Ераміі 15 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І сказаў мне Гасподзь: хоць бы сталі перад абліччам Маім Майсей і Самуіл, душа Мая ня прыхіліцца да народа гэтага: адгані іх ад аблічча Майго — хай адыдуць яны.
 
І сказаў Госпад мне: «Калі б нават Майсей і Самуэль сталі перада Мною, душа Мая не з гэтым народам! Выгані іх ад аблічча Майго, няхай ідуць прэч!

А калі скажуць табе: «куды нам ісьці?», дык скажы ім: так кажа Гасподзь: хто асуджаны на сьмерць, ідзі на сьмерць; і хто пад меч — пад меч, і хто на голад, — на голад; і хто ў палон, — у палон.
 
А калі табе скажуць: “Куды пойдзем?”, адкажаш ім: гэта кажа Госпад: “Хто на смерць — на смерць, хто пад меч — пад меч, хто на голад — на голад, хто ў няволю — у няволю”.

І пашлю на іх чатыры роды кары, кажа Гасподзь: меч, каб забіваць, і сабак, каб рваць, і птушак нябесных і зьвяроў польных, каб жэрці і зьнішчаць;
 
І Я дапушчу на іх чатыры віды, — кажа Госпад, — меч, каб забіваў; сабак, каб разрывалі; птушак паднебных і звяроў зямных, каб жэрлі і нішчылі.

і аддам іх на азлобу ўсім царствам зямлі за Манасію, сына Эзэкіі, цара Юдэйскага, за тое, што ён зрабіў у Ерусаліме.
 
І аддам іх на абурэнне ўсім царствам зямлі дзеля Манасы, сына Эзэкіі, цара Юдэйскага, за ўсё тое, што ён учыніў у Ерузаліме.

Бо хто пашкадуе цябе, Ерусаліме? і хто паспагадае табе? і хто зойдзе да цябе папытацца пра тваю дабрабытнасьць?
 
Хто ж бо злітуецца над табою, Ерузалім? Або хто паспачувае табе? Хто падыдзе, каб запытацца, як табе вядзецца?

І ты пакінуў Мяне, кажа Гасподзь, адступіўся: таму я падыму на цябе руку Маю і загублю цябе: Я стаміўся літаваць.
 
Ты ж Мяне адкінуў, — кажа Госпад, — адышоў назад. І Я выцягнуў руку Маю над табою ды знішчыў цябе. Стаміўся Я літаваць!

Я разьвяваю іх веялам за браму зямлі: пазбаўляю іх дзяцей, гублю народ Мой; але яны не вяртаюцца са шляхоў сваіх.
 
Я адвеяў іх веялкай у брамах зямлі; пазбавіў патомства ды выгубіў Свой народ, але яны не вярнуліся са шляхоў сваіх!

Удоваў іхніх у Мяне болей, чым пяску ў моры; навяду на іх, на маці юнакоў, паўдзённага спусташальніка: нападзе на іх зьнянацку страх і жудасьць.
 
Удоў іх у Мяне стала больш, чым пяску ў моры. Я прывёў на іх і на мацерак ваяра, нішчыцеля апоўдні; наслаў на іх раптоўна трывогу і жах.

Ляжыць зьнямоглая тая, што нарадзіла сямёра, дух свой выпускае; яшчэ ўдзень закацілася сонца яе: яна паганьбавана і пасаромлена. І рэшту іх аддам мечу на вачах ворагаў іхніх, кажа Гасподзь.
 
Самлела тая, што сямёра нарадзіла, аддала душу сваю. Зайшло яе сонца, хоць яшчэ дзень быў, ахапіў яе сорам і пачырванела. А рэшткі іх Я аддам пад меч на віду ворагаў іх», — кажа Госпад.

«Гора мне, маці мая, што ты нарадзіла мяне чалавекам, які спрачаецца і сварыцца з усёю зямлёю! нікому не даваў я на ліхву, і мне ніхто не даваў на ліхву, а ўсе клянуць мяне».
 
«Гора мне, маці мая, што мяне нарадзіла, бо нарадзіла ты мяне, чалавека звадкі і чалавека нязгоды на ўсёй зямлі! Не пазычаю і не даю нікому пазыкі, але ўсе мяне праклінаюць.

