Ераміі 2 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І было слова Гасподняе мне:
Госпад скіраваў да мяне наступнае слова:
ідзі і абвясьці ў вушы дачцэ Ерусаліма: так кажа Гасподзь; Я ўспамінаю дружнасьць маладосьці тваёй, пра каханьне тваё, калі ты была нявеста, калі пайшла сьледам за Мною ў пустыню, у зямлю незасеяную.
«Ідзі і крычы ў вушы Ерузаліму, кажучы: гэта кажа Госпад: “Я памятаю цябе, прывабнасць тваёй маладосці і любоў, калі ты была нарачонаю, калі хадзіла ты за Мною па пустыні, у зямлі, якой ніхто не засявае.
Ізраіль быў сьвятыняю Госпада, пачаткам пладоў Ягоных: усе, што паядалі яго, асуджаліся, бедства спасьцігла іх, кажа Гасподзь.
Святы для Госпада Ізраэль, першыя плады Яго ўраджаю; усе, хто паядалі яго, былі асуджаны; ліха прыходзіла на іх”», — кажа Госпад.
Паслухайце слова Гасподняе, доме Якаўлеў і ўсе роды дому Ізраілевага!
Слухайце слова Госпада, дом Якуба ды ўсе роды дому Ізраэля!
Так кажа Гасподзь: якую няпраўду знайшлі ўва Мне бацькі вашыя, што адышлі ад Мяне і пайшлі за марнасьцю, і змарнелі;
Гэта кажа Госпад: «Што благога знайшлі ўва Мне бацькі вашы, што аддаліліся ад Мяне, пайшлі следам за марнасцю і самі сталі марнымі?
і не сказалі: дзе Гасподзь, Які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, вёў нас па пустыні, па зямлі пустой і неабжытай, па зямлі сухой, па зямлі ценю сьмяротнага, па якой ніхто не хадзіў і дзе ня жыў чалавек?
І не пыталіся яны: “Дзе Госпад, Які даў нам выйсці з зямлі Егіпецкай, Які правёў нас праз пустыню, праз зямлю неабжытую і поўную ям, праз зямлю сухую і цёмную, праз зямлю, па якой ніхто не хадзіў і ніводзін чалавек не жыў?”
І Я ўвёў вас у зямлю плодную, каб вы карміліся пладамі яе і дабром яе; і вы ўвайшлі і апаганілі зямлю Маю, і набытак Мой зрабілі мярзотаю.
А Я ўвёў вас у зямлю садоў, каб вы спажывалі плады яе і з яе найлепшае; а вы, увайшоўшы, спаганілі зямлю Маю і спадчыну Маю пераўтварылі ў абрыду.
Сьвятары не казалі: дзе Гасподзь? і настаўнікі закона ня ведалі Мяне, і пастыры адпаліся ад Мяне, і прарокі прарочылі ў імя Валаала і хадзілі сьледам за тымі, якія не дапамагаюць.
Святары не казалі: “Дзе ёсць Госпад?” І заканадаўцы не ведалі Мяне, і пастыры паўсталі супраць Мяне, і прарокі прарочылі на карысць Баала і хадзілі за тым, што не дае дапамогі.
Таму Я яшчэ буду судзіцца з вамі, кажа Гасподзь, і з сынамі сыноў вашых буду судзіцца.
Дзеля таго буду далей спрачацца з вамі, — кажа Госпад. — І з дзецьмі дзяцей вашых буду судзіцца.
Бо ідзеце на выспы Хітымскія і паглядзеце, і пашлеце ў Кедар і разьведайце старанна і разгледзьце, ці было там што падобнае да гэтага?
Пайдзіце на астравы кітымскія і паглядзіце ды пашліце ў Кедар і прасачыце старанна, і паглядзіце, ці сталася там штосьці падобнае?
ці памяняў які-небудзь народ багоў сваіх, хоць яны і не багі? а Мой народ памяняў славу сваю на тое, што не дапамагае.
Ці народ змяніў сваіх багоў? А яны ж не багі насамрэч! Мой жа народ змяніў сваю славу на тое, што ніяк не дапамагае!
Падзівуйцеся з гэтага, нябёсы, і здрыганецеся і жахнецеся, кажа Гасподзь.
Аслупянейце, нябёсы, дзеля гэтага і палохайцеся звыш меры, — кажа Госпад.
Бо два ліхі ўчыніў народ Мой: Мяне, крыніцу вады жывой пакінулі і высеклі сабе вадаёмы разьбітыя, якія ня могуць трымаць вады
Два бо ліхоцці зрабіў народ Мой: пакінулі Мяне, крыніцу жывой вады, каб выкапаць сабе вадаёмы, вадаёмы разбітыя, якія не могуць трымаць вады.
