Ераміі 36 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

У чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, было такое слова Ерамію ад Госпада:
 
І было ў чацвёрты год Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага, слова гэтае да Ярэміі ад Госпада, кажучы:

вазьмі сабе кніжны скрутак і напішы на ім усе словы, якія Я казаў табе пра Ізраіля і пра Юду і пра ўсе народы з таго дня, як Я пачаў гаварыць табе, ад дзён Ёсіі — да гэтага дня;
 
«Вазьмі скрутак для пісьма і запішы на ім усе словы, якія Я сказаў табе супраць Ізраэля ды Юды і супраць усіх народаў ад дня, калі Я пачаў гаварыць да цябе, ад дзён Осіі аж да гэтага дня.

можа быць, дом Юдаў пачуе пра ўсе бедствы, якія Я думаю зрабіць ім, каб яны адвярнуліся кожны ад благога шляху свайго, каб Я дараваў няпраўду іхнюю і грэх іхні.
 
Калі часам дом Юды, чуючы пра ўсе няшчасці, якія Я думаю ўчыніць ім, навернуцца кожны ад свайго ліхога шляху, то Я прабачу злачынствы і грэх іх».

І паклікаў Ерамія Варуха, сына Нірыі, і напісаў Варух у кніжны скрутак з вуснаў Ераміі ўсе словы Госпада, якія Ён казаў яму.
 
Дык паклікаў Ярэмія Баруха, сына Нэрыі, і запісаў Барух з вуснаў Ярэміі на скрутку для пісьма ўсе словы Госпада, якія Ён яму казаў.

І загадаў Ерамія Варуху і сказаў: «я ўвязьнены і не магу ісьці ў дом Гасподні;
 
І загадаў Ярэмія Баруху, кажучы: «Мне забаронена, і не магу ўваходзіць у дом Госпада.

дык вось, ідзі ты і прачытай напісаныя табою ў скрутку з вуснаў маіх словы Гасподнія ў вушы народа ў доме Гасподнім у дзень посту, таксама і ў вушы ўсім Юдэям, якія прыйшлі з гарадоў сваіх, прачытай іх;
 
Ідзі, вось, ты і прачытай, каб чуў народ у доме Госпада, у дзень посту, словы Госпада са скрутку, на якім запісаў ты з вуснаў маіх. Ды каб пачулі таксама ўсе юдэі, якія прыходзяць з гарадоў сваіх, прачытай ім.

магчыма, яны ўзьнясуць пакорліва маленьне перад аблічча Госпада і адвернуцца кожны ад благога шляху свайго; бо вялікі гнеў і абурэньне, якое абвясьціў Гасподзь на народ гэты».
 
Можа, трапіць іх малітва да Госпада, і кожны з іх навернецца ад свайго ліхога шляху, бо вялікі гнеў і лютасць, якімі пагражае Госпад гэтаму народу».

Варух, сын Нірыін зрабіў усё, што загадаў яму прарок Ерамія, каб словы Гасподнія, напісаныя ў скрутку, прачытаць у доме Гасподнім.
 
І Барух, сын Нэрыі, зрабіў паводле ўсяго таго, што загадаў яму Ярэмія прарок, чытаючы са скрутку словы Госпада ў доме Госпадавым.

У пяты год Ёакіма, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, у дзявятым месяцы абвясьцілі пост перад абліччам Госпада ўсяму народу ў Ерусаліме і ўсяму люду, які прыйшоў у Ерусалім з гарадоў Юдэйскіх.
 
А ў пятым годзе Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага, у дзевятым месяцы аб’явілі пост перад Госпадам для ўсяго народа ерузалімскага ды ўсяго мноства народа, які сцякаўся з гарадоў юдэйскіх у Ерузалім.

І прачытаў Варух напісаныя ў скрутку словы Ераміі ў доме Гасподнім, у пакоі Гемарыі, сына Сафанавага, пісца, на верхнім двары, каля ўваходу ў новую браму дома Гасподняга, у вушы ўсяму народу.
 
І прачытаў Барух са скрутку, каб чуў увесь народ словы Ярэміі ў доме Госпада, у зале Гамары, сына Сафана, пісара, на верхнім панадворку, ля ўваходу ў Новую браму дома Госпадава.

