Ераміі 18 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Слова, якое было Ерамію ад Госпада:
 
Слова, якое было Ярэміі ад Госпада, якое казала:

Устань і сыдзі ў дом ганчара, і там Я абвяшчу табе Маё слова.
 
«Устань і спусціся ў дом ганчара; там пачуеш Мае словы».

І сышоў я ў дом ганчара, і вось ён рабіў сваю працу на крузе.
 
Дык я спусціўся ў дом ганчара, і вось, ён працаваў пры коле,

І посуд, які ганчар рабіў з гліны, разваліўся ў руцэ ягонай; і ён зноў зрабіў яго, другі посуд, які ганчар надумаўся зрабіць.
 
і пасудзіна, якую рабіў ён з гліны рукамі сваімі, рассыпалася, як гэта здараецца з глінай у руцэ ганчара, і ён ізноў зрабіў з яе іншую пасудзіну, — так, як яму пажадалася.

І было слова Гасподняе мне:
 
І было слова Госпада да мяне, якое казала:

Ці не магу Я ўчыніць з вамі, доме Ізраілеў, як гэты ганчар? кажа Гасподзь. Вось, што гліна — у руках у ганчара, тое самае — вы ў Маёй руцэ, доме Ізраілеў.
 
«Ці не магу Я зрабіць з вамі, дом Ізраэля, як гэты ганчар? — кажа Госпад. — Бо вось, як гліна ў руцэ ганчара, так вы, дом Ізраэля, у Маёй руцэ.

Часам Я скажу пра які-небудзь народ і царства, што выкарчую, зламаю і загублю яго;
 
Часам Я скажу супраць народа і супраць царства, што Я выкараню, развалю ды знішчу яго.

але калі народ гэты, пра які Я гэта мовіў, адвернецца ад сваіх благіх дзеяў, Я адмяню ліха, якое надумаў зрабіць яму.
 
Калі раскаецца народ гэты ў ліхоце сваёй, за якую наканаваў Я [пакаранне] на яго, то і Я раскаюся ў ліхоце, якую задумаў учыніць яму.

А часам скажу пра які-небудзь народ і царства, што ўладжу і ўмацую яго;
 
Іншым разам скажу Я адносна якога народа ці царства, каб збудаваць і засяліць яго.

але калі ён будзе рабіць благое перад вачыма Маімі і ня слухацца голасу Майго, Я адмяню тое добрае, якім хацеў удабрачыніць яму.
 
Калі б, аднак, ён дапускаўся ліхоты на віду ў Мяне, каб не слухаць голасу Майго, то Я раскаюся ў дабротах, якія абяцаў зрабіць яму.

Дык вось скажы мужам Юды і жыхарам Ерусаліма: так кажа Гасподзь: вось, Я рыхтую вам ліха і намышляю супроць вас; дык вось, адвярнецеся кожны ад благога шляху свайго і папраўце шляхі вашыя і ўчынкі вашыя.
 
Цяпер жа кажы мужу Юдэі і жыхарам Ерузаліма, кажучы: гэта кажа Госпад: “Вось, Я рыхтую вам бяду і маю намер супраць вас. Дык навярніцеся кожны ад сваёй ліхой дарогі і выпрастуйце дарогі вашы і паводзіны вашы”».

Але яны кажуць: «не спадзявайся, мы будзем жыць згодна са сваім намыслам і будзем рабіць кожны паводле ўпартасьці злога сэрца свайго».
 
А яны сказалі: «Надарма! Мы пойдзем за сваімі ўласнымі задумамі, і кожны будзе паводзіць сябе паводле сапсаванасці ліхога сэрца свайго».

Таму так кажа Гасподзь: спытайцеся сярод народаў, ці чуў хто падобнае на гэта? вельмі гнюсотныя дзеі ўчыніла дзева Ізраілева.
 
Таму вось што кажа Госпад: «Спытайце ў народаў: ці хто чуў пра такія жахі, якія ўчыніла без меры дзяўчына Ізраэля?

