Нээміі 9 разьдзел

Кніга Нээміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

На дваццаць чацьвёрты дзень гэтага месяца сабраліся ўсе сыны Ізраілевыя, якія пасьціліся і ў вярэтах і з попелам на галовах сваіх.
 
А ў дваццаць чацвёрты дзень гэтага месяца сабраліся ізраэльцы ў час посту і ў зрэбніцах, і з пасыпанымі попелам галовамі.

І аддзялілася насеньне Ізраілевае ад усіх іншародных, і ўсталі і спавядаліся ў грахах сваіх і ў злачынствах бацькоў сваіх.
 
І аддзялілася пакаленне Ізраэля ад усякага чужынца; і падняліся, і вызналі ўсе грахі свае і правіннасці бацькоў сваіх.

І стаялі на сваім месцы, і чвэрць дня чыталі з кнігі закона Госпада Бога свайго, і чвэрць спавядаліся і пакланяліся Госпаду Богу свайму.
 
І падняліся, каб стаяць, і чвэрць дня чыталі з кнігі закону Госпада, Бога іх; і чвэрць вызнавалі свае грахі і пакланяліся Госпаду, Богу свайму.

І ўсталі на ўзвышанае месца лявітаў: Ісус, Ванія, Кадмііл, Шэванія, Вуній, Шэрэвія, Ванія, Хэнані, і гучна заклікалі да Госпада Бога свайго.
 
А на ўзвышэнне для левітаў сталі: Ешуа, і Бані, і Кадмігэль, і Сэбанія, Буні, Сэрэбія, Бані, і Ханані, і закрычалі ўголас да Госпада, Бога свайго.

І сказалі лявіты — Ісус, Кадмііл, Ванія, Хашаўнія, Шэрэвія, Гадыя, Шэванія, Пэтахія: устаньце, слаўце Госпада Бога вашага адвеку і давеку. Хай славасловяць вартае ўслаўленьня і вышэйшае за ўсякае славаслоўе і хвалу імя Тваё!
 
І левіты: Ешуа, і Кадмігэль, Бані, Гасабнія, Сэрэбія, Годыя, Сэбанія, Пэтагія сказалі: «Устаньце і дабраславіце Госпада, Бога вашага, спакон веку і навек, ды дабраславіце велічнае імя славы Яго, вышэй за ўсякае дабраславенне і хвалу!

І сказаў Эздра: Ты, Госпадзе адзіны. Ты стварыў неба, нябёсы нябёсаў і ўсё войска іх, зямлю і ўсё, што на ёй, моры і ўсё, што ў іх, і Ты жывіш усё гэта, і нябесныя войскі Табе пакланяюцца.
 
Ты, Госпадзе, адзіны; Ты стварыў неба і нябёсы нябёсаў, ды ўсё войска іх, зямлю і ўсё, што на ёй, мора і ўсё, што ў ім; і Ты ажыўляеш усё гэта, і нябеснае войска Табе пакланяецца.

Ты Сам, Госпадзе Божа, выбраў Абрагама і вывеў яго з Ура Халдэйскага, і даў яму імя Абрагама,
 
Ты Той, Госпадзе, Божа, Які выбраў Абрама і вывеў яго з Ура Халдэйскага, і даў яму імя Абрагам.

і знайшоў яго сэрца верным прад Табою, і заключыў зь ім запавет, каб даць семені ягонаму зямлю Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Евусэяў і Гергэсэяў. І Ты выканаў слова Сваё, бо Ты праведны.
 
І Ты знайшоў у ім сэрца, вернае Табе, і заключыў Ты з ім запавет, каб даць нашчадкам яго зямлю хананея, хетэя, амарэя і феразея, евусея і гергесея; і Ты споўніў словы Свае, бо Ты — справядлівы.

Ты ўбачыў бедства бацькоў нашых у Егіпце і пачуў енк іхні каля Чэрмнага мора,
 
І Ты ўбачыў смутак бацькоў нашых у Егіпце, і пачуў лямант іх каля Чырвонага мора.

і паказаў знакі і цуды над фараонам і над усімі рабамі ягонымі, і над усім народам зямлі ягонай, бо Ты ведаў, што яны пагардліва абыходзіліся зь імі, і зарабіў Ты Сабе імя да гэтага дня.
 
І Ты паказаў знакі і цуды на фараоне, і на ўсіх паслугачах яго, і на ўсім народзе яго зямлі; бо ведаў Ты, што яны пагардліва ставіліся да іх, і ўславіў Ты імя Сваё па сённяшні дзень.

