Ераміі 34 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Слова, якое было Ерамію ад Госпада, калі Навухаданосар, цар Вавілонскі, і ўсё войска ягонае і ўсе царствы зямлі, падуладныя руцэ ягонай, і ўсе народы ваявалі супроць Ерусаліма і супроць усіх гарадоў ягоных:
Слова, якое было Ярэміі ад Госпада, што казала, калі Набукаданосар, цар Бабілона, з усім сваім войскам, і ўсе царствы зямлі, якія былі пад яго рукою, поруч усе народы ваявалі супраць Ерузаліма і супраць усіх гарадоў яго:
так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: ідзі і скажы Сэдэкію, цару Юдэйскаму, і скажы яму: так кажа Гасподзь: вось, я аддаю горад гэты ў рукі цару Вавілонскаму, — і ён спаліць яго агнём;
гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Ідзі і гавары цару Юдэйскаму Сэдэцыі, і скажы яму: гэта кажа Госпад: “Вось, Я аддам гэты горад у рукі цара Бабілона, і той спаліць яго агнём.
і ты не ўцячэш ад рукі ягонай, а непазьбежна будзеш узяты і перададзены ў рукі яго, і вочы твае ўбачаць цара Вавілонскага, і вусны яго будуць гаварыць тваімі вуснамі, і пойдзеш у Вавілон.
І ты не ўцячэш ад рукі яго, але будзеш схоплены і выдадзены ў рукі яго, і вочы твае ўбачаць вочы цара Бабілона, і вусны яго будуць гаварыць тваім вуснам, і пойдзеш ты ў Бабілон.
Зрэшты, слухай слова Гасподняе, Сэдэкія, цару Юдэйскі! так кажа Гасподзь пра цябе: ты не памрэш ад меча;
Паслухай, аднак, слова Госпадава, Сэдэцыя, цар Юдэйскі. Гэта кажа Госпад аб табе: “Ты не памрэш ад меча,
ты памрэш у міры, і як бацькам тваім, — ранейшым царам, якія былі да цябе, — палілі пры пахаваньні пахошчы, так спаляць і табе і аплачуць цябе: «на жаль, спадару», бо Я вымавіў гэтае слова, кажа Гасподзь.
але памрэш ты у супакоі, і падобна, як палілі духмянасці для бацькоў тваіх, папярэдніх цароў, якія былі перад табою, так будуць паліць і табе. І будуць таксама галасіць па табе “О гора, валадару”, бо Я сказаў слова”, — кажа Госпад».
Ерамія прарок усе гэтыя словы пераказаў Сэдэкію, цару Юдэйскаму, у Ерусаліме.
І сказаў прарок Ярэмія усе гэтыя словы Сэдэцыі, цару Юдэйскаму, у Ерузаліме.
Тым часам войска цара Вавілонскага ваявала супроць Ерусаліма і супроць усіх гарадоў Юдэйскіх, якія яшчэ заставаліся, супроць Лахіса і Азэкі; бо з гарадоў Юдэйскіх толькі гэтыя заставаліся, як гарады ўмацаваныя.
А войска цара Бабілона ваявала супраць Ерузаліма ды супраць усіх гарадоў юдэйскіх, якія яшчэ былі супраць Лахіса і Азэкі, бо толькі гэтыя ўмацаваныя гарады трымаліся спаміж усіх гарадоў юдэйскіх.
Слова, якое было Ерамію ад Госпада пасьля таго як цар Сэдэкія заключыў запавет з усім народам, што быў у Ерусаліме, каб абвясьціць свабоду,
Слова, якое было Ярэміі ад Госпада па заключэнні царом Сэдэцыем пагаднення з усім народам у Ерузаліме, абвяшчаючы ім свабоду,
каб кожны адпусьціў на волю свайго раба і сваю рабыню, Габрэя і Габрэйку, каб ніхто зь іх ня трымаў у рабстве Юдэя, брата свайго.
каб кожны адпусціў на свабоду нявольніка свайго ды кожны нявольніцу сваю, гебрая і гебрайку, і каб ніхто не трымаў у няволі іх, — гэта значыць юдэя, брата свайго.
І паслухаліся ўсе князі і ўвесь народ, якія ўступілі ў запавет, каб адпусьціць кожнаму раба свайго і кожнаму рабыню сваю на волю, каб ня трымаць іх наперад у рабах, — і паслухаліся і адпусьцілі:
Усе магнаты і ўвесь народ, які заключыў запавет, згадзіліся выпусціць на свабоду кожны свайго нявольніка і кожны сваю нявольніцу і больш не трымаць іх у няволі, — паслухаліся і адпусцілі іх на волю.
але пасьля таго, перадумаўшы, пачалі браць назад рабоў і рабынь, якіх адпусьцілі на волю, і прымусілі іх быць рабамі і рабынямі.