Ці пакідае сьнег Ліванскі скалу гары? ці канчаюцца халодныя воды, якія цякуць зь іншых мясьцінаў?
 
Ці ж знікне з камянёў даліны снег Лібана або ці высахнуць воды крынічныя, халодныя і цякучыя?

А народ Мой пакінуў Мяне; яны кадзяць марным, спатыкнуліся на дарогах сваіх, пакінулі шляхі старадаўнія, каб хадзіць па сьцежках шляху непракладзенага,
 
А народ Мой забыўся пра Мяне, для марнасці палячы кадзіла ды спатыкаючыся на дарогах сваіх, на даўнейшых шляхах, каб блукаць па сцежках, па дарозе невыхаджанай,

каб зрабіць зямлю сваю жахам, заўсёдным пасьмешышчам, так што кожны, хто праходзіцьме па ёй, зьдзівіцца і паківае галавою сваёю.
 
каб зямлю сваю ўчыніць пустыняй ды адвечным пасмяяннем. Кожнага, хто будзе праходзіць праз яе, ахопіць здзіўленне, і будзе ён ківаць галавою сваёй.

Як усходнім ветрам разьвею іх перад абліччам ворага; сьпінаю, а ня тварам павярнуся да іх у дзень бедства іхняга.
 
Падобна, як вецер усходні, Я раскідаю іх на віду ворага. Спіну, а не твар, пакажу ім у дзень знішчэння іх».

А яны сказалі: «прыйдзеце, складзем змову супроць Ераміі; бо ня зьнік жа закон у сьвятара, і рада ў мудрага, і слова ў прарока; прыйдзеце, паб’ем яго языком і ня будзем уважаць словам ягоным».
 
А яны сказалі: «Хадземце і змовімся супраць Ярэміі, не прападзе ж бо закон без святара, ані рада без мудрага, ані слова без прарока. Хадземце, паб’ем яго языком і не звернем зусім увагі на яго словы».

Уважы мне, Госпадзе, і пачуй голас маіх супраціўцаў.
 
Зваж на мяне, Госпадзе, і пачуй голас непрыяцеляў маіх.

Ці трэба плаціць злом за дабро? а яны капаюць яму для душы маёй. Уважы, што я стаю перад абліччам Тваім, каб гаварыць за іх добрае, каб адвярнуць ад іх гнеў Твой.
 
Ці ж ліхам адгаджаецца за дабро? А яны выкапалі яму для душы маёй! Узгадай, як я стаяў перад Табою, каб прасіць дабра для іх ды каб адвярнуць гнеў Твой ад іх.

Дык вось аддай сыноў іхніх голаду і ўвядзі іх пад меч; хай будуць іх жонкі бязьдзетныя і ўдовы, і мужоў іхніх няхай сьмерць прыбярэ, а юнакі іхнія — хай будуць усьмерчаны мечам на вайне.
 
Дзеля таго аддай іх дзяцей на голад ды завядзі іх пад меч! Хай жонкі іх стануць бяздзетнымі ды ўдовамі, а мужы іх хай папрападаюць ад пошасці, а моладзь іх хай загіне ў баі ад меча.

Хай будзе чуцен енк іхні з дамоў іхніх, калі прывядзеш на іх войска зьнянацку; бо яны капаюць яму, каб злавіць мяне, і таемна паставілі сеткі на ногі мае.
 
Хай чуецца крык з іх дамоў; навядзі на іх раптам злодзеяў, бо яны выкапалі яму, каб схапіць мяне, а пад ногі мае пасткі паставілі.

Але Ты, Госпадзе, ведаеш усе намыслы іх супроць мяне, каб усьмерціць мяне; не даруй іхняй няпраўды і грэху іхняга не загладзь перад абліччам Тваім; хай будуць яны звалены перад Табою; учыні зь імі ў час гневу Твайго.
 
Ты ж, Госпадзе, ведаеш усе іх хітрыкі супраць мяне, не даруй ім іх злачынства, і хай не аддаліцца з віду Твайго грэх іх. Хай папрападаюць перад Табою, у час гневу Твайго асудзі іх!