Ераміі 33 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І было слова Гасподняе Ерамію другі раз, калі яго яшчэ трымалі ў двары варты:
 
І другі раз было слова Госпада да Ярэміі, калі ён быў яшчэ ўвязнены на вартавым падворку, што казала:

так кажа Гасподзь, які стварыў зямлю, Гасподзь, Які ўладзіў і ўцьвердзіў яе, — Гасподзь імя Яму:
 
«Гэта кажа Госпад, Які задумаў стварыць гэта, Госпад, Які задумаў уфармаваць тое і ўмацаваць, імя Яму — Госпад:

пакліч Мяне — і Я адкажу табе, пакажу табе вялікае і недаступнае, чаго ты ня ведаеш.
 
“Пакліч Мяне, і Я выслухаю цябе і абвяшчу табе справы вялікія і недасяжныя, якіх ты не ведаеш”.

Бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў пра дамы горада гэтага і пра дамы цароў Юдэйскіх, якія разбураюцца дзеля завалаў і дзеля бітваў
 
Бо вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля, пра дамы гэтага горада і пра дамы цара Юдэйскага, якія знішчаныя дзеля ўмацаванняў і дзеля бітвы

тымі, якія прыйшлі ваяваць з Халдэямі, каб напоўніць дамы трупамі людзей, якіх Я паб’ю ў гневе Маім і ў лютасьці Маёй, і за ўсе беззаконьні якіх Я схаваў аблічча Маё ад горада гэтага.
 
тых, якія ідуць, каб ваяваць з халдэямі і каб напоўніць іх трупамі людзей, якіх Я забіў у лютасці Сваёй і ў гневе Сваім, бо Я схаваў аблічча Сваё перад гэтым горадам дзеля ўсякае ліхоты іх:

Вось, я прыкладу яму пластыр і гойныя сродкі і вылечу іх і адкрыю ім багацьце міру і ісьціны,
 
“Вось, Я загаю яму рану і вылечу ды аздараўлю іх, поруч выяўлю ім шчодрасць супакою і праўды.

і вярну палон Юды і палон Ізраіля і ўладжу іх, як на пачатку,
 
І змяню долю Юды і долю Ізраэля, і адбудую іх як на пачатку.

і ачышчу іх ад усёй бязбожнасьці іхняй, якой яны грашылі перад Мною, і дарую ўсе беззаконьні іхнія, якімі яны грашылі перад Мною і адпаліся ад Мяне.
 
І ачышчу іх ад усіх іх злачынстваў, якімі яны грашылі супраць Мяне, і спагадны буду дзеля ўсіх іх злачынстваў і правін, якіх дапусціліся яны перада Мною, пагардзіўшы Мною.

І будзе Мне Ерусалім радасным імем, пахвалою і гонарам перад усімі народамі зямлі, якія пачуюць пра ўсе даброты, якія Я зраблю яму, і зьдзівяцца і затрымцяць ад усіх дабрадзействаў і ўсяго дабрадзенства, якое Я дам яму.
 
І будзе ён Мне імем, і радасцю, і хвалою, і весялосцю перад усімі народамі зямлі, якія пачуюць пра ўсе дабрадзействы, якія ім задумаў зрабіць. І будуць яны баяцца і дрыжаць дзеля ўсяго дабра і ўсялякага супакою, які Я ўчыню ім”.

Так кажа Гасподзь: на гэтым месцы, пра якое вы кажаце: «яно пустое, бязь людзей і бяз быдла», — у гарадах Юдэйскіх і на вуліцах Ерусаліма, якія пустыя бязь людзей, без жыхароў, бяз быдла,
 
Гэта кажа Госпад: “На гэтым месцы, аб якім вы кажаце, што гэта пустэча, бо няма людзей і жывёлы ў гарадах Юды і на вуліцах Ерузаліма, якія апусцелі ды абязлюдзелі, без жыхароў і без жывёлы, будзе чутны яшчэ

зноў будзе чуцен голас радасьці і голас весялосьці, голас маладога і голас маладое, голас тых, якія кажуць: «слаўце Госпада Саваофа, бо добры Гасподзь, бо навекі міласэрнасьць Яго», і голас тых, якія прыносяць ахвяру падзякаваньня ў доме Гасподнім; бо я вярну палонных гэтай зямлі ў ранейшы стан, кажа Гасподзь.
 
голас радасці і голас весялосці, голас жаніха і голас нявесты, голас тых, што кажуць, складаючы ахвяры падзякі ў доме Госпада: “Хваліце Госпада Магуццяў, бо добры Госпад, бо на векі міласэрнасць Яго!”, бо Я вярну, як раней, долю гэтае зямлі”, — кажа Госпад.

Так кажа Гасподзь Саваоф: на гэтым месцы, якое пустое — бязь людзей, бяз быдла — і ва ўсіх гарадах яго зноў будуць жытлішчы пастухоў, якія будуць пасьвіць статкі.
 
