2 летапісаў 33 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Дванаццаць гадоў было Манасіі, калі зацараваў, і пяцьдзясят пяць валадарыў у Ерусаліме,
 
Калі Манаса стаў царом, меў дваццаць гадоў, і пяцьдзесят пяць гадоў цараваў у Ерузаліме.

і рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх, пераймаючы мярзоты народаў, якіх прагнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых,
 
А ён рабіў тое, што ліхім было ў вачах Госпада, па агіднасцях паганаў, якіх Госпад выдаліў перад сынамі Ізраэля.

і зноў зладзіў вышыні, якія разбурыў Эзэкія, бацька ягоны, і паставіў ахвярнікі Ваалам, і ўладзіў дубровы, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму;
 
І, адвярнуўшыся ад Бога, аднавіў узгоркі, якія перавярнуў Эзэкія, бацька яго, і пабудаваў ахвярнікі Баалам, і зрабіў слупы, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму ды служыў яму.

і спарудзіў ахвярнікі ў доме Гасподнім, пра які сказаў Гасподзь: у Ерусаліме будзе імя Маё вечна;
 
Пабудаваў таксама два ахвярнікі ў доме Госпада, аб якім Госпад сказаў: «У Ерузаліме імя Маё будзе вечна».

і спарудзіў ахвярнікі ўсяму войску нябеснаму на абодвух дварах дома Гасподняга.
 
Пабудаваў жа ахвярнікі для ўсяго войска нябеснага ў двух панадворках святыні Госпада.

А ён правёў сыноў сваіх праз агонь у даліне сына Эномавага, і гадаў, і варажыў, і чараваў, і назначыў закліначоў і чараўнікоў: многа рабіў ён незаўгоднага ў вачах Госпада, для гневу Яго.
 
І ён перавёў сыноў сваіх праз агонь у лагчыне сыноў Гэнома. Займаўся варажбой, чарамі, служыў паганскім культам; меў пры сабе заклінальнікаў і вешчуноў; многа ліха рабіў перад абліччам Госпада, каб гнявіць Яго.

І паставіў разьбёнага ідала, якога зрабіў, у доме Божым, пра якога і казаў Бог Давіду і Саламону, сыну ягонаму: у доме гэтым і ў Ерусаліме, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраілевых, Я пакладу імя Маё навек;
 
Таксама паставіў статую ідала, якога сам зрабіў, у доме Госпада, аб якім так казаў Бог Давіду і Саламону, сыну яго, кажучы: «У гэтым доме і ў Ерузаліме, які выбраў Я з усіх пакаленняў Ізраэля, пакіну імя Маё навечна.

і ня дам наперад выступіць назе Ізраіля зь зямлі гэтай, якую Я замацаваў за бацькамі іхнімі, калі толькі яны будуць старацца выконваць усё, што Я наказаў ім, паводле ўсяго закона і пастановаў і загадаў, дадзеных рукою Майсея.
 
І не дазволю, каб нага Ізраэля вырушыла з гэтай зямлі, якую даў Я бацькам іх, калі толькі будуць пільнаваць тое, што Я загадаў ім, і ўвесь закон, і прыказанні, а таксама пастановы, уведзеныя праз руку Майсея».

Але Манасія давёў Юдэю і жыхароў Ерусаліма да таго, што яны рабілі горш за тыя народы, якіх вынішчыў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых.
 
Дык Манаса давёў Юду і жыхароў Ерузаліма, што яны паводзілі сябе горш, чым усе пагане, якіх Госпад знішчыў перад сынамі Ізраэля.

І гаварыў Гасподзь Манасіі і народу яго, але яны ня слухалі.
 
І перасцярог Госпад яго і народ яго, і не пажадалі яны зважаць на гэта.

І прывёў Гасподзь на іх ваеначальнікаў цара Асірыйскага, і закавалі яны Манасію ў кайданы і закавалі яго ланцугамі, і зьвялі яго ў Вавілон.
 
Дзеля таго навёў на іх кіраўнікоў войска цара асірыйцаў; і яны Манасу закавалі ў кайданы, і, звязанага ланцугамі, павялі ў Бабілон.

І ва ўціску сваім пачаў ён умольваць Госпада Бога свайго і глыбока ўпакорыўся прад Богам бацькоў сваіх.
 
Ён у горы сваім маліў Госпада, Бога свайго, і моцнай пакутай упакорыўся перад Богам бацькоў сваіх.

І памаліўся Яму, і Бог схіліўся да яго і пачуў малітву ягоную, і вярнуў яго ў Ерусалім на царства ягонае. І даведаўся Манасія, што Гасподзь ёсьць Бог.
 