Гасподзь сказаў: канец твой будзе добры, і Я прымушу ворага абыходзіцца з табою добра ў часіны нягодаў і ў часіны смутку.
 
Сапраўды, Госпадзе, я служыў Табе добра, заступаўся перад Табою за ворага ў час бяды і ў час трывогі.

Ці можа жалеза зламаць жалеза паўночнае і медзь?
 
Ці ж крышыцца жалезам жалеза з поўначы і медзь?»

Маёмасьць тваю і скарбы аддам на рабунак, бяз платы, за ўсе грахі твае, ва ўсіх межах тваіх;
 
«Багацце тваё і скарбы твае Я аддам на рабунак без платы, дзеля ўсіх грахоў тваіх па ўсіх межах тваіх.

і адпраўлю з ворагамі тваімі ў зямлю, якое ты ня ведаеш; бо агонь загарэўся ў гневе Маім, — будзе шугаць на вас.
 
Ды аддам цябе служыць ворагам тваім у зямлю, якой не ведаеш, гнеў бо Мой загарэўся агнём і будзе над вамі гарэць».

О, Госпадзе! Ты ведаеш усё; успомні пра мяне і наведай мяне, і адпомсьці за мяне ганіцелям маім; не загубі мяне пасьля доўгага трываньня Твайго; Ты ведаеш, што дзеля Цябе я цярплю паганьбеньне.
 
«Ты ведаеш, Госпадзе, дык памятай пра мяне і наведай мяне і адпомсці за мяне тым, якія пераследуюць мяне; не забірай мяне паводле цярплівасці Сваёй, ведай, што дзеля Цябе цярплю я ганьбу.

Здабыты словы Твае, і я зьеў іх; і было слова Тваё мне на радасьць і на злагаду сэрца майго; бо імя тваё названа на мне, Госпадзе Божа Саваоф.
 
Адкрыліся словы Твае, і праглынуў я іх, і сталася слова Тваё мне на радасць ды на пацеху сэрца майго, бо прызывана імя Тваё нада мною, Госпадзе, Божа Магуццяў.

Не сядзеў я на зборні блазнаў і не весяліўся: пад цяжкаю рукою Тваёю на мне я сядзеў самотна, бо Ты напоўніў мяне абурэньнем.
 
Не сядзеў я на сходзе кпліўцаў і не хваліўся, а сядзеў я адзін пад рукой Тваёй, бо Ты напоўніў мяне гневам.

За што такая напорыстая хвароба мая, і рана мая такая незагойная, што адхіляе лекаваньне? Няўжо ты будзеш мне як бы падманліваю крыніцаю, нявернаю вадою?
 
Чаму боль мой стаўся бязмежным, а рана мая безнадзейная, адмаўляецца лячыцца? Стаўся Ты мне як ручай падманны, як воды ненадзейныя».

На гэта так сказаў мне Гасподзь: калі ты навернешся, дык Я адраджу цябе, і будзеш стаяць перад абліччам Маім; і калі выдабудзеш каштоўнае зь нікчэмнага, дык будзеш як вусны Мае. Яны самі будуць зьвяртацца да цябе, а ты ня будзеш зьвяртацца да іх.
 
Таму вось што кажа Госпад: «Калі ты навернешся, Я навярну цябе, і ты станеш перад абліччам Маім; а калі аддзеліш каштоўнае ад нікчэмнага, будзеш, як вусны Мае. Тады яны самі звернуцца да цябе, а ты не будзеш звяртацца да іх.

І зраблю цябе гэтаму народу моцнаю меднаю сьцяною; яны будуць ваяваць супроць цябе, але не адолеюць цябе, бо Я з табою, каб ратаваць і вызваляць цябе, кажа Гасподзь.
 
І Я зраблю цябе для гэтага народа моцным медным мурам, і будуць яны ваяваць супраць цябе, і не перамогуць, бо Я з табою, каб збаўляць і ратаваць цябе, — кажа Госпад. —

І ўратую цябе ад рукі ліхіх і вызвалю цябе ад рукі прыгнятальнікаў.
 
І Я вызвалю цябе з рук ліхотнікаў і збаўлю цябе з рук гвалтаўнікоў».