Ісаі 53 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Госпадзе! хто паверыў чутаму ад нас, і каму адкрылася сіла Гасподняя?
 
Хто ўверыў пачутаму ад нас, ды рука Госпада каму была аб’яўлена?

Бо ён узышоў перад Ім, як атожылак і як росьцік з сухой зямлі; няма ў Ім ні выгляду, ні велічы; і мы бачылі Яго, і ня было ў Ім выгляду, які вабіў бы нас да Яго.
 
І вырас Ён, быццам парастак перад Ім, і як бы корань з сухой зямлі. Не было ў Ім віду ані красы, каб мы падзівіліся на Яго, і не было выгляду ў Ім, каб нам падабаўся.

Ён быў пагарджаны і прыніжаны перад людзьмі, Муж скрухі і дасьведчаны ў хваробах, і мы адварочвалі ад Яго твар свой; Ён быў пагарджаны, і мы ані ў што ня ставілі Яго.
 
Пагарджаны быў Ён, апошні з людзей, чалавек пакутаў, які спазнаў немач, і быццам мы закрывалі твар перад Ім; пагарджаны так, што мелі мы Яго за нішто.

Але Ён узяў на Сябе нашыя немачы і забраў нашыя хваробы; а мы думалі, што Ён быў паранены, пакараны і зьнішчаны Богам.
 
Сапраўды, Ён узяў на Сябе немачы нашы, Ён Сам перанёс хваробы нашы; а мы думалі, што Ён пабіты, пакараны Богам і прыніжаны.

Але Ён паранены быў за грахі нашыя і пакутаваў за беззаконьні нашыя; кара міру нашага была на Ім, і ранамі Яго мы ацаліліся.
 
Дык Ён быў пакалечаны за грахі нашы, пабіты за нашы злачынствы; ушчуванне за свет наш — на Ім, і ранамі Яго мы аздароўлены.

Усе мы блукалі, як авечкі, зьвярнулі кожны на сваю дарогу, — і Гасподзь усклаў на Яго грахі ўсіх нас.
 
Усе мы, як авечкі, заблукалі, кожны з нас павярнуўся на дарогу сваю, а Госпад усклаў на Яго ўсю нашу несправядлівасць.

Ён катаваны быў, але цярпеў з добрай волі і не размыкаў вуснаў Сваіх; як авечку, вялі Яго на закол, і як ягня перад стрыгалём ягоным, маўчыць, так Ён не размыкаў вуснаў Сваіх.
 
Здзекаваліся з Яго, але Ён Сам паддаўся і не адкрыў вуснаў Сваіх; як ягня, на зарэз ведзенае, ды як авечка маўчыць перад стрыгалямі, — не адкрыў Ён вуснаў Сваіх!

Зь вязьніцы і суду Ён быў узяты; але род Ягоны хто высьветліць? бо Ён адарваны ад зямлі жывых; за злачынствы народу Майго перацерпеў сьмерць.
 
На прыніжэнне і суд Ён быў аддадзены. І паходжаннем Яго хто пацікавіцца? Бо з зямлі ўзята жыццё Яго, за грахі майго народа забіты быў насмерць.

Яму выраклі магілу са зладзеямі, але Ён пахаваны ў багатага, бо ня ўчыніў грэху, і ня было маны ў вуснах Ягоных.
 
І прызначылі Яму паграбенне разам з бязбожнікамі, ды разам з багатымі магіла Яго, бо нікому не зрабіў крыўды і не было падману на вуснах Яго.

Але Госпаду заўгодна было ўтрапіць Яго цярпеньнямі, і Ён аддаў Яго на пакуты; калі ж душа Яго прынясе ахвяру ўмілажаленьня, Ён убачыць нашчадства даўгавечнае, і воля Гасподняя пасьпяхова будзе зьдзяйсьняцца рукою Ягонай.
 
І захацеў Госпад сцерці Яго немаччу. Калі складзе Ён Сваю душу ў ахвяру, убачыць Ён даўгавечнае патомства, і воля Госпада рукою Яго споўніцца.

На подзьвіг душы Сваёй Ён будзе глядзець з прыемнасьцю; праз спазнаньне Яго Ён, Праведнік, Раб Мой, апраўдае многіх і грахі іх на Сабе панясе.
 
Праз пакуты душы Сваёй убачыць Ён святло, насыціцца веданнем Сваім. «Слуга Мой справядлівы апраўдае многіх, і несправядлівасці іх Сам Ён будзе несці.

Пасьля гэтага Я дам Яму долю паміж вялікімі, і з моцнымі будзе дзяліць здабычу, за тое, што аддаў душу Сваю на сьмерць, і да зладзеяў залічаны быў, тады як Ён панёс на Сабе грахі многіх і за злачынцаў зрабіўся хадайнікам.
 
Таму аддам Яму многіх, і з моцным падзеліць Ён здабытак, за тое, што душу Сваю выдаў на смерць і ў злачынцы быў залічаны; а Ён узяў на Сябе грэх многіх, таму заступаецца за праступных».