Эздры 8 разьдзел

Першая кніга Эздры
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І вось узначальнікі пакаленьняў і радаводы тых, якія выйшлі са мною з Вавілона, падчас валадараньня цара Артаксэркса:
 
Такім чынам, вось кіраўнікі пакаленняў і радаводы тых, хто ў валадаранне цара Артаксэркса выйшаў са мною з Бабілона:

з сыноў Фінээса Гірсон; з сыноў Ітамара Данііл; з сыноў Давіда Хатуш;
 
З сыноў Пінхаса: Гэрсом. З сыноў Ітамара: Даніэль. З сыноў Давіда — Гатус, сын Сэхэніі.

з сыноў Шэханіі, з сыноў Яроша Захар і зь ім па сьпісе радаводным сто пяцьдзясят чалавек мужчынскага полу;
 
З сыноў Пароса: Захарыя, і з ім палічана было сто пяцьдзесят чалавек.

з сыноў Сафатыі Зэвадыя, сын Міхаілаў, і зь ім восемдзесят чалавек мужчынскага полу;
 
З сыноў Пагатмааба: Эліёэнай, сын Зараі, і з ім дзвесце чалавек.

з сыноў Шэханія, сын Яхазііла, і зь ім трыста чалавек мужчынскага полу;
 
З сыноў Зэта: Сахэнія, сын Яхазіэля, і з ім трыста чалавек.

з сыноў Адына Эвэд, сын Ёнатана, і зь ім пяцьдзясят чалавек мужчынскага полу;
 
З сыноў Адзіна: Абэд, сын Ёнатана, і з ім пяцьдзесят чалавек.

з сыноў Элама Ешаія, сын Аталіі, і зь ім семдзесят чалавек мужчынскага полу;
 
З сыноў Элама: Есая, сын Аталіі, і з ім семдзесят чалавек.

з сыноў Сафатыі Зэвадыя, сын Міхаілаў, і зь ім восемдзесят чалавек мужчынскага полу;
 
З сыноў Сафаціі: Забадзія, сын Міхаэля, і з ім восемдзесят чалавек.

з сыноў Ёава Авадыя, сын Ехіэлаў, і зь ім дзьвесьце васямнаццаць чалавек мужчынскага полу;
 
З сыноў Ёаба: Абдзія, сын Ягіэля, і з ім дзвесце васемнаццаць чалавек.

з сыноў Шэламіт, сын Ёсіфіі, і зь ім сто шэсьцьдзясят чалавек мужчынскага полу;
 
З сыноў Бані: Сэламіт, сын Ёсфіі, і з ім сто шэсцьдзесят чалавек.

з сыноў Бэвая Захарыя, сын Бэвая, і зь ім дваццаць восем чалавек мужчынскага полу;
 
З сыноў Бэбая: Захарыя, сын Бэбая, і з ім дваццаць восем чалавек.

з сыноў Азгада Ёханан, сын Гакатана, і зь ім сто дзесяць чалавек мужчынскага полу;
 
З сыноў Азгада: Ёханан, сын Экцэтана, і з ім сто дзесяць чалавек.

з сыноў Аданікама апошнія, і вось іх імёны: Эліфэлет, Еэль і Шэмая, і зь імі шэсьцьдзясят чалавек мужчынскага полу;
 
З сыноў Аданікама прыйшлі малодшыя, і вось іх імёны: Эліпалет, і Егіэль, і Сямэя, і з імі шэсцьдзесят чалавек.

з сыноў Бігвая Утай і Забуд, і зь імі семдзесят чалавек мужчынскага полу.
 
З сыноў Бэгвая: Утай, сын Закхура, і з ім семдзесят чалавек.

Я сабраў іх каля ракі, якая ўпадае ў Агаву, і мы прастаялі там тры дні, і калі я агледзеў народ і сьвятароў, дык з сыноў Лявіі нікога там не знайшоў.
 
Сабраў жа я іх каля ракі, што ўпадае ў Агаву, і мы там затрымаліся на тры дні. Я агледзеў народ і святароў; і не знайшоў там сыноў Леві.