Ды ўмольваў Яго, і Бог, літасцівы да яго, выслухаў маленне яго і вярнуў яго ў Ерузалім у яго царства; і пераканаўся Манаса, што толькі Госпад ёсць Бог.

І пасьля таго пабудаваў зьнешнюю сьцяну горада Давідавага, на заходнім баку Геона, па лагчыне і да ўваходу ў рыбную браму, і правёў яе вакол Афэла і высока падняў яе. І паставіў ваеначальнікаў па ўсіх умацаваных гарадах у Юдэі,
 
Пасля пабудаваў мур за горадам Давіда на захад ад Гіхона ў даліне і аж да ўваходу Рыбнай брамы навокал Афэла, і многа яго павысіў; і паставіў кіраўнікоў над войскам па ўсіх умацаваных гарадах Юдэі.

і скінуў чужаземных багоў і ідалаў з дома Гасподняга, і ўсе капішчы, якія спарудзіў на гары дома Гасподняга ў Ерусаліме, і выкінуў іх за горад.
 
І выкінуў чужых багоў і ідалаў з святыні Госпада, таксама ахвярнікі, якія пабудаваў на гары дома Госпада і ў Ерузаліме, ды выкінуў усё з горада.

І аднавіў ахвярнік Гасподні і прынёс на ім ахвяры мірныя і хвалебныя, і сказаў Юдэям, каб яны служылі Госпаду Богу Ізраілеваму.
 
Далей аднавіў ахвярнік Госпада і ўсклаў на яго ахвяры мірныя і падзякі, і загадаў Юдзе служыць Госпаду, Богу Ізраэля.

Але народ яшчэ прыносіў ахвяры на вышынях, хоць і Госпаду Богу свайму.
 
Але і далей народ ускладаў ахвяры на ўзгорках Госпаду, Богу свайму.

Астатнія дзеі Манасіі, і малітва яго да Бога свайго, і словы празорліўцаў, якія гаварылі зь ім імем Госпада Бога Ізраілевага, яны ў запісах цароў Ізраілевых.
 
Астатнія дзеянні Манасы ды яго маленне да Бога свайго, поруч словы прадракальнікаў, якія прамаўлялі да яго ў імя Госпада, Бога Ізраэля, — знаходзяцца ў запісах цароў Ізраэля.

І малітва ягоная, і тое, што Бог схіліўся да яго, і ўсе грахі ягоныя і беззаконьні ягоныя, і месцы, на якіх ён пабудаваў вышыні і паставіў выявы Астарты і балванаў, да таго як упакорыўся, апісаны ў запісах Хазая.
 
Таксама яго маленне і выслухванне, і ўсе яго грахі, і злачынствы, а таксама месцы, на якіх ён пабудаваў узгоркі, і зрабіў слупы і ідалаў, перад тым як ён упакорыўся, запісаны ў Размовах Газая.

І спачыў Манасія з бацькамі сваімі і пахавалі яго ў доме ягоным. І зацараваў Амон, сын ягоны, замест яго.
 
Такім чынам, супачыў Манаса са сваімі бацькамі ды пахавалі яго ў яго доме. І па ім цараваў сын яго Амон.

Дваццаць два гады было Амону, калі зацараваў, і два гады валадарыў у Ерусаліме,
 
Амон меў дваццаць два гады, калі стаў царом, і два гады быў царом у Ерузаліме.

і рабіў незаўгоднае ў вачах Гасподніх так, як рабіў Манасія, бацька ягоны; і ўсім балванам, якіх зрабіў Манасія, бацька ягоны, прыносіў Амон ахвяры і служыў ім.
 
І чыніў зло перад абліччам Госпада, як рабіў бацька яго Манаса, і ўсім ідалам, якіх зрабіў Манаса, складаў ахвяры і пакланяўся.

І не ўпакорыўся прад абліччам Гасподнім, як упакорыўся Манасія, бацька ягоны; наадварот, Амон памножыў свае грахі.
 
І не ўпакорыўся перад абліччам Госпада, як упакорыўся Манаса, бацька яго, ды яшчэ болей грашыў.

І склалі супроць яго змову слугі ягоныя і забілі яго ў доме ягоным.
 
І тады паслугачы яго змовіліся супраць яго, і забілі яго ў яго палацы.

Але народ зямлі перабіў усіх, што былі ў змове супраць цара Амона, і паставіў народ зямлі царом Ёсію, сына ягонага, замест яго.
 
Затым народ зямлі, выразаўшы ўсіх, хто змовіўся супраць цара Амона, на яго месца паставіў царом сына яго Осію.