Ераміі 51 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Так кажа Гасподзь: вось, Я падыму на Вавілон і на жыхароў ягоных супраціўнікаў Маіх.
 
Гэта кажа Госпад: «Вось, Я навяду на Бабілон і на жыхароў Халдэі як бы вецер пагібельны.

і пашлю на Вавілон вейнікаў, і разьвеюць яго, і спустошаць зямлю яго, бо ў дзень бедства нападуць на яго з усіх бакоў.
 
І Я пашлю ў Бабілон веяльшчыкаў, і яны перавеюць яго, і знішчаць зямлю яго, бо адусюль нападуць на яго ў дзень няшчасця.

Хай лучнік напінае лук супроць таго, хто напінае лук, і на таго, хто выстаўляецца бранёю сваёю; і ня літуйце юнакоў яго, зьнішчыце ўсё войска ягонае.
 
Хай ніводзін з лучнікаў не нацягвае свайго лука, і хай не выхваляецца панцырны ваяр; не шкадуйце юнакоў яго, забіце ўсё войска яго!»

Пабітыя няхай упадуць на зямлі Халдэйскай і прабітыя — на дарогах яе.
 
І пападаюць забітыя ў зямлі Халдэйскай, і параненыя — на вуліцах яе.

Бо не аўдавеў Ізраіль і Юда ад Бога свайго, Госпада Саваофа, хоць зямля іх поўная грахамі перад Сьвятым Ізраілевым.
 
Бо не аўдавеў Ізраэль, і Юда па сваім Богу, па Госпаду Магуццяў, бо зямля іх перапоўнена злачынствамі на віду Святога Ізраэля.

Уцякайце з асяродзьдзя Вавілона і ратуйце кожны душу сваю, каб не загінуць ад беззаконьня яго, бо гэта час помсты ў Госпада: Ён аддасьць яму аддачу.
 
Уцякайце з асяроддзя Бабілона! Хай кожны ратуе душу сваю. Не гіньце з прычыны віны яго, бо гэта час помсты Госпада, Ён аддасць яму належнае.

Вавілон быў залатою чараю ў руцэ ў Госпада, што ап’яняла ўсю зямлю; народы пілі зь яе віно і вар’яцелі.
 
Бабілон у руцэ Госпада — залаты келіх, які паіў усю зямлю. Віно яго пілі народы, і дзеля таго ашалелі.

Раптоўна ўпаў Вавілон і разьбіўся; галасеце па ім, вазьмеце бальзаму на раны яго, можа, ён ацаліцца.
 
Раптам упаў Бабілон, і зруйнавалі яго. Галасіце дзеля яго, вазьміце бальзам на боль яго, можа, ачуняе.

Лекавалі мы Вавілон, але не ацаліўся; пакіньце яго, і хадземце кожны ў сваю зямлю, бо вырак пра яго дастаў да нябёсаў і падняўся да воблакаў.
 
«Лекавалі мы Бабілон, але ён не паздаравеў. Пакіньце яго, і хадзем кожны ў сваю зямлю! Бо аж да неба даходзіць прысуд над ім і аж да хмараў падымаецца».

Гасподзь вывеў на сьвятло праўду нашу; хадземце і ўзьвесьцімце на Сіёне дзею Госпада Бога нашага.
 
Выявіў Госпад справядлівасць нашу, хадземце і раскажам на Сіёне пра справу Госпада, Бога нашага!

Вастрэце стрэлы, напаўняйце калчаны; Гасподзь разбудзіў дух цароў Мідыйскіх, бо ў Яго ёсьць намер супроць Вавілона, каб зьнішчыць яго, бо гэта ёсьць помста Госпада, помста за храм Ягоны.
 
Вастрыце стрэлы, напаўняйце калчаны. Узбудзіў Госпад дух цара мідзян, бо супраць Бабілона намер Яго, каб знішчыць яго, бо гэта помста Госпада, і помста за святыню яго.

Насупроць сьцен Вавілона падымеце сьцяг, узмоцніце нагляд, расстаўце варту, падрыхтуйце засады, бо, як Гасподзь намысьліў, так і зробіць, што мовіў на жыхароў Вавілона.
 
