Ераміі 5 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Пахадзеце па вуліцах Ерусаліма, і паглядзеце і разьведайце і пашукайце на плошчах ягоных, ці ня знойдзеце чалавека, ці няма таго, хто трымаецца праўды, шукае ісьціны! — Я зьлітаваўся б зь Ерусаліма.
 
“Абыдзіце кругом вуліцы Ерузаліма, агледзьце і прасачыце, і пашукайце на плошчах яго, ці знойдзеце чалавека, ці ёсць такі, хто чыніў бы па справядлівасці ды шукаў праўды, і Я буду да яго літасцівы.

Хоць і кажуць яны: жывы Гасподзь! але божацца ілжыва.
 
Нават калі яны скажуць: “Жыве Госпад!”, — пэўна, прысягаюць яны фальшыва”.

О, Госпадзе! ці не да ісьціны зьвернуты вочы Твае? Ты б’еш іх, а яны не адчуваюць болю; Ты пабіваеш іх, а яны ня хочуць прыняць настаўленьня на розум: твары свае зрабілі яны мацнейшымі за камень — навярнуцца ня хочуць.
 
Госпадзе, ці ж вочы Твае не пазіраюць на праўду? Ты апанаваў іх горам, а яны не бядуюць, знішчыў іх, а яны адмовіліся прыняць павучанне; закамянілі твары свае горш за скалу, не хочуць навярнуцца.

І сказаў я сам сабе: гэта, можа быць, беднякі; яны дурныя, бо ня ведаюць шляху Гасподняга, закону Бога свайго.
 
Але я сказаў: “Вось, гэта жабракі чыняць неразумна, бо не ведаюць шляхоў Госпада, прысуду Бога свайго.

Пайду я да знакамітых і пагутару зь імі, бо яны ведаюць шлях Гасподні, закон Бога свайго. Але і яны ўсе паламалі ярмо, парвалі аковы.
 
Дык пайду я да людзей заможных ды скажу ім, яны бо ведаюць шлях Госпада і прысуд Бога свайго”». Але яны таксама паламалі ярмо, парвалі путы.

Затое заб’е іх леў лясны, воўк пустэльны спустошыць іх, барс будзе цікаваць каля гарадоў іхніх: хто выйдзе зь іх, будзе разарваны; бо памножыліся злачынствы іхнія, узмацніліся адступніцтвы іхнія.
 
Дзеля таго нішчыць іх леў з лесу, воўк пустыні выгубляе іх, пантэра будзе цікаваць каля гарадоў іх, кожны, хто выйдзе з іх, будзе разарваны, бо павялічыліся грахі іх, узмацніліся іх адступніцтвы.

Як жа Мне дараваць табе за гэта? Сыны твае пакінулі Мяне і прысягаюць тымі, якія — не багі. Я карміў іх дасыта, а яны пералюбы чынілі і натоўпамі хадзілі ў дамы блудніц.
 
«Дзеля чаго змагу быць да цябе літасцівы? Дзеці твае пакінулі Мяне ды прысягнулі тым, якія не ёсць багамі. Насыціў Я іх, а яны чужаложылі, грамадою сцякаліся ў дом распусніцы.

Гэта — укормленыя коні: кожны зь іх іржэ на жонку другога.
 
Сталіся яны коньмі адкормленымі і неакілзанымі, кожны ржэ на жонку бліжняга свайго.

Няўжо Я не пакараю за гэта? кажа Гасподзь; і ці не адпомсьціць душа Мая такому народу, як гэты?
 
“Ці ж за гэта Я не пакараю, — кажа Госпад, — і ці ж народу такому не адпомсціць душа Мая?

Падымайцеся на сьцены яго і разбурайце, але не да канца: зьнішчыце зубцы іх, бо яны не Гасподнія;
 
Узыдзіце на муры яго і разбурайце, але поўнага знішчэння не рабіце, знішчыце парасткі яго, бо не Госпадавы яны.

Бо дом Ізраілеў і дом Юдаў зрабілі са Мною вельмі вераломна, кажа Гасподзь:
 
Бо адхіліліся ад Мяне крывадушна дом Ізраэля і дом Юды”, — кажа Госпад.

яны зманілі на Госпада і сказалі: «няма Яго, і бяда ня прыйдзе на нас, і мы ня ўбачым ні меча, ні голаду.
 
Выракліся яны Госпада і сказалі: “Няма Яго: не прыйдзе на нас няшчасце, не ўбачым ані меча, ані голаду”».

І прарокі зробяцца ветрам, і слова Гасподняга ў іх няма; над імі самымі няхай гэта будзе».
 
Прарокі будуць, як вецер, і няма ў іх адказу. І гэтак ім станецца.

Таму так кажа Гасподзь Бог Саваоф: за тое, што вы кажаце такія словы, вось, Я зраблю словы Мае ў вуснах тваіх агнём, а гэты народ — дровамі, і гэты агонь зжарэ іх.
 
Таму вось што кажа Госпад, Бог Магуццяў: «За тое, што вы сказалі слова гэтае, вось, Я раблю словы Мае ў вуснах тваіх агнём, а народ гэты — дрэвам, і паглыне іх.

Вось, я прывяду на вас, доме Ізраілеў, народ здалёку, кажа Гасподзь, народ моцны, народ старажытны, народ, мовы якога ты ня ведаеш, і ня будзеш разумець, што ён гаворыць,
 
Вось, Я навяду на вас, дом Ізраэля, народ далёкі, — кажа Госпад, — народ дужы, народ старадаўні, народ, якога мовы ты не будзеш ведаць і не зразумееш, што ён гаворыць.