Хіба Ізраіль раб? альбо ён дамачадзец? чаму ён зрабіўся здабычаю?
Ці ж [дачка] ізраэльская ёсць паслугачкай ці нявольніцай? Чаму ж яна сталася здабычай?
Зарыкалі на яго маладыя ільвы, падалі голас свой і зрабілі зямлю яго пустэльняю; гарады яго спалены, без жыхароў.
Над ёй рыкаюць ільвы, выяўляючы голас свой; яны змянілі зямлю яе ў пустыню, а гарады яе спалены, няма каму жыць у іх.
І сыны Мэмфіса і Тафны аб’елі цемя тваё.
Нават сыны Мемфіса і Тапнэса абголяць табе галаву.
Ці ня ўчыніў ты сабе гэтага тым, што занядбаў Госпада Бога твайго ў той час, калі Ён вёў цябе па дарозе?
Ці ж не зрабілася гэта табе за тое, што пакінула ты Госпада, Бога твайго, калі вёў Ён цябе дарогаю?
І сёньня навошта табе дарога ў Егіпет, каб піць ваду зь Ніла? і навошта табе дарога ў Асірыю, каб піць ваду з ракі яе?
А цяпер што за патрэба табе хадзіць у Егіпет, каб піць ваду з Ніла? І навошта ходзіш у Асірыю? Каб піць ваду з ракі?
Пакарае цябе бязбожнасьць твая, і адступніцтва тваё выкрые цябе: дык вось, спазнай і разваж, як блага і горка тое, што ты занядбаў Госпада Бога твайго, і страху Майго няма ў табе, кажа Гасподзь Бог Саваоф.
Абвінаваціць цябе ліхота твая, і адступніцтва тваё асудзіць цябе. Ведай таму і глядзі, што ліхім і горкім ёсць тое, што ты пакінула Госпада, Бога твайго, ды не маеш у сабе страху перада Мною. — кажа Госпад, Бог Магуццяў. —
Бо даўно я паламаў ярмо тваё, парваў путы твае, і ты казаў: «ня буду служыць ідалам», а тым часам на кожным высокім пагорку і пад кожным галінастым дрэвам ты блудадзейнічаў.
Здаўна зламала ты ярмо тваё, парвала путы твае ды сказала: “Не буду служыць!” На кожным бо ўзгорку высокім і пад кожным дрэвам зялёным ты клалася, як блудніца.
Я пасадзіў цябе як высакародную лазу, — найчысьцейшае насеньне; як жа ты ператварылася ў Мяне ў дзікі парастак чужой лазы?
Я ж пасадзіў цябе як найлепшую вінаградную лазу, як кожнае сапраўднае насенне; дык як жа ты змянілася на парасткі чужой вінаграднай лазы?
Таму хоць бы ты ўмыўся мылам і шмат ужыў на сябе шчолаку, — бязбожнасьць твая пазначана перад Мною, кажа Гасподзь Бог.
Нават калі ты памыешся лугам і ўжывеш шмат попелу драўлянага, бруднай застанешся перад абліччам Маім у правіннасці сваёй, — кажа Госпад Бог. —
Як можаш ты сказаць: «я не апаганіў сябе, я не хадзіў па сьледзе Ваала? паглядзі на паводзіны свае ў даліне, уведай, што рабіла ты, увішная вярблюдзіца, якая ганяецца па шляхах тваіх?
Як жа ты кажаш: “Я не спаганеная, за Баалам я не хадзіла”? Паглядзі на свае паводзіны ў лагчыне, прызнайся, што ты зрабіла, спрытная вярблюдзіца, якая збочвае на шляхах сваіх.
Дзікую асьліцу, якая прывыкла да пустыні, якая ў запале душы сваёй глытае паветра, хто можа стрымаць? Усе, хто шукае яе, ня стомяцца; у яе месяцы яны знойдуць яе.
Дзікая асліца, прывыкшы да пустыні, у пажаданні душы сваёй уцягвае паветра; жарсць яе хто стрымае? Усе тыя, хто яе шукаюць, не спрацуюцца, у час месячніцы яе знойдуць яе.
Не давай нагам тваім атоптваць абутак, і гартані тваёй — таміцца ад смагі. Але ты сказаў: не спадзявайся, не! бо люблю чужых і буду хадзіць па сьледзе іхнім.
