Нээміі 11 разьдзел

Кніга Нээміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І жылі начальнікі народу ў Ерусаліме, а астатнія з народу кідалі жэрабя, каб адна зь дзесяці частак іх ішла на жыхарства ў сьвяты горад Ерусалім, а дзевяць заставаліся ў іншых гарадах.
 
Кіраўнікі ж народа жылі ў Ерузаліме; а астатні народ кідаў жэрабя, каб адна дзесятая частка з іх ішла жыць у святы горад Ерузалім, а дзевяць дзесятых — у іншыя гарады.

І дабраславіў народ усіх, якія з добрай волі згадзіліся жыць у Ерусаліме.
 
А народ дабраславіў усіх людзей, якія добраахвотна вырашылі жыць у Ерузаліме.

Вось узначальцы краіны, якія жылі ў Ерусаліме, — а ў гарадах Юдэі жылі, кожны ў сваім валоданьні, па гарадах сваіх: Ізраільцяне, сьвятары, лявіты і нэтынэі і сыны рабоў Саламонавых;
 
Такім чынам, гэта кіраўнікі краю, якія жылі ў Ерузаліме і ў гарадах Юдэі. Кожны жыў на зямлі сваёй, у гарадах сваіх: ізраэльцы, святары, левіты, нявольнікі і сыны нявольнікаў Саламона.

у Ерусаліме жылі з сыноў Юды і з сыноў Веньяміна. З сыноў Юды: Атая, сын Узіі, сын Захарыя, сын Амарыі, сын Сафатыі, сын Малелеіла, з сыноў Фарэса,
 
У Ерузаліме жылі сыны Юды і сыны Бэньяміна. Спаміж сыноў Юды: Атая, сын Озіі, сына Захарыі, сына Амарыі, сына Сафаціі, сына Малаліэля з сыноў Пэрэса;

і Маасэя, сын Варуха, сын Калхазэя, сын Хазаі, сын Адаі, сын Ёярыва, сын Захарыя, сын Шылонія.
 
і Маасія, сын Баруха, сына Хальгозы, сына Хазіі, сына Адаі, сына Ёярыба, сына Захарыі, з сыноў сіланітаў.

Усіх сыноў Фарэса, якія жылі ў Ерусаліме, чатырыста шасьцьдзясят восем, людзі выдатныя.
 
Усіх сыноў Пэрэса, пражываючых у Ерузаліме, было чатырыста шэсцьдзесят восем чалавек, здатных да бою.

І вось сыны Веньяміна: Салу, сын Мэшулама, сын Ёэда, сын Фэдаі, сын Калаі, сын Маасэі, сын Ітыіла, сын Ісаі,
 
А вось сыны Бэньяміна: Салу, сын Масалы, сына Ёэда, сына Падаі, сына Калаі, сына Маасіі, сына Этгээля, сына Есаі;

і за ім Габай, Салай — дзевяцьсот дваццаць восем.
 
і таксама братоў гэтых мужоў, усіх разам — дзевяцьсот дваццаць восем.

Ёіль, сын Зіхры, быў начальнікам над імі, а Юда, сын Сэнуі, быў другі над горадам.
 
І Ёэль, сын Зэхры, быў кіраўніком, і Юда, сын Асаны, быў другім над горадам.

Са сьвятароў: Едая, сын Ёярыва, Яхін.
 
І паміж святароў: Ядая, сын Ёярыба,

Сэрая, сын Хэлкіі, сын Мэшулама, сын Садока, сын Мэраёта, сын Ахітува, начальнік у доме Божым,
 
сына Сараі, сына Хэлькіі, сына Масалы, сына Садока, сына Мэраёта, сына Ахітуба, кіраўнік у доме Божым;

і браты іхнія, якія правілі службу ў доме Божым — васямсот дваццаць два; і Адая, сын Ерахама, сына Фэлаліі, сын Амцыя, сын Захарыя, сын Пашхура, сын Малхіі
 
ды браты іх, што выконваюць работы ў святыні — восемсот дваццаць два чалавекі. І Адая, сын Ерахама, сына Пэлеліі, сына Амсі, сына Захарыі, сына Пасура, сына Мэльхіі;

і браты ягоныя, узначальцы пакаленьняў — дзьвесьце сорак два; і Амашсай, сын Азарыіла, сын Ахая, сын Мэшылэмота, сын Імэра,
 
і браты яго, галовы сем’яў, — дзвесце сорак дзве асобы. І Амасай, сын Азарыэля, сына Ахазі, сына Масаламота, сына Эмэра;

і браты ягоныя, людзі выдатныя — сто дваццаць восем. Начальнікам над імі быў Заўдыіл, сын Гагэдаліма.
 
і браты іх, здатныя да бою, — сто дваццаць восем; і кіраўнік над імі — Забдзіэль, муж высакародны.