Ты расьсек перад імі мора, і яны сярод мора прайшлі па сухім, а тых, што гналіся за імі, укінуў у глыбіні, як камень у вялікія воды.
 
І Ты раздзяліў мора перад імі, і перайшлі яны сярэдзінай мора, па сухому; а тых, хто гнаўся за імі, укінуў Ты ў глыбіні мора, як камень у бурлівыя воды.

У слупе воблачным Ты вёў іх удзень і ў слупе вогненным уначы, каб асьвятляць ім дарогу, па якой ім ісьці.
 
І слупам воблачным павёў Ты іх удзень, і слупам агню быў для іх ноччу, каб асвятляць ім дарогу, якой ішлі.

І сышоў Ты на гару Сінай і гаварыў зь імі зь неба, і даў ім суды справядлівыя, законы правільныя; пастановы і запаведзі добрыя.
 
Таксама Ты сышоў на гару Сінай, і гаварыў з імі з неба; і даў Ты ім суд справядлівы, і закон верны, пастановы і прыказанні добрыя.

І ўказаў ім сьвятую Тваю суботу і запаведзі, і пастановы і закон падаў ім праз раба Твайго Майсея.
 
І паказаў Ты ім асвячоную Тваю суботу, і прыказанні, і пастановы, і закон даў ім праз рукі паслугача Твайго Майсея.

І хлеб зь неба Ты даваў ім у голадзе іхнім і ваду з каменю крынічыў ім у смазе іхняй, і сказаў ім, каб яны пайшлі і авалодалі зямлёю, якую Ты, падняўшы руку Тваю, запрысягнуўся даць ім.
 
Таксама хлеб з неба даў Ты ім у час голаду іх, і ваду вывеў Ты ім са скалы ў час смагі іх; і сказаў ім, каб увайшлі і валодалі зямлёю, над якой падняў Ты руку Сваю, каб даць яе ім.

Але яны і бацькі нашыя ўпарціліся, і шыю сваю трымалі пругка, і ня слухаліся наказаў Тваіх;
 
Але яны, бацькі нашыя, трымалі сябе пагардліва, і зацвярдзелі каркі іх, і не слухалі прыказанняў Тваіх.

не захацелі слухацца і ня ўспомнілі цудоўных дзеяў Тваіх, якія Ты рабіў зь імі, і трымалі шыю сваю пругка і з упартасьці сваёй паставілі над сабою правадыра, каб вярнуцца ў рабства сваё. Але Ты Бог, Які любіць дараваць, добры і міласэрны, доўгацярплівы і шматлітасьцівы, і Ты не пакінуў іх.
 
І не захацелі яны слухаць, і не памяталі цудаў Тваіх, якія чыніў Ты ім, і зацвярдзелі каркі іх, і нахілілі галаву сваю, каб вярнуцца ў Егіпет, у сваю няволю. Але Ты — Бог ласкавы, спагадлівы і міласэрны, цярплівы ды вялікай літасці, Ты не адвярнуўся ад іх.

І хоць яны зрабілі сабе літое цяля і сказалі: вось бог твой, які вывеў цябе зь Егіпта, і хоць рабілі вялікія абразы,
 
І нават тады, калі зрабілі сабе цяля літое, і гаварылі: “Гэта бог твой, які вывеў цябе з Егіпта”, і дапусціліся вялікіх блюзненняў,

але Ты, зь вялікай міласэрнасьці Тваёй, не пакідаў іх у пустыні; слуп воблачны не адыходзіў ад іх удзень, каб весьці іх па шляху, і слуп вогненны ўначы, каб сьвяціць ім у дарозе, якою яны ішлі.
 
Ты, у бязмежнай міласэрнасці Сваёй, не пакінуў іх у пустыні: слуп воблака не адступіў ад іх удзень, каб весці іх дарогаю; і слуп агню — ноччу, каб асвятляць ім дарогу, па якой мелі ісці.

І Ты даў ім Духа Твайго добрага, каб настаўляць іх, і манну Тваю не адбіраў ад вуснаў іхніх, і ваду даваў ім дзеля наталеньня смагі іхняй.
 
І даў Ты ім Свайго добрага Духа, каб ён вучыў іх, і манны Сваёй не забраў ад іх вуснаў, і ваду даў Ты ім у час іх смагі.

Сорак гадоў Ты карміў іх у пустыні; яны ні ў чым ня мелі нястачы, вопратка іхняя не старэла, і ногі іхнія ня пухлі.
 