І паслаў я паклікаць Эліезэра, Арыэла, Шэмаю і Элнатана, і Ярыва і Элнатана, і Натана і Захара і Мэшулама — галоўных і Ёярыва і Элнатана — вучоных,
 
Дзеля таго выправіў я Эліязэра, і Арыэля, і Сямэю, і Ёярыба, і Эльнатана, і Натана, і Захарыю, і Масалу, — мудрых кіраўнікоў.

і даў ім даручэньне да Ідо, галоўнага ў мясцовасьці Карысіфе, і ўклаў ім у вусны, што казаць Ідо і братам ягоным, нэтынэям у мясцовасьці Касіфе, каб яны прывялі да нас служак для дома Бога нашага.
 
І паслаў іх затым да Эда, кіраўніка ў мясцовасці Хасфіі, і праз іх вусны загадаў, што маюць сказаць Эду і братам яго, каб прывялі яны нам паслугачоў для дома Бога нашага.

І прывялі яны да нас, бо дабрадзейная рука Бога нашага была над намі, чалавека разумнага з сыноў Махлія, сына Лявіінага, сына Ізраілевага, менавіта ж Шэрэвію, і сыноў яго і братоў яго, васямнаццаць чалавек;
 
І прывялі яны нам праз руку Бога нашага, добрага да нас, мужа самага мудрага спаміж сыноў Махалі, сына Леві, сына Ізраэля, на імя Сэрэбія, ды сыноў яго і братоў яго лікам васемнаццаць,

і Хашавію і зь ім Ешаію з сыноў Мэрарыных, братоў ягоных, і сыноў іхніх дваццаць;
 
і Гасабію, і з ім Есая з сыноў Мэрары, ды сыноў яго і братоў яго лікам дваццаць,

і з нэтынэяў, якіх даваў Давід і князі ягоныя на прыслугу лявітам, дзьвесьце дваццаць нэтынэяў; усе яны названы паіменна.
 
і паміж нявольнікаў, якіх Давід і князі далі на службу левітам, — дзвесце дваццаць чалавек; усе яны запісаны па імёнах.

І абвясьціў я там пост каля ракі Агавы, каб упакорыцца нам перад абліччам Бога нашага, прасіць у Яго пасьпяховай дарогі сабе і дзецям нашым і ўсёй маёмасьці нашай,
 
І там, каля ракі Агавы, абвясціў я пост, каб упакорыліся мы перад Богам нашым і папрасілі ў Яго шчаслівую дарогу нам, і дзецям нашым, і ўсёй уласнасці нашай.

бо мне сорамна было прасіць у цара войска і коньнікаў на ахову нашую ад ворага па дарозе, бо мы, гаворачы з царом, сказалі: рука Бога нашага ўсім, хто прыходзіць да Яго, — дабрадзейная, а ўсім, хто пакідае Яго, — магутнасьць Ягоная і гнеў Ягоны!
 
Пасаромеўся бо я прасіць у цара войска і конніцу, каб баранілі яны нас у дарозе ад непрыяцеля, бо мы сказалі цару: «Рука Бога нашага будзе сцерагчы ўсіх, хто просіць Яго ласкавасці, і моц Яго, і сіла Яго — супраць усіх, хто ад Яго адварочваецца».

І вось, мы пасьціліся і прасілі Бога нашага гэтага, і Ён пачуў нас.
 
І пасцілі мы, і прасілі Бога нашага пра гэта, і Ён пачуў нас.

І я аддзяліў з начальнікаў над сьвятарамі дванаццаць чалавек; Шэрэвію, Хашавію і зь імі дзесяць з братоў іхніх;
 
І выбраў я паміж кіраўнікоў святароў дванаццаць: Сэрэбію, Гасабію, і з імі дзесяць братоў іх,

і аддаў ім вагою срэбра, золата і посуд, — усё ахвяраванае на дом Бога нашага, і што ахвяравалі цар і радцы ягоныя і князі ягоныя, і ўсе Ізраільцяне, якія там былі.
 
і адважыў я ім срэбра, і золата, і пасудзіны — ахвяры для дома Бога нашага, што прынёс цар, і дарадчыкі яго, і кіраўнікі яго, і ўсе з Ізраэля тыя, хто быў там.