Падыміце сцяг над мурамі Бабілона! Павялічце варту, расстаўце варту, прыгатуйце засады, бо так вырашыў Госпад і здзейсніў тое, што прадказаў супраць жыхароў Бабілона.

О, ты, што жывеш каля водаў вялікіх, багаты скарбамі! прыйшоў канец твой, мера прагнасьці тваёй!
 
Ты, што жывеш над вялікімі водамі, перапоўнены багаццямі, прыходзіць канец твой, мерка сквапнасці тваёй!

Гасподзь Саваоф, запрысягнуўся Самім Сабою: у ісьціне кажу, што напоўню цябе людзьмі, як саранчою, і падымуць крык супроць цябе.
 
Госпад Магуццяў прысягнуў душою Сваёю: «Нават калі напоўню цябе людзьмі, як саранчою, заспяваюць яны над табою ваенную песню».

Ён стварыў зямлю сілаю Сваёю, сьцвердзіў сусьвет мудрасьцю Сваёю і розумам Сваім расхінуў нябёсы.
 
Ён стварыў зямлю сілаю Сваёю, упарадкаваў свет мудрасцю Сваёй і розумам Сваім расцягнуў неба.

Па голасе Яго шумяць воды на нябёсах, і Ён узводзіць воблакі ад краёў зямлі, творыць маланкі сярод дажджу і выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх.
 
Па загадзе Яго множацца воды ў небе, Ён прыносіць хмары з канца зямлі, маланкамі папераджае дождж і выклікае вецер са сховішчаў сваіх.

Вар’яцее кожны чалавек у сваім веданьні, сарамаціць сябе кожны гутнік балванам сваім, бо балван ягоны ёсьць хлусьня, і няма ў ім духу.
 
Неразумным стаўся кожны чалавек без ведаў, асаромлены кожны залатар дзеля ідала, бо падманнае ліццё яго, няма ў ім жыцця.

Гэта — поўная пустата, дзея аблуды; у час наведаньня іх яны зьнікнуць.
 
Марныя творы і смеху вартыя, і ў час наведання іх яны пагінуць.

Не такая, як іхняя, доля Якава, бо Бог ягоны ёсьць Творца ўсяго, і Ізраіль ёсьць жазло спадчыны Ягонай, імя Яго — Гасподзь Саваоф.
 
Не такая доля Якуба, як гэтая, бо Ён — Той, Хто стварыў усё, а Ізраэль — племя спадчыны Яго, Госпад Магуццяў — імя Яго.

Ты ў мяне — молат, зброя вайсковая; табою Я пабіваў народы і табою разбураў царствы;
 
«Ты — молат Мой, начынне вайны; табою Я пабіваю народы і знішчаю табою царствы.

табою пабіваў каня і вершніка яго і табою пабіваў калясьніцу і калясьнічага яе;
 
Табою Я пабіваю каня і конніка яго і табою пабіваю калясніцу і возніка яе.

табою пабіваў мужа і жонку, табою пабіваў і старога і маладога, табою пабіваў і юнака і дзяўчыну;
 
Паб’ю табою мужчыну і жанчыну, паб’ю табою старога і падлетка і паб’ю табою юнака і дзяўчыну.

і табою пабіваў пастуха і статак ягоны, табою пабіваў і земляроба і працоўнае быдла ягонае, табою пабіваў і начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў.
 
Паб’ю табою пастыра і статак яго, і паб’ю табою земляроба і запрэжкі яго, і паб’ю табою ваяводаў і ўрадоўцаў.

І аддам Вавілону і ўсім жыхарам Халдэі за ўсё тое ліха, якое яны чынілі на Сіёне на вачах у вас, кажа Гасподзь.
 
І Я аддам Бабілону і ўсім жыхарам Халдэі за ўсю іх ліхоту, якую яны зрабілі Сіёну на вачах вашых», — кажа Госпад.

Вось, Я — на цябе, гара загубная, кажа Гасподзь, што руйнуе ўсю зямлю, і працягну на цябе руку Маю, і скіну цябе са скалаў і зраблю цябе гарою абгарэлаю