Сорак гадоў карміў Ты іх у пустыні, і ні ў чым не мелі яны патрэбы; адзенне іх не нішчэла, ды ногі іх не пухлі.

І Ты даў ім царства і народы, і падзяліў ім, і яны авалодалі зямлёю Сігона, і зямлёю цара Есэвонскага, і зямлёю Ога, цара Васанскага.
 
І даў Ты ім царствы і народы, і выдзеліў ім часткі; і яны авалодалі зямлёй Сэгона, цара Хесебона, і зямлёй Ога, цара Басана.

І сыноў іхніх Ты памножыў, як зоркі нябесныя, і ўвёў іх у зямлю, пра якую Ты казаў бацькам іхнім, што яны прыйдуць валодаць ёю.
 
І памножыў Ты сыноў іх, як зоркі на небе; ды ўвёў іх у зямлю, якую абяцаў бацькам іх, што ўвойдуць і будуць валодаць ёю.

І ўвайшлі сыны іхнія, і авалодалі зямлёю. І Ты скарыў ім жыхароў зямлі, Хананэяў, і аддаў іх у рукі іхнія, і цароў іхніх, і народы зямлі, каб яны рабілі зь імі па сваёй волі.
 
І ўвайшлі сыны, і авалодалі зямлёю, і Ты ўпакорыў перад імі жыхароў зямлі Ханаанскай; ды аддаў іх у іх рукі, і цароў іх, і народы зямлі, каб зрабілі з імі, як ім падабаецца.

І занялі яны ўмацаваныя гарады і тлустую зямлю, і ўзялі ў валоданьне дамы, напоўненыя ўсялякім дабром, вадаёмы, высечаныя з каменю, вінаградныя і масьлічныя сады і мноства дрэў з пладамі на ежу. Яны елі, насычаліся, тлусьцелі і мелі асалоду зь вялікай дабрыні Тваёй;
 
Такім чынам, занялі яны гарады ўмацаваныя і зямлю ўраджайную; і завалодалі дамамі, напоўненымі ўсякім дабром, студнямі, зробленымі іншымі людзьмі, вінаграднікамі і гаямі аліўкавымі ды мноствам дрэў пладовых. І елі яны, і насычаліся, і растлусцелі дзеля вялікай дабраты Тваёй.

і зрабіліся ўпартыя і ўзбурыліся супроць Цябе: і занядбалі закон Твой, забівалі прарокаў Тваіх, якія ўмаўлялі іх зьвярнуцца да Цябе, і рабілі вялікія абразы.
 
Але ўгнявілі яны Цябе, і ўзбунтаваліся супраць Цябе, і пакінулі закон Твой; і пазабівалі прарокаў Тваіх, якія ім нагадвалі, каб вярнуліся да Цябе: ды дапусціліся вялікіх блюзненняў.

І Ты аддаў іх у рукі ворагам іхнім, якія ўціскалі іх. Але калі, у цяжкі для яго час, яны заклікалі Цябе, Ты выслухваў іх зь нябёсаў, і зь вялікай міласэрнасьці Тваёй, даваў ім ратавальнікаў, і яны ратавалі іх ад рук ворагаў іхніх.
 
І аддаў Ты іх у рукі ворагаў іх, каб здзекаваліся над імі; і яны ў час гора свайго прызвалі Цябе, і Ты пачуў іх з нябёсаў, і ў бязмежнай літасці Тваёй даў Ты ім збаўцаў, каб збаўлялі яны іх з рук ворагаў іх.

А калі супакойваліся, дык спачатку пачыналі рабіць благое перад абліччам Тваім, і Ты аддаваў іх у рукі няпрыяцеляў іхніх, і яны панавалі над імі. Але калі яны зноў заклікалі Цябе, Ты выслухваў іх зь нябёсаў і зь вялікай міласэрнасьці Тваёй, выбаўляў іх шмат разоў.
 
І, пажыўшы ў супакоі, зноў вярнуліся яны, каб чыніць ліхоту перад абліччам Тваім; ды Ты аддаў іх у рукі ворагаў іх, і яны валадарылі над імі. І яны зноў навярнуліся і прызвалі Цябе; Ты ж выслухоўваў іх з неба і шмат разоў вызваляў іх у Сваёй вялікай міласэрнасці.