І аддаў на рукі ім вагою: срэбра — шасьцьсот пяцьдзясят талантаў, і срэбнага посуду — на сто талантаў, золата — сто талантаў,
 
І адважыў у рукі іх шэсцьсот пяцьдзесят талентаў срэбра і сто срэбраных пасудзін, якія каштавалі сто талентаў золата

і чараў залатых — дваццаць, і тысячу драхмаў, і дзьве пасудзіны з найлепшай бліскучай медзі, якая цэніцца як золата.
 
і дваццаць залатых келіхаў, якія каштавалі па тысячы драхм, і дзве пасудзіны з найлепшай бліскучай медзі цаною, як золата.

І сказаў я ім: вы — сьвятыня Госпаду, і посуд — сьвятыня, і срэбра і золата — дабрахотнае дараваньне Госпаду Богу бацькоў вашых.
 
І сказаў я ім: «Вы пасвячоны Госпаду, і пасудзіны гэтыя святыя: і срэбра, і золата пасвячоны Госпаду, Богу бацькоў вашых;

Будзьце ж пільныя і зьберажэце гэта, пакуль вагою не здадзіце начальнікам над сьвятарамі і лявітамі і ўзначальнікам пакаленьняў Ізраілевых у Ерусаліме, у сховішча пры доме Гасподнім.
 
пільнуйце і сцеражыце гэта, аж пакуль не адважыце гэта перад кіраўнікамі святароў і левітаў, а таксама перад галовамі пакаленняў Ізраэля ў Ерузаліме, у сховішчах дома Госпадава».

І прынялі сьвятары і лявіты ўзважанае срэбра і золата і посуд, каб аднесьці ў Ерусалім, у дом Бога нашага.
 
А святары і левіты ўзялі адважаныя срэбра, і золата, і пасудзіны, каб занесці іх у Ерузалім, у дом Бога нашага.

І выправіліся мы ад ракі Агавы на дванаццатым дні першага месяца, каб ісьці ў Ерусалім; і рука Бога нашага была над намі, і выратавала нас ад рукі ворага і ад тых, хто падпільноўваў нас па дарозе.
 
І выправіліся мы ад ракі Агавы ў дванаццаты дзень першага месяца, каб дабрацца ў Ерузалім; і рука Бога нашага супачыла на нас, і Ён вызваліў нас у дарозе ад рукі ворага і таго, хто схаваўся ў падкопах,

І прыйшлі мы ў Ерусалім, і прабылі там тры дні.
 
і прыбылі мы ў Ерузалім, і затрымаліся там на тры дні.

На чацьвёрты дзень мы здалі вагою срэбра і золата і посуд у дом Бога нашага, на рукі Мэрэмоту, сыну Урыі, сьвятару, і зь ім Элеазару, сыну Фінээсаву, і зь ім Ёзаваду, сыну Ісусаваму, і Наадыі, сыну Вінуя, лявітам
 
А на чацвёрты дзень у доме Бога нашага адважылі мы ўсё па ліку і вазе: срэбра, і золата, і пасудзіны — на рукі Мэрамота, сына Урыі, святара, і з ім быў Элеязэр, сын Пінхаса, і з імі былі Ёзабад, сын Ешуа, і Наадзія, сын Бэнуя, — левіты;

усё лікам і вагою. І ўсё ўзважанае запісана ў той самы час.
 
і была запісана вага ўсяго адважанага.

Перасяленцы, якія прыйшлі з палону, прынесьлі на цэласпаленьне Богу Ізраілеваму дванаццаць цялят за ўсяго Ізраіля, дзевяноста шэсьць бараноў, семдзесят сем ягнят і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх: усё гэта на цэласпаленьне Госпаду.
 
У той час тыя, хто прыйшоў з няволі, сыны перасялення, прынеслі Богу Ізраэля ахвяры цэласпалення: дванаццаць цялят за ўвесь народ Ізраэля, дзевяноста шэсць бараноў, семдзесят два ягняці, дванаццаць казлоў за грэх, — усё гэта ў цэласпаленне Госпаду.

І аддалі царскія загады царскім сатрапам і зарэцкім начальнікам вобласьцяў, і яны ўшанавалі народ і дом Божы.
 
А аддалі царскія распараджэнні сатрапам цара і кіраўнікам за ракою, і тыя дапамаглі народу і дому Божаму.