Ісаі 15 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Прароцтва пра Маава. — Так! уначы будзе зруйнаваны Ар-Мааў і зьнішчаны; так! уначы будзе зруйнаваны Кір-Мааў і зьнішчаны!
Прадказанне Маабу. Замоўк Ар-Мааб, бо ноччу быў спустошаны. Замоўк Кір-Мааб, бо ноччу быў спустошаны.
Ён узыходзіць да Баіта і Дывона, узыходзіць на вышыні, каб плакаць; Мааў галосіць над Нэво і Мэдэваю; ва ўсіх іх астрыжаныя галовы, ва ўсіх паголеныя бароды.
Дачка Дыбона ўзышла на вышыні, каб плакаць: над Нэба і над Мэдабай Мааб галосіць; на ўсіх галовах яго — лысіна, кожная барада паголена.
На вуліцах яго падпярэзваюцца вярэтаю; на дахах яго і на плошчах яго ўсё галосіць, тоне ў сьлёзах.
На шляхах яго апярэзаныя зрэбніцай; на дахах яго і на плошчах яго ўсе галосяць, заліваюцца слязьмі.
І лямантуе Эсэвон і Элеала: голас іх чуецца да самай Яацы; за імі і воіны Маава галосяць; душа яго абурана ў ім.
Крычыць Хесебон і Элеале, аж у Ясе чутны іх голас. Дзеля таго вызваленыя Мааба галосяць, душа яго галосіць у ім.
Галосіць сэрца маё па Мааве; уцякаюць зь яго да Сігора, да трэцяй Эглы; ідуць на ўсход Лухіцкі з плачам; па дарозе Харанаімскай страшэнна лямантуюць;
Сэрца маё над Маабам плача, бежанцы яго — аж да Сэгора, Эглатсэліцыі; дарогаю ўгору на Луіт з плачам узыходзяць ды на шляху ў Аранаім падымаюць лямант роспачы!
бо воды Німрыма счэзьлі, лугі засохлі, трава выгарэла, — прапала зялёнае.
Воды бо Нэмры стануць пустэчай, бо трава высахла, знікла мурава, прапала ўсё зяленіва.
Таму яны рэшткі сабранага і ашчаджанага імі пераносяць за раку Аравійскую.
Дзеля таго робяць запасы, а сваю маёмасць пераносяць за ручай Вярбовы.
Бо лямант па ўсіх межах Маава, да Эглайма плач ягоны;
Бо атачае навокал крык мяжу Мааба, аж да Эглаіма бедаванне яго ды аж да Бээр-Эліма галашэнне яго.
бо воды Дымона напоўніліся крывёю, і Я навяду на Дымон яшчэ новае, — ільвоў на ўцекачоў з Маава і на тых, што засталіся ў краіне.
Вось жа, воды Дымона поўныя крыві, бо ссылаю на Дымон дапаўняльныя беды: льва на ўцалелых з Мааба і на тых, хто застаўся ў краі.