2 летапісаў 8 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Калі прайшлі дваццаць гадоў, у якія Саламон будаваў дом Гасподні і свой дом,
 
Праз дваццаць гадоў пасля таго, як Саламон пабудаваў дом Госпада і сабе палац,

Саламон забудаваў і гарады, якія даў Саламону Хірам, і пасяліў у іх сыноў Ізраілевых.
 
адбудаваў ён тыя гарады, якія Гірам даў Саламону ды пасяліў там сыноў Ізраэля.

І пайшоў Саламон на Эмат-Сува і ўзяў яго.
 
Накіраваўся таксама ў Эмат Собы і ўзяў яго.

І пабудаваў ён Тадмор у пустыні, і ўсе гарады пад запасы, якія заснаваў у Эмаце.
 
І адбудаваў Пальміру ў пустыні ды ўсе гарады кладовак, якія пабудаваў у Эмаце.

Ён забудаваў Вэтарон верхні і Вэтарон ніжні, гарады ўмацаваныя, са сьценамі, брамамі і замкамі,
 
І адбудаваў Бэтарон Верхні і Бэтарон Ніжні — умацаваныя гарады, якія мелі муры, і брамы, і завалы;

і Ваалат і ўсе гарады пад запасы, якія былі ў Саламона, і ўсе гарады пад калясьніцы, і гарады для коньнікаў, і ўсё, што хацеў Саламон пабудаваць у Ерусаліме і на Ліване і ва ўсёй зямлі валоданьня свайго.
 
таксама Баалат і ўсе гарады для свірнаў, якія належалі Саламону, і ўсе гарады калясніц і гарады, дзе знаходзіліся коннікі. Усё, што пажадаў і запланаваў Саламон, ён пабудаваў у Ерузаліме і ў Лібане ды ва ўсёй зямлі, якая была пад яго ўладаю.

Увесь народ пазасталы ад Хэтэяў і Амарэяў, і Фэрэзэяў і Эвэяў і Евусэяў, якія былі ня з сыноў Ізраілевых,
 
Усіх людзей, якія засталіся ад хетэяў, і амарэяў, і феразеяў, і гівеяў, і евусеяў, якія не былі з пакалення Ізраэля,

дзяцей іхніх, пазасталых пасьля іх на зямлі, якіх ня зьнішчылі сыны Ізраілевыя, — зрабіў Саламон аброчнымі да сёньня.
 
а былі з сыноў тых, што засталіся пасля іх на зямлі, якіх не забілі сыны Ізраэля, — зрабіў Саламон даннікамі аж па сённяшні дзень.

А сыноў Ізраілевых не рабіў Саламон працаўнікамі па справах сваіх, а яны былі воінамі і начальнікамі целаахоўцаў ягоных і правадырамі калясьніц ягоных і коньнікаў ягоных.
 
Затым з сыноў Ізраэля не прызначыў Саламон да працы царскіх нявольнікаў; бо яны былі ваярамі, і кіраўнікамі ваяроў яго, і кіраўнікамі калясніц і конніцы яго.

І было галоўных прыстаўнікаў у цара Саламона, што кіравалі народам, дзьвесьце пяцьдзясят.
 
Усіх жа кіраўнікоў, якія наглядалі за народам, было ў цара Саламона дзвесце пяцьдзесят.

А дачку фараонавую перавёў Саламон з горада Давідавага ў дом, які пабудаваў для яе, бо, казаў ён не павінна жыць жанчына ў мяне ў доме Давіда, цара Ізраілевага, бо сьвяты ён, таму што ўвайшоў у яго каўчэг Гасподні.
 
Дачку ж фараона перавёў з горада Давіда ў дом, для яе пабудаваны, бо казаў цар: «Не павінна жанчына прабываць у мяне ў доме Давіда, цара Ізраэля, бо ён ёсць месца святое таму, што ўвайшоў у яго каўчэг Госпада».

Тады пачаў узносіць Саламон цэласпаленьні Госпаду на ахвярніку Гасподнім, які ён зладзіў перад бабінцам,
 
Тады стаў Саламон складаць Госпаду ахвяры цэласпалення на ахвярніку Госпада, які ён паставіў перад прысенкам,

каб па статуце кожнага дня прыносіць цэласпаленьні, паводле наказу Майсеевага, у суботы і на маладзіка і ў сьвяты тры разы ў год: у сьвята праснакоў і ў сьвята сяміц і ў сьвята кучак.
 
каб кожны дзень па загадзе Майсея складаць на ім цэласпаленні ў шабаты, і ў дні маладзіка дый у тры ўрачыстасці года: гэта значыць у свята праснакоў, і ў свята тыдняў, і ў свята палатак.

І ўстанавіў ён, паводле распараджэньня Давіда, бацькі свайго, чэргі сьвятароў па службе іхняй і лявітаў па вартах іхніх, каб яны славасловілі і служылі пры сьвятарах па статуце кожнага дня, і брамнікаў па чэргах іхніх, да кожнае брамы, бо такі быў тастамант Давіда, чалавека Божага.
 
Ён таксама ўстанавіў па распараджэнні Давіда, бацькі свайго, абавязкі святароў у іх службе і левітаў у сваім парадку, каб спявалі пахвальныя гімны і служылі перад святарамі па рытуале кожнага дня; паставіў ён таксама прыдзверных па іх раздзяленні для кожнай брамы: так бо загадаў чалавек Божы — Давід.

І не адступаліся ад загадаў цара пра сьвятароў і лявітаў ні ў чым, ні ў адносінах скарбаў.
 
І не мінулі загады цара святароў і левітаў ва ўсім, і ў пільнаванні скарбаў.

Так зладжана была ўся дзея Саламона ад дня заснаваньня дома Гасподняга да поўнага завяршэньня яго — дома Гасподняга.
 
І былі скончаны ўсе справы Саламона ад таго дня, у які заклаў падмуркі дома Госпада аж да дня поўнага завяршэння яго.

Тады пайшоў Саламон у Эцыён-Гевэр і ў Элат, які на беразе мора, у зямлі Ідумэйскай.
 
Тады выбраўся Саламон у Эцыён-Гебэр і ў Айлат ад берага Чырвонага мора, што ў зямлі Эдом.

І прыслаў яму Хірам праз слуг сваіх караблі і рабоў, якія ведаюць мора, і выправіліся яны з слугамі Саламонавымі ў Афір, і здабылі адтуль чатырыста пяцьдзясят талантаў золата, і прывезьлі цару Саламону.
 
А паслаў яму Гірам праз рукі паслугачоў сваіх караблі і маракоў, што ведалі мора; і яны разам з паслугачамі Саламона дабраліся ў Афір і ўзялі адтуль чатырыста пяцьдзесят талентаў золата, і прывезлі цару Саламону.