Міхей, сын Гемарыі, сына Сафанавага, чуў усе словы Гасподнія, напісаныя ў скрутку,
 
Калі пачуў Міхей, сын Гамары, сына Сафана, усе словы Госпадавы са скрутку,

і сышоў у дом цара, у пакой царскага пісца, і вось, там сядзелі ўсе князі: Элісам, царскі пісец, і Дэлая, сын Сэмая, і Элнатан, сын Ахбоа, і Гемарыя, сын Сафана, і Сэдэкія, сын Ананія, і ўсе князі;
 
сышоў у дом цара, у пакой пісара, і вось, там сядзелі ўсе князі: Элісама, пісар, і Далаі, сын Сямэі, і Эльнатан, сын Ахабора, і Гамары, сын Сафана, і Сэдэцыя, сын Хананіі, і іншыя князі.

і пераказаў ім Міхей усе словы, якія ён чуў, калі Варух чытаў скрутак у вушы народу.
 
І паведаміў ім Міхей усе словы, якія чуў, калі Барух чытаў са скрутку ўголас перад народам.

Тады ўсе князі паслалі да Варуха Егудыю, сына Натаніі, сына Сэлэміі, сына Хусіі, сказаць яму: «скрутак, які ты чытаў у вушы народу, вазьмі ў руку тваю і прыйдзі». І ўзяў Варух, сын Нірыін, скрутак у руку сваю і прыйшоў да іх.
 
Дык усе князі паслалі да Баруха Егудыя, сына Натаніі, сына Сэлеміі, сына Кусі, каб яму сказаць: «Вазьмі ў рукі свае скрутак, з якога чытаў людзям, і прыходзь!» І ўзяў Барух, сын Нэрыі, скрутак у рукі свае, і прыйшоў да іх.

Яны сказалі яму: «сядзь, і прачытай нам у вушы». І прачытаў Варух у вушы ім.
 
А яны сказалі яму: «Сядзь і прачытай гэта нам уголас». І чытаў Барух у прысутнасці іх.

Калі яны выслухалі ўсе словы, дык з жахам паглядзелі адзін на аднаго, і сказалі Варуху: «мы мусова перакажам усе гэтыя словы цару».
 
І калі пачулі яны ўсе гэтыя словы, то паглядзелі з жахам адзін на аднаго і сказалі яны Баруху: «Мы мусім паведаміць цару ўсе гэтыя словы».

І спыталіся ў Варуха: «скажы ж нам, як ты напісаў усе словы гэтыя з вуснаў ягоных»?
 
І запыталі яны Баруха, кажучы: «Скажы нам, як напісаў ты ўсе гэтыя словы з вуснаў яго?»

І сказаў ім Варух: «ён вымаўляў мне вуснамі сваімі ўсе гэтыя словы, а я чарнілам пісаў іх у гэты скрутак».
 
Барух адказаў ім: «Сваімі вуснамі прамаўляў ён мне ўсе гэтыя словы, а я запісваў атрамантам у скрутку».

Тады сказалі князі Варуху: «ідзі, схавайся, ты і Ерамія, каб ніхто ня ведаў, дзе вы».
 
І сказалі князі Баруху: «Ідзі, схавайся, ты і Ярэмія, і хай ніхто не ведае, дзе вы».

І пайшлі яны да цара ў палац, а скрутак пакінулі ў пакоі Элісама, царскага пісца, і пераказалі ў вушы цару ўсе словы гэтыя.
 
Пасля пайшлі яны на панадворак да цара, а скрутак пакінулі ў пакоі пісара Элісамы; і пераказалі ў прысутнасці цара ўсе словы.

Цар паслаў Егудыю прынесьці скрутак, і ён узяў яго з пакоя Элісама, царскага пісца; і чытаў яго Егудый у вушы цару і ў вушы ўсім князям, якія стаялі каля цара.
 
І паслаў цар Егудыя, каб прынёс скрутак. Той, узяўшы яго з пакоя пісара Элісамы, чытаў у прысутнасці цара і ў прысутнасці ўсіх князёў, якія стаялі вакол цара.

Цар у той час, у дзявятым месяцы, сядзеў у зімовым доме, і перад ім гарэла жароўня.
 
А цар сядзеў у зімовым палацы ў дзевятым месяцы, і перад ім стаяла пасудзіна з распаленымі вуглямі.

Калі Егудый прачытваў тры ці чатыры слупкі, цар адразаў іх пісцовым ножыкам і кідаў на агонь у жароўні, пакуль ня зьнішчаны быў увесь скрутак на агні, які быў у жароўні.
 