Потым, аднак, змянілі рашэнне і вярнулі назад нявольнікаў і нявольніц сваіх, якіх ужо адпусцілі на свабоду, і прымусілі, каб і далей былі нявольнікамі і нявольніцамі.
І было слова Гасподняе Ерамію ад Госпада:
І было слова Госпада да Ярэміі, ад Госпада кажучы:
Так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я заключыў запавет з бацькамі вашымі, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства, і сказаў:
«Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “З вашымі бацькамі ў дзень, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай, з дому няволі, Я заключыў запавет, які гаварыў:
«у канцы сёмага года адпускайце кожны брата свайго, Габрэя, які прадаў сябе табе; хай ён працуе табе шэсьць гадоў, а потым адпусьці яго ад сябе на волю»; але бацькі вашыя не паслухаліся Мяне і не прыхілілі вуха свайго.
“Калі спаўняецца сем гадоў, хай кожны адпусціць на волю брата свайго, гебрая, які запрадаўся яму ў няволю і служыў шэсць гадоў, тады адпусці яго ад сябе як чалавека свабоднага!” Ды бацькі вашы не паслухалі Мяне і не нахілілі вуха свайго.
Вы сёньня навярнуліся і зрабілі справядліва перад вачыма Маімі, даўшы кожны свабоду свайму блізкаму, і заключылі перад Мною запавет у доме, над якім названа імя Маё;
А вы навярнуліся сёння і зрабілі тое, што справядліва на віду ў Мяне, абвяшчаючы вызваленне кожны блізкаму свайму, і заключылі запавет перад абліччам Маім у доме, над якім прызывана імя Маё.
але потым перадумалі — і зьняславілі імя Маё — і вярнулі да сябе кожны раба свайго і кожны рабыню сваю, якіх адпусьцілі на волю, куды іхняй душы заўгодна, і прымушаеце іх быць у вас рабамі і рабынямі.
Вы, аднак, змянілі меркаванне і зняважылі імя Маё, і вярнулі кожны свайго нявольніка ды кожны — сваю нявольніцу, якіх адпусцілі, каб былі яны свабоднымі і дзеяздольнымі, і вы прымусілі іх, каб былі яны вам нявольнікамі і нявольніцамі”.
Таму так кажа Гасподзь: вы не паслухаліся Мяне ў тым, каб кожны абвясьціў свабоду брату свайму і блізкаму свайму; за тое вось Я, кажа Гасподзь, абвяшчаю вам свабоду падупасьці мечу, згубнай пошасьці і голаду, і аддам вас на азлабеньне ва ўсе царствы зямлі;
Таму вось што кажа Госпад: “Вы не паслухалі Мяне, каб абвясціць волю кожны брату свайму і кожны блізкаму свайму; вось, Я абвяшчаю вам свабоду, — кажа Госпад, на меч, пошасці і голад і зраблю вас страхоццем для ўсіх царстваў зямных.
і аддам адступнікаў ад запавету Майго і няўстойлівых у словах запавету, які яны заключылі перад абліччам Маім, калі расьсеклі цяля напалам і прайшлі паміж расьсечанымі часткамі яго,
А з людзьмі, якія парушылі запавет Мой, якія не пільнаваліся слоў запавету, з якім яны згадзіліся на віду ў Мяне, Я зраблю, як з цялём [ахвярным], якое разрэзалі на дзве часткі і прайшлі між паловамі яго.
князёў Юдэйскіх і князёў Ерусалімскіх, еўнухаў і сьвятароў і ўвесь народ зямлі, які праходзіў паміж расьсечанымі часткамі цяляці, —
Князі юдэйскія і князі Ерузаліма, еўнухі, святары і ўвесь народ зямлі, — тыя, хто прайшлі між паловамі цяляці;
аддам іх у рукі ворагам іхнім і ў рукі шукальнікаў душы іхняй, — і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным.
дык аддам Я іх у рукі ворагаў іх ды ў рукі тых, што цікуюць на іх душы. І будуць трупы іх пажываю для птушак паднебных і звяроў зямных.
І Сэдэкію, цара Юдэйскага, і князёў ягоных аддам у рукі ворагам іхнім і ў рукі шукальнікам душы іхняй і ў рукі войску цара Вавілонскага, якое адступіла ад вас.
А Сэдэцыю, цара Юдэйскага, і князёў яго аддам у рукі ворагаў іх ды ў рукі тых, што цікуюць на душы іх, у рукі войска цара Бабілона, якое цяпер адступіла ад вас.
Вось, Я дам загад, кажа Гасподзь, і вярну іх да гэтага горада, і яны нападуць на яго і возьмуць яго і спаляць яго агнём, і гарады Юдэі зраблю пустыняю неабжытаю.
Вось, Я даю загад, — кажа Госпад, — і прывяду іх зноў у гэты горад, і будуць яны ваяваць супраць яго, і здабудуць яго, і спаляць агнём, і гарады юдэйскія зраблю пустыняй, бо не будзе жыхара”».