2 летапісаў 7 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Калі закончыў Саламон малітву, сышоў агонь зь неба і паглынуў цэласпаленьне і ахвяры, і слава Гасподняя напоўніла дом.
 
І калі Саламон закончыў маленне, сышоў агонь з неба і спаліў цэласпаленні і ахвяры, і слава Госпадава запоўніла дом.

І не маглі сьвятары ўвайсьці ў дом Гасподні, бо слава Гасподняя напоўніла дом Гасподні.
 
І святары не змаглі ўвайсці ў святыню Госпадаву таму, што слава Госпадава запоўніла святыню Госпадаву.

І ўсе сыны Ізраілевыя, бачачы, як сышоў агонь і слава Гасподняя на дом, упалі тварам на зямлю, на памост, і пакланіліся, і славасловілі Госпада, бо Ён добры, бо вавек міласьць Ягоная.
 
Прытым усе сыны Ізраэля бачылі агонь, які сыходзіў, і славу Госпадаву над святыняй, ды, упаўшы ніц на зямлю, на падлогу, высланую каменем, пакланіліся і славілі Госпада: «Бо Ён добры, бо вечная міласэрнасць Яго».

А цар і ўвесь народ пачалі прыносіць ахвяры прад абліччам Госпада.
 
Цар жа і ўвесь народ ускладалі ахвяры перад Госпадам.

І прынёс цар Саламон у ахвяру дваццаць дзьве тысячы валоў і сто дваццаць тысяч авечак: так асьвяцілі дом Божы цар і ўвесь народ.
 
Такім чынам, цар Саламон усклаў у ахвяру дваццаць дзве тысячы валоў, сто дваццаць тысяч авечак, і асвяцілі дом Божы цар і ўвесь народ.

Сьвятары стаялі ў служэньні сваім, і лявіты з музычнымі спарудамі Госпада, якія зрабіў цар Давід дзеля праслаўленьня Госпада, бо вечная міласьць Ягоная, бо Давід славасловіў празь іх; а сьвятары трубілі перад ім, і ўвесь Ізраіль стаяў.
 
Святары ж спаўнялі свае абавязкі, і левіты з музычнымі інструментамі, якія справіў Давід цар для славы Госпада: «Бо вечная ёсць міласэрнасць Яго», — спявалі яны гімны Давіда, і Давід славіў Яго праз іх. Затым святары перад імі трубілі ў трубы, і ўвесь Ізраэль стаяў.

Асьвяціў Саламон і ўнутраную частку двара, якая перад домам Гасподнім, бо прынёс там цэласпаленьні і тлушч мірных ахвяр, бо ахвярнік медны, зроблены Саламонам, ня мог умяшчаць цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня і тлушчу.
 
Таксама асвяціў Саламон сярэдзіну панадворка перад святыняй Госпадавай; бо ўсклаў Ён там ахвяры цэласпалення і тлушч ахвяр прымірэння, бо медны ахвярнік, які ён зрабіў, не мог змясціць цэласпаленняў ды ахвяр з ежы і тлушч.

І зрабіў Саламон у той час сямідзённае сьвята, і ўвесь Ізраіль зь ім — сход вельмі вялікі, які сабраўся ад уваходу ў Эмат да ракі Егіпецкай;
 
Такім чынам, у той час святкаваў Саламон сем дзён, і з ім увесь Ізраэль — вельмі вялікая супольнасць ад уваходу ў Эмат аж да ручая Егіпецкага.

а ў дзень восьмы зрабілі сьвята, бо асьвячэньне ахвярніка ўчынялі сем дзён і сьвята сем дзён.
 
І на восьмы дзень учынілі яны вялікі сход, бо сем дзён яны асвячалі ахвярнік ды сем дзён святкавалі ўрачыстасць.

І на дваццаць трэці дзень сёмага месяца цар адпусьціў народ у намёты іхнія, радуючыся ў сэрцы за дабро, якое зрабіў Гасподзь Давіду і Саламону і Ізраілю, народу Свайму.
 
Такім чынам, толькі ў дваццаць трэці дзень сёмага месяца ён адпусціў да сваіх палатак народ, які цешыўся і радаваўся на дабро, якое Госпад учыніў Давіду, і Саламону, і народу свайму Ізраэлю.

І закончыў Саламон дом Гасподні і дом царскі; і ўсё, што прапанаваў Саламон у сэрцы сваім зрабіць у доме Гасподнім у доме сваім, учыніў ён пасьпяхова.
 
І Саламон скончыў дом Госпадаў і палац цара; і ўсё, аб чым меў намер у сэрцы сваім, каб зрабіць у доме Госпадавым і ў сваім палацы, выканаў паспяхова.