Ты нагадваў ім зьвярнуцца да закона Твайго, але яны ўпарціліся і ня слухалі наказаў Тваіх і ўхіляліся ад пастановаў Тваіх, якімі жыў бы чалавек, калі б выконваў іх і хрыбет свой зрабілі ўпарцістым, і шыю сваю трымалі пругка, і ня слухаліся.
 
І заклінаў Ты іх, каб навярнуць да закону Твайго; але яны трымаліся пагардліва, і не паслухалі прыказанняў Тваіх, і грашылі адносна законаў Тваіх, якія, калі споўніць чалавек, то будзе жыць у іх, і зрабілі яны бунтарскім плячо сваё, і зацвярдзеў іх карак, і не выслухалі яны.

Чакаючы іхняга навароту, Ты марудзіў шмат гадоў і нагадваў ім Духам Тваім праз прарокаў Тваіх, але яны ня слухалі. І Ты аддаў іх у рукі іншаземных народаў.
 
І шкадаваў Ты іх многа гадоў, і заклінаў іх Духам Тваім і праз рукі прарокаў Тваіх, і не выслухалі яны; і аддаў Ты іх у рукі народаў чужых земляў.

Але Ты зь вялікай міласэрнасьці Тваёй, Ты ня вынішчыў іх да канца і не пакідаў іх, бо Ты Бог добры і літасьцівы.
 
Але ў міласэрнасці найвялікшай Сваёй не вынішчыў іх і не пакінуў Ты іх; бо Ты — Бог міласэрны і міласцівы.

І сёньня, Божа наш, Божа вялікі, моцны і страшны, Які захоўвае запавет і міласьць! хай ня будзе малым перад абліччам Тваім уся пакута, якая спасьцігла нас, цароў нашых, князёў нашых, і сьвятароў нашых, і прарокаў нашых, і бацькоў нашых і ўвесь народ Твой ад дзён цароў Асірыйскіх да сёньня.
 
Дык цяпер, Божа наш, вялікі, магутны і страшны, захоўваючы запавет і міласэрнасць, хай не будуць малымі ў Цябе ўсе беды, што наведалі нас, цароў нашых, і князёў нашых, і святароў нашых, і прарокаў нашых, і бацькоў нашых ды ўвесь народ Твой, ад дзён цароў асірыйскіх аж па гэты дзень.

Ва ўсім, што спасьцігла нас, Ты праведны, бо Ты рабіў паводле праўды, а мы вінаватыя.
 
І Ты справядлівы ва ўсім, што прыйшло на нас, бо Ты справядліва зрабіў, а мы бязбожна паводзілі сябе.

Цары нашыя, князі нашыя, сьвятары нашыя і бацькі нашыя ня выконвалі закону Твайго, і ня слухалі наказаў Тваіх і напамінаў Тваіх, якімі Ты нагадваў ім.
 
Цары нашы, князі нашы, святары нашы і бацькі нашы не споўнілі закону Твайго ды не зважалі на прыказанні Твае і на сведчанні Твае, якімі сведчыў перад імі.

І ў царстве сваім пры вялікім дабры Тваім, якое Ты даваў ім, і на прасторнай і тлустай зямлі, якую Ты выдзеліў ім, яны ня служылі Табе і не адварочваліся ад ліхіх дзеяў сваіх.
 
І яны ў царствах сваіх і ў дабраце Тваёй вялікай, якую Ты даў ім, і ў зямлі надта абшырнай і ўрадлівай, якую Ты ім даў, не служылі Табе ды не адвярнуліся ад учынкаў сваіх найгоршых.

І вось, мы цяпер рабы; на той зямлі, якую Ты даў бацькам нашым, каб карміцца яе пладамі і яе дабром, вось, мы рабы.
 
І вось, мы самі сёння сталі нявольнікамі ў зямлі, якую Ты даў бацькам нашым, каб спажывалі плады яе і багацце яе, мы самі сталі нявольнікамі.

І ўтворы свае яна багата прыносіць царам, якім Ты ўпакорыў нас за грахі нашыя. І целамі нашымі і быдлам нашым яны валодаюць, як самі хочуць, і мы ў вялікім уціску.
 
І плады яе памнажаюцца для цароў, якіх ты паставіў над намі дзеля нашых грахоў, і яны валодаюць целамі нашымі і жывёлай нашай па сваёй волі, і мы знаходзімся ў вялікім прыгнёце.

Пасьля ўсяго гэтага мы даём цьвёрдае абавязацельства і падпісваем, і на подпісе пячатка князёў нашых, лявітаў нашых і сьвятароў нашых.