова Сваё, якое прамовіў ён праз Ахію Сіламляніна Еравааму, сыну Наватаваму.
 
І не паслухаў ён просьбы народа. Бо было воляй Божай, каб споўнілася слова Яго, якое сказаў праз руку Ахіі Сіланіта да Ерабаама, сына Набата.

Калі ўвесь Ізраіль убачыў, што ня слухае яго цар, дык адказваў народ цару, кажучы: якая нам доля ў Давідзе? няма нам долі ў сыне Есэевым; па намётах сваіх, Ізраіль, цяпер ведай свой дом, Давідзе. І разышліся ўсе Ізраільцяне па намётах сваіх.
 
А ўвесь Ізраэль, бачачы, што цар не захацеў іх слухаць, сказаў яму: «Не маем мы нічога супольнага з Давідам, ані спадчыны з сынам Ясэя! Вяртайся ў свае палаткі, Ізраэлю! А ты, Давідзе, глядзі свой дом!» І вярнуўся Ізраэль у свае палаткі.

Толькі над сынамі Ізраілевымі, якія жылі ў гарадах Юдавых, застаўся царом Раваам.
 
А Рабаам цараваў толькі над тымі ізраэльцамі, якія пражывалі ў гарадах Юдэі.

І паслаў цар Раваам Аданірама, начальніка над зборам даніны, і закідалі яго сыны Ізраілевыя камянямі, і ён памёр. А цар Раваам пасьпяшаўся сесьці на калясьніцу, каб уцячы ў Ерусалім.
 
І калі цар Рабаам паслаў Адарама, які быў пастаўлены над нявольнікамі, дык сыны Ізраэля ўкаменавалі яго і ён памёр. Затым цар Рабаам паспешна сеў у калясніцу ды ўцёк у Ерузалім.

Так адасобіліся Ізраільцяне ад дома Давідавага да сёньня.
 
І Ізраэль адлучыўся ад дому Давіда аж па сённяшні дзень.