Гэта кажа Госпад Магуццяў: “На месцы гэтым спустошаным, без людзей і без жывёлы, і ва ўсіх гарадах яго будзе зноў прыстанішча для пастухоў, якія гоняць статак на адпачынак.

У гарадах нагорных, у гарадах нізінных і ў гарадах паўднёвых, і ў зямлі Веньямінавай і ў навакольлях Ерусаліма і ў гарадах Юды зноў будуць праходзіць статкі пад рукою таго, хто іх лічыць, кажа Гасподзь.
 
У гарадах горных ды ў гарадах Сэфэлі, у гарадах паўднёвых і ў зямлі Бэньяміна, у ваколіцах Ерузаліма і ў гарадах Юды зноў будуць пераходзіць статкі праз рукі таго, хто іх лічыць”, — кажа Госпад.

Вось, настануць дні, кажа Гасподзь, калі Я спраўджу тое добрае слова, якое сказаў пра дом Ізраілеў і пра дом Юдаў.
 
“Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я споўню добрае слова, якое абвясціў Я дому Ізраэля і дому Юды.

У тыя дні і ў той час узгадую Давіду Галіну праведную, — і будзе чыніць суд і праўду на зямлі.
 
У тых днях і ў тым часе Я вырашчу Давіду патомства справядлівае, і будзе яно чыніць закон і справядлівасць на зямлі.

У тыя дні Юда будзе выратаваны і Ерусалім будзе жыць у бясьпецы, і дадуць імя Яму: «Гасподзь — апраўданьне наша!»
 
У тыя дні Юда будзе збаўлена і Ерузалім будзе жыць бяспечна. І вось імя, якім назаве яго: “Госпад — справядлівасць наша”.

Бо так кажа Гасподзь: не зьвядзецца ў Давіда муж, які сядзіць на троне дома Ізраілевага,
 
Бо вось што кажа Госпад: “Не забракуе Давіду мужа, які сядзе на пасадзе дому Ізраэля.

і ў сьвятароў-лявітаў ня будзе неставаць мужа перад абліччам Маім, які будзе ўзносіць цэласпаленьне і паліць прынашэньні і ўчыняць ахвяраваньні.
 
І святарам-левітам не забракуе мужа перад абліччам Маім, які будзе складаць цэласпаленні, паліць ахвяры з ежы і прыносіць ахвяру ва ўсе дні”.

І было слова Гасподняе Ерамію:
 
І было слова Госпада да Ярэміі, якое казала:

так кажа Гасподзь: калі можаце разбурыць запавет Мой пра дзень і запавет Мой пра ноч, каб дзень і ноч ня прыходзілі ў свой час,
 
гэта кажа Госпад: “Калі можа быць парушаны запавет Мой з днём і запавет Мой з ноччу, так што не будзе дня і ночы ў свой час,

дык можа быць разбураны і запавет Мой з рабом Маім Давідам, так што ня будзе ў яго сына, каб цараваў на троне ягоным, і гэтак сама зь лявітамі — сьвятарамі, службітамі Маімі.
 
то можа быць парушаны Мой запавет з Маім паслугачом Давідам, каб не было ад яго сына, які валадарыў бы на пасадзе яго, і з святарамі-левітамі, паслугачамі Маімі.

Як нязьлічонае нябеснае войска і нявымерны пясок марскі, так памножу племя Давіда раба Майго, і лявітаў, якія служаць Мне.
 
Як незлічоныя ёсць зоркі нябесныя і як без ліку пяску марскога, так Я памножу патомства паслугача Майго Давіда і паслугачоў Маіх, левітаў”.

І было слова Гасподняе Ераміі:
 
І было слова Госпада да Ярэміі, што казала:

ці ня бачыш, што народ гэты кажа: «тыя два племені, якія выбраў Гасподзь, Ён адкінуў», і праз гэта яны пагарджаюць народам Маім, як бы ён ужо ня быў народам у вачах іхніх?
 
“Ці не заўважыў ты, што гэты народ прамовіў, кажучы: “Два роды, якія выбраў Госпад, адкінуты!”, і пагарджаюць народам Маім, як быццам ён ужо не народ для іх.

Так кажа Гасподзь: калі запавету Майго пра дзень і пра ноч і статутаў неба і зямлі Я не зацьвердзіў,
 
Гэта кажа Госпад: “Калі не ўсталяваў Я Майго запавету між днём і ноччу, калі не ўсталяваў Я закону для неба і зямлі,

дык і племя Якава і Давіда, раба Майго, адкіну, каб ня браць болей валадароў зь яго племя племю Абрагама, Ісака і Якава; бо вярну палон іхні і памілую іх.
 
тады Я адкіну патомства Якуба і Давіда, паслугача Майго, і не вазьму з семя яго валадароў для семя Абрагама, Ізаака і Якуба. Але Я змяню лёс іх і пашкадую іх”.