Ераміі 12 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Справядлівы будзеш Ты, Госпадзе, калі я пачну судзіцца з Табою; і аднак жа буду гаварыць з Табою пра правасудзьдзе; чаму шлях бязбожных пасьпяховы, і ўсе вераломныя дабрашчасьцяцца?
 
Сапраўды, справядлівы Ты, Госпадзе, калі б я спрачаўся з Табою; аднак жа, пра законнасць буду гаварыць я з Табою. Чаму шлях бязбожнікаў паспяховы? Добра ўсім крывадушнікам і злачынцам.

Ты пасадзіў іх, і яны ўкараніліся, вырасьлі і даюць плод. У іхніх вуснах Ты блізкі, але далёкі ад сэрца іх.
 
Ты насадзіў іх, і яны запусцілі карані, узрастаюць і даюць плады; блізка Ты да вуснаў іх, а далёка ад іх нырак.

А мяне, Госпадзе, Ты ведаеш, бачыш мяне і выпрабоўваеш сэрца маё, якое яно к Табе. Аддзялі іх, як авечак на закол, і падрыхтуй іх на дзень забіваньня.
 
Ты ж, Госпадзе, ведаеш мяне, бачыш мяне і даследуеш сэрца маё, што яно з Табою. Аддзялі іх, як авечак на зарэз, і складзі іх у ахвяру на дзень знішчэння.

Ці доўга будзе жаліцца зямля, і трава на ўсіх палях — сохнуць? быдла і птушкі гінуць за бязбожнасьць жыхароў яе; бо яны кажуць: Ён ня ўбачыць, што з намі будзе.
 
Дакуль жа будзе смуткаваць зямля і трава ў кожнай мясцовасці будзе высыхаць дзеля злачыннасці жыхароў яе? Пагінулі звяры і птушкі, бо [тыя] казалі: «Бог не ўбачыць, што з намі будзе».

Калі ты зь пешымі бег, і яны стамілі цябе, як жа табе спаборнічаць з конямі? і калі ў краіне мірнай ты быў у бясьпецы, дык што будзеш рабіць у павадак Ярдана?
 
Калі, бегучы з пешымі, ты заморваешся, то як жа зможаш спаборнічаць з конямі? І калі ў краіне супакою ты пачуваў сябе бяспечна, дык што будзеш рабіць у гушчары Ярдана?

Бо і браты твае і дом бацькі твайго, і яны вераломна ўчыняюць з табою, і яны крычаць усьлед табе гучным голасам. Ня вер ім, калі яны кажуць табе і добрае.
 
Бо і браты твае, і дом бацькі твайго, нават яны чыняць подступы супраць цябе і крычаць за табою на поўны голас; не вер ім, калі будуць гаварыць табе добрае.

Я пакінуў Мой дом; пакінуў надзел Мой; самае ласкавае душы Маёй аддаў у рукі ворагаў яго.
 
«Я пакінуў дом Свой, пакінуў спадчыну Сваю, тое, што любіла душа Мая, аддаў у рукі непрыяцеляў яе.

Доля Мая зрабілася Мне як леў у лесе; узвысіла на Мяне голас свой: за тое я ўзьненавідзеў яе.
 
Мая спадчына сталася для Мяне, як леў у лесе; яна падняла супраць Мяне голас свой, таму Я зненавідзеў яе.

Доля Мая зрабілася ў Мяне, як стракатая птушка, на якую з усіх бакоў напалі іншыя драпежныя птушкі. Ідзеце, зьбірайцеся ўсе польныя зьвяры: ідзеце жэрці яго.
 
Ці ж спадчына Мая сталася для Мяне стракатай птушкаю? Ці ж навокал яе птушкі драпежныя? Прыходзьце, збярыцеся, усе звяры палявыя, паспяшайце на жыраванне.

Мноства пастухоў сапсавалі Мой вінаграднік, вытапталі нагамі дзялянку Маю; любімую дзялянку Маю зрабілі пустым стэпам,
 
Многія пастухі разбурылі вінаграднік Мой, стапталі ўласнасць Маю і зрабілі надзел Мой улюбёны стэпам пустынным.

зрабілі яе пустыняю, і ў запусьценьні яна плача перад Мною; уся зямля спустошана, бо ніводзін чалавек не бярэ гэтага да сэрца.
 
Яны прызначылі яго на спусташэнне, смуткуе перад абліччам Маім апусцелы; спустошана ўся зямля, бо няма нікога, каму б дзеля гэтага балела сэрца».

На ўсе горы ў пустыні прыйшлі спусташальнікі; бо меч Госпада пажырае ўсё ад аднаго краю зямлі да другога: няма міру ніякай плоці.
 
На ўсе ўзгоркі пустыні папрыходзілі нішчыцелі, бо меч Госпадаў паглынае ад краю зямлі да краю яе, і няма супакою ніводнаму жывому.

Яны сеялі пшаніцу, а зжалі церне; вымучыліся, і не атрымалі ніякай карысьці; пасаромейцеся ж такіх прыбыткаў вашых з прычыны палымянага гневу Госпада.
 
Пасеялі пшаніцу, а зжалі церні, працавалі, ды ім гэта не прыдасца; вы асароміцеся дзеля пладоў сваіх з прычыны бушавання гневу Госпада!

Так кажа Гасподзь пра ўсіх ліхіх маіх суседзяў, якія нападаюць на надзел, які Я даў у спадчыну народу Майму, Ізраілю: вось, Я вырву іх зь зямлі іхняй, і дом Юдаў вырву з асяродзьдзя іх.
 
Вось што кажа Госпад супраць усіх маіх ліхіх суседзяў, якія чапляюцца да спадчыны, якую Ён прызначыў народу Свайму, Ізраэлю: «Вось жа, вырву Я іх з зямлі іх і дом Юды вырву з асяроддзя іх.

Але пасьля таго, як Я вырву іх, зноў вярну і памілую іх, і прывяду кожнага ў надзел ягоны, і кожнага — у зямлю яго.
 
І будзе: калі вырву Я іх, то зноў пашкадую іх і вярну іх назад, кожнага да спадчыны сваёй і кожнага — у зямлю сваю.

І калі яны навучацца шляхоў народу Майго, каб прысягаць імем Маім «жывы Гасподзь», як яны навучылі народ Мой прысягаць Ваалам, — дык уцьвердзяцца сярод народу Майго.
 
І будзе: калі вывучаць яны дасканала шляхі народа Майго, каб прысягнулі імем Маім: “Жыве Госпад!”, як навучылі яны народ Мой прысягаць Баалам, то будуць будавацца сярод народа Майго.

Калі ж не паслухаюцца, дык Я выкарчую і зусім ўзьнішчу такі народ, кажа Гасподзь.
 
А калі і тады не паслухаюць, то Я вырву народ той, вырву на загубу», — кажа Госпад.