Калчан яго як адчыненая труна; усе яны — людзі адважныя.
 
Яго калчан — быццам грабніца адкрытая; усе яны магутныя.

І зьядуць яны ўжатак твой і хлеб твой, зьядуць сыноў тваіх і дачок тваіх, зьядуць авечак тваіх і валоў тваіх, зьядуць вінаград твой і смоквы твае; разбураць мечам умацаваныя гарады твае, на якія ты спадзяешся.
 
І з’есць ён жніво тваё і хлеб твой, паглыне сыноў тваіх і дачок тваіх, з’есць тваю дробную і буйную жывёлу, з’есць твае вінаграднікі і дрэвы фігавыя, знішчыць мечам умацаваныя гарады твае, на якія ты спадзяешся.

Але і ў тыя дні, кажа Гасподзь, ня вынішчу вас да канца.
 
Аднак у тыя дні, — кажа Госпад, — не зраблю вам поўнае загубы.

І калі вы скажаце: за што Гасподзь Бог наш робіць нам усё гэта? дык адказвай: бо вы пакінулі Мяне і служылі чужым багам у зямлі сваёй, дык будзеце служыць чужым у зямлі ня вашай.
 
А калі вы скажаце: “Чаму зрабіў нам усё гэта Госпад, Бог наш?” — ты скажаш ім: “Як вы пакінулі Мяне і служылі чужым багам у сваёй зямлі, так будзеце служыць чужынцам у зямлі не сваёй”.

Абвясьцеце гэта ў доме Якава і абвясьцеце ў Юдэі, кажучы:
 
Паведаміце аб гэтым дому Якуба і дайце пачуць у Юдэі, кажыце:

І выслухай гэта, народзе дурны і неразумны, у якога ёсьць вочы, а ня бачыць, у якога ёсьць вушы, а ня чуе:
 
“Паслухай, народ без розуму і без сэрца, якія, маючы вочы, не бачаць, маючы вушы, не чуюць.

Мяне вы ці не баіцеся, кажа Гасподзь, перад Мною ці ня трымціце? Я паклаў пясок, граніцаю мору, вечнаю мяжою, якую не пяройдзе; і хоць хвалі яго імкнуцца, але пераадолець ня могуць; хоць яны бушуюць, але пераступіць яе ня могуць.
 
Ці ж вы не будзеце шанаваць Мяне, — кажа Госпад, — і не затрымціце перад абліччам Маім? Я абмежаваў мора пяском на загад вечны, якога яно не абміне; і хвалявацца будуць, але не змогуць, і ўздымацца будуць хвалі, але не пераступяць яго”.

А ў народа гэтага сэрца буянае і мяцежнае: яны адступілі і пайшлі;
 
Сэрца ў гэтага народа сталася ўпартым і бунтоўным; адступіліся яны і адышліся,

і не сказалі ў сэрцы сваім: убаімся Госпада Бога нашага, Які дае нам дождж раньні і позьні ў свой час, захоўвае нам сяміцы, назначаныя пад жніво.
 
ды не сказалі ў сэрцы сваім: “Давайце шанаваць Госпада, Бога нашага, Які дае нам у свой час дождж ранні і позні, захоўвае для нас сталыя тыдні жніва”.

Беззаконствы вашыя адвярнулі гэта, і грахі вашыя аддалілі ад вас гэта добрае.
 
Беззаконне ваша ўхіліла гэта, і грахі вашы пазбавілі вас дабра,

Бо сярод народа Майго ёсьць бязбожныя: цікуюць, як лаўцы птушак, прыпадаюць да зямлі, ставяць пасткі і ловяць людзей.
 
бо знайшліся ў народзе Маім бязбожнікі, якія цікуюць, як птушкаловы, якія, угнуўшыся, стаўляюць пасткі, каб лавіць людзей.

Як клетка, напоўненая птушкамі, дамы іх поўныя падману, праз гэта яны і ўзвысіліся і разбагацелі,
 
Як клетка поўная птушак, так іх дамы поўныя падману, і так становяцца яны велічнымі і багатымі,

зрабіліся тоўстыя, тлустыя, пераступілі нават усякую меру ў зьле, не разьбіраюць судовых спраў, спраў сірочых; дабрашчасьцяцца, і справядлівай справе ўбогіх не даюць суду.
 
сытымі і тлустымі, ды перайшлі яны ўсе меры ліха. Не разбіраюць яны справу, справу сіраты, каб толькі мець сабе поспех, і справы ўбогіх не разглядаюць.

Няўжо Я не пакараю за гэта? кажа Гасподзь; і ці не адпомсьціць душа Мая такому народу, як гэты?
 
Ці ж за гэта Я не пакараю іх, — кажа Госпад, — і ці ж не адпомсціць душа Мая такому народу, як гэты?

Дзівоснае і жудаснае дзеецца ў гэтай зямлі:
 
Дзіўнае і жудаснае дзеецца на зямлі:

прарокі прарочаць ілжу, і сьвятары пануюць пры пасрэдніцтве іхнім, і народ Мой любіць гэта. Што ж вы рабіцьмеце пасьля гэтага?
 
прарокі праракавалі лжыва, святары пляскалі ў далоні свае, і народ Мой палюбіў гэта. Дык што будзеце рабіць, калі прыйдзе гэтаму канец?»