І калі Егудый прачытваў тры ці чатыры слупкі, адразаў іх цар ножыкам пісара і кідаў у агонь, які быў у пасудзіне, пакуль увесь скрутак не згарэў у агні, які быў у пасудзіне.

І не пабаяліся і не разадралі вопраткі сваёй ні цар, ні ўсе слугі ягоныя, якія чулі ўсе словы гэтыя.
 
І цар і ўсе паслугачы яго, якія чулі ўсе гэтыя словы, не спалохаліся і не раздзёрлі свайго адзення.

Хоць Элнатан і Дэлая і Гемарыя ўпрошвалі цара не паліць скрутка, але ён не паслухаўся іх.
 
І хоць Эльнатан, і Далая, і Гамары настойліва прасілі цара, каб не паліў кнігі, ён іх не паслухаў.

І загадаў цар Ерамэілу, сыну цароваму, і Сэраію, сыну Азрыілаваму, і Сэлэмію, сыну Аўдыілаваму, узяць Варуха пісца і Ерамію прарока. Але Гасподзь схаваў іх.
 
І загадаў цар Ерамээлю, сыну царскаму, і Сараі, сыну Азрыэля, і Сэлеміі, сыну Абдээля, схапіць Баруха, пісара, і прарока Ярэмію, але Госпад схаваў іх.

І было слова Гасподняе Ерамію, пасьля таго як цар спаліў скрутак і словы, якія Варух напісаў з вуснаў Ераміі, і сказаў яму:
 
І было наступнае слова Госпада да Ярэміі пасля таго, як спаліў цар скрутак і словы, якія Барух запісаў з вуснаў Ярэміі:

«вазьмі сабе зноў другі скрутак і напішы ў ім усе ранейшыя словы, якія былі ў першым скрутку, які спаліў Ёакім, цар Юдэйскі;
 
«Вазьмі сабе зноў іншы скрутак і напішы на ім усе папярэднія словы, якія былі ў першым скрутку, які спаліў Ёакім, цар Юдэйскі.

а цару Юдэйскаму Ёакіму скажы: так кажа Гасподзь: ты спаліў скрутак гэты, сказаўшы: навошта ты напісаў у ім: «мусова прыйдзе цар Вавілонскі і спустошыць зямлю гэтую, і вынішчыць на ёй людзей і быдла», —
 
А пра Ёакіма, цара Юдэйскага, скажаш: гэта кажа Госпад: “Ты спаліў гэты скрутак, кажучы: “Чаму напісаў ты ў ім абвестку: напэўна, прыйдзе цар Бабілона, і знішчыць гэтую зямлю, і вынішчыць з яе людзей і жывёлу?”

за гэта, так кажа Гасподзь пра Ёакіма, цара Юдэйскага: «ня будзе ад яго таго, хто сядзецьме на троне Давідавым, і труп яго будзе выкінуты на сьпёку дзённую і на холад начны;
 
Таму вось што кажа Госпад супраць Ёакіма, цара Юдэйскага: “Не будзе ад яго нікога, хто б сядзеў на пасадзе Давіда. Труп яго будзе выстаўлены на спёку дня і на холад ночы.

і наведаю яго і племя яго і слуг ягоных за няпраўду іхнюю, і навяду на іх і на жыхароў Ерусаліма і на мужчын Юдавых усё ліха, якое Я прамовіў на іх, а яны ня слухалі».
 
І Я пакараю яго і семя яго, поруч і паслугачоў яго за іх правіны; і навяду на іх, і на жыхароў Ерузаліма, і на жыхароў Юды ўсякае няшчасце, якое прадказаў ім, а яны не слухалі”».

І ўзяў Ерамія другі скрутак і аддаў яго Варуху пісцу, сыну Нірыі, і ён напісаў у ім з вуснаў Ераміі ўсе словы з таго скрутка, які спаліў Ёакім, цар Юдэйскі, на агні; і яшчэ дададзена да іх шмат падобных да тых словаў.
 
І ўзяў Ярэмія іншы скрутак, і даў яго Баруху, сыну пісара Нэрыі, які напісаў на ім з вуснаў Ярэміі ўсе словы кнігі, якую ў агні спаліў Ёакім, цар Юды. І было дадана да іх яшчэ шмат падобных слоў.