І зьявіўся Гасподзь Саламону ўначы і сказаў яму: Я пачуў малітву тваю і выбраў Сабе месца гэтае ў доме ахвярапрынашэньня.
 
А аднойчы з’явіўся яму Госпад ноччу і сказаў: «Выслухаў Я маленне тваё ды выбраў Сабе гэтае месца на дом ахвяр.

Калі Я зачыню неба і ня будзе дажджу, і калі загадаю саранчы паядаць зямлю, альбо пашлю згубную пошасьць на народ Мой,
 
Калі зачыню неба, і не будзе дажджу, і калі загадаю, прыкажу саранчы нішчыць палі ды пашлю пошасць на народ Мой,

і ўпакорыцца народ Мой, які называецца імем Маім, і будуць маліцца, і шукацьмуць аблічча Майго, і адвернуцца ад благіх шляхоў сваіх, дык Я пачую зь неба і дарую грахі іхнія і ацалю зямлю іхнюю.
 
а народ Мой, над якім прызвана было імя Маё, упакорыцца, і будзе Мяне маліць, і шукаць аблічча Майго ды пакутаваць дзеля найгоршых шляхоў сваіх, — тады Я выслухаю яго з неба, і буду ласкавы дзеля яго грахоў ды аздараўлю яго зямлю.

Цяпер вочы Мае будуць адкрытыя і вушы Мае ўважлівыя да малітвы на месцы гэтым.
 
Цяпер вочы Мае будуць адкрытыя і вушы Мае чуткія да мальбы таго, хто ў гэтым месцы будзе маліцца;

І цяпер Я выбраў і асьвяціў дом гэты, каб імя Маё было там вечна; і вочы Мае і сэрца Маё будзе там ва ўсе дні.
 
бо выбраў Я і асвяціў гэта месца, каб імя Маё было там вечна і каб вочы Мае і сэрца Маё заставаліся там заўсёды.

І калі ты будзеш хадзіць прад абліччам Маім, як хадзіў Давід, бацька твой, і будзеш рабіць усё, што Я загадаў табе, і будзеш захоўваць пастановы Мае і законы Мае,
 
Таксама ты, калі будзеш весці сябе перад абліччам Маім, як вёў сябе Давід, бацька твой, ды будзеш рабіць усё, што Я загадаў табе, і калі захаваеш прыказанні Мае і законы Мае,

дык умацую трон царства твайго, як Я абяцаў Давіду, бацьку твайму, кажучы: не перастанецца ў цябе муж, які валодае Ізраілем.
 
зраблю трывалым пасад улады тваёй, як паабяцаў я Давіду, бацьку твайму, калі казаў: “Не будзе адкінуты з нашчадкаў тваіх чалавек, які будзе валадаром у Ізраэлі”.

А калі вы адступіцеся і пакінеце пастановы Мае і запаведзі Мае, якія Я даў вам і пойдзеце і пачняце служыць багам іншым і пакланяцца ім,
 
А калі адвернецеся ад Мяне ды адкінеце Мае пастановы і прыказанні Мае, якія вам даручыў, і, адышоўшы, будзеце пакланяцца чужым багам ды ім служыць, —

дык Я зьнішчу Ізраіля з улоньня зямлі Маёй, якую Я даў ім, і храм гэты, які Я асьвяціў імю Майму, адкіну ад аблічча Майго і зраблю яго прыпавесьцю і пасьмешышчам ва ўсіх народаў.
 
выкіну вас з зямлі Маёй, якую даў вам, і дом гэты, які пасвяціў імю Майму, адпіхну ад аблічча Майго ды аддам яго ў прыказку ды ў казку ўсім народам.

І з храма гэтага высокага кожны, хто праходзіцьме міма яго, жахнецца і скажа: за што зрабіў так Гасподзь зь зямлёю гэтаю і з храмам гэтым?
 
І дзеля дома гэтага, што быў узвышаны, усе праходзячыя са здзіўленнем будуць казаць: “Чаму зрабіў гэта Госпад зямлі гэтай і дому гэтаму?”

І скажуць: за тое, што яны пакінулі Госпада, Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, і прыляпіліся да багоў іншых, і пакланяліся ім, і служылі ім, — за тое Ён навёў на іх усё гэтае бедства.
 
І адкажуць: “Бо яны адвярнуліся ад Госпада, Бога бацькоў сваіх, і прысталі да багоў чужых, і пакланяліся ім і служылі, дзеля таго прыйшлі на іх усе гэтыя беды”».