Беражы нагу сваю, каб не стала босай, і горла сваё, каб не сасмагла. А ты кажаш: “Надарма, ні за што! Я люблю чужых і пайду за імі!”
Як злодзей, калі зловяць яго, бывае пасаромлены, — так пасароміў сябе дом Ізраілеў: яны, цары іхнія, князі іхнія, і сьвятары іхнія, і прарокі іхнія,
Як саромеецца злодзей, калі яго зловяць, так пакрыўся сорамам дом Ізраэля, яны і цары іх, князі і святары ды прарокі іх.
кажучы дрэву: «ты мой бацька», і каменю: «ты нарадзіў мяне»; бо яны абярнуліся да мяне сьпінаю, а ня тварам; а ў час бедства свайго будуць казаць: «устань і выратуй нас!»
Кажуць яны дрэву: “Ты бацька мой”, і каменю: “Ты мяне нарадзіў”. Павярнуліся да Мяне спінаю, а не тварам, але ў час гора свайго просяць: “Падыміся і вызвалі нас!”
Дзе ж багі твае, якіх ты зрабіў сабе? — хай яны ўстануць, калі могуць выратаваць цябе ў час бедства твайго; бо колькі ў цябе гарадоў, столькі і багоў у цябе, Юда.
Дзе багі твае, якіх ты сабе нарабіла? Хай падымуцца яны і вызваляць цябе ў часіну гора твайго; бо якая колькасць гарадоў тваіх, столькі і багоў тваіх сталася, Юда!
Навошта вам спаборнічаць са Мною? — усе вы зграшылі супроць Мяне, кажа Гасподзь.
Чаму хочаце вы са Мною спрачацца? Усе вы адступіліся ад Мяне, — кажа Госпад. —
Марна пабіваў Я дзяцей вашых: яны не прынялі настаўленьня на розум; прарокаў вашых пажыраў меч ваш, як зьнішчальны леў.
Надарма караў Я сыноў вашых: навукі яны не прынялі. Прарокаў вашых паглынуў меч ваш, быццам леў-спусташальнік.
О, родзе! уважце вы слову Гасподняму; ці быў Я пустэльняю дому Ізраілеваму? ці быў Я краінаю змроку? Навошта ж народ Мой кажа: мы самыя сабе гаспадары; мы ўжо ня прыйдзем да Цябе?
Што вы за пакаленне? Вы бачыце слова Госпада: ці ж Я зрабіўся пустыняй для Ізраэля або зямлёй цемры? Дык чаму народ Мой кажа: “Мы аддзяліліся! Не прыйдзем ужо болей да Цябе!”
Ці ж забывае дзяўчына акрасы свае і нявеста — убор свой? а народ Мой забыў Мяне, — няма ліку дням.
Ці ж дзяўчына забудзецца пра аздобы свае, а маладая — пра нагрудную стужку? Мой народ, аднак, забыўся пра Мяне ўжо безліч дзён.
Як умела кіруеш ты дарогі твае, каб здабываць любоў! і дзеля гэтага нават са злачынствамі стасавала ты дарогі твае.
Як добра рыхтуеш ты дарогу сваю, каб шукаць кахання! Звыш таго, прывучыла ты дарогі свае да ліхоты!
Нават на полках вопраткі тваёй ёсьць кроў людзей бедных, невінаватых, якіх ты не засьпела пры ўзломе: і нягледзячы на ўсё гэта,
На фрэнзлях шатаў тваіх — кроў бязвінных і ўбогіх душ, якіх ты не злавіла на зладзействе, але сярод гэтага ўсяго
кажаш: як бо я невінаватая, дык, мусіць, гнеў Яго адхінецца ад мяне. — Вось, Я буду судзіцца з табою за тое, што кажаш: «я не зграшыла».
кажаш ты: “Я не вінаватая, таму гнеў Яго адвярнуўся ад мяне”. Вось жа, Я буду судзіць цябе, бо ты сказала: “Я не зграшыла”.
Навошта ты так многа бадзяешся, мяняючы дарогу тваю? Ты гэтак сама будзеш пасаромленая і Егіптам, як была пасаромлена Асірыяй;
Як лёгка ты мяняеш дарогі свае! Дык асаромлена будзеш Егіптам, як асаромлена была ты Асірыяй.
і ад яго ты выйдзеш, паклаўшы рукі на галаву, бо адхіліў Гасподзь надзеі твае, і ня мецьмеш зь імі посьпеху.
І ад яго бо адыдзеш ты, і рукі твае будуць на галаве тваёй, бо Госпад адкінуў тых, на якіх ты спадзявалася, і ты не будзеш мець поспеху з імі».