А зь лявітаў: Шэмая, сын Хашува, сын Азрыкама, сын Хашавіі, сын Вунія,
 
І з левітаў: Сямэй, сын Гасуба, сына Эзрыкі, сына Гасабіі, сына Буні,

і Шаўтай, і Ёзавад з узначальцаў лявітаў па зьнешніх справах дома Божага,
 
і Сабэтай, і Ёзабад, якія былі даглядчыкамі над усімі работамі, якія вяліся звонку ў доме Божым, — з кіраўнікоў левітаў;

і Матанія, сын Міхі, сын Заўдыя, сын Асафа, галоўны пачынальнік славаслоўя пры малітве, і Бакбукія, другі пасьля яго, і Аўда, сын Шамуя, сын Галала, сын Ідытуна.
 
і Матанія, сын Міхі, сына Зэбэдэя, сына Асафа, кіраўнік хору, пачынаў малітву; і Бэкбэцыя, другі паміж сваіх братоў, і Абда, сын Самуа, сына Галала, сына Ідытуна.

Усіх лявітаў у сьвятым горадзе дзьвесьце восемдзесят чатыры.
 
Усе левіты ў святым горадзе налічвалі дзвесце восемдзесят чатыры чалавекі.

А брамнікі: Акуў, Талмон і браты іхнія, якія трымалі варту каля брамы — сто семдзесят два.
 
І прыдзверныя: Акуб, Тэльмон ды браты іх, якія пільнавалі брамы — сто семдзесят два чалавекі.

Астатнія Ізраільцяне, сьвятары, лявіты жылі ва ўсіх гарадах Юдэі, кожны ў сваім удзеле.
 
І іншыя ізраэльцы, святары і левіты, жылі ва ўсіх гарадах Юдэі, кожны ў сваім уладанні.

А нэтынэі жылі ў Афэле; над нэтынэямі Цыха і Гішфа.
 
І нявольнікі жылі ў Афэлі; і Сіга і Гаспа былі над нявольнікамі.

Начальнікам над лявітамі ў Ерусаліме былі Узій, сын Ванія, сын Хашавіі, сын Матаніі, сын Міхі, з сыноў Асафавых, якія былі сьпевакамі пры служэньні ў доме Божым,
 
І кіраўніком над левітамі ў Ерузаліме быў Озі, сын Бані, сына Гасабіі, сына Матаніі, сына Міхі, з сыноў Асафа, якія былі спевакамі ў час службы ў доме Божым.

бо ад цара быў пра іх адмысловы загад, і назначана было на кожны дзень сьпевакам пэўнае ўтрыманьне.
 
Было бо адносна іх царскае распараджэнне, хто ў які дзень мае спяваць.

І Пэтахія, сын Мэшэзавэда, з сыноў Зары, сына Юды, быў давераны ад цара па ўсякіх справах, якія датычыліся народу.
 
А Пэтагія, сын Мэсазабэля з сыноў Зары, сына Юды, быў царскім паслом ва ўсякай справе адносна народа.

З тых, што жылі ў вёсках, на палях сваіх, сыны Юды жылі ў Кірыят-Арбе і залежных ад іх гарадах, у Дывоне і залежных ад іх гарадах, у Екаўцэіле і сёлах яго,
 
Што да жыўшых у вёсках, ва ўсіх мясцовасцях іх, дык некаторыя сыны Юды жылі ў Карыят-Арбе і ў яго ваколіцах, і ў Дыбоне і ў яго вёсках, і ў Кабсээлі ды ў яго вёсках,

у Ешуе, у Маладзе і ў Бэт-Палеце,
 
і ў Ешуа, і ў Маладзе, і ў Бэтпэлеце,

у Хацар-Шуале, у Вірсавіі і залежных ад яе гарадах,
 
і ў Асарсуалі, і ў Бээр-Сэбе, і ў яго вёсках,

у Сэкелазе, у Мэхоне і залежных ад яе гарадах,
 
і ў Сікэлазе, і ў Махоне, і ў яго вёсках,

у Эн-Рымоне, у Цоры і ў Ярмуце,
 
і ў Рэмоне, і ў Цоры, і ў Ярымоце,

у Занаасе, Адаламе і вёсках іх, у Лахісе і на палях яго, у Азэцы і залежных ад яе гарадах. Яны разьмясьціліся ад Вірсавіі і да даліны Эномавай.
 
у Заноэ, у Адаламе і іх вёсках, у Лахісе і ў яго ваколіцах, у Азэцы і яго мястэчках. І абжыліся яны ад Бээр-Сэбы аж да лагчыны Гэном.

Сыны Веньямінавыя, пачынаючы ад Гевы, у Міхмасе, Гае, у Вэтылі і залежных ад яго гарадах,
 
Сыны ж Бэньяміна жылі ў Габе, Міхмасе, і Гаі, і Бэтэлі і ў яго вёсках,

у Анатоце, Нове, Ананіі,
 
у Анатоце, Нобе, Ананіі,

Гацоры, Раме, Гітаіме,
 
у Асоры, Раме, Гет-Таіме,

Хадыдзе, Цэваіме, Нэвалаце,
 
Хадыдзе, Сэбаіме і Нэбалаце,

Лодзе, Она, у даліне Харашыме.
 
Лодзе і Оне, і на раўніне Харашым.

І лявіты мелі жытло сваё ў дзялянках Юды і Веньяміна.
 
І левіты мелі паселішчы свае ў ваколіцах Юды і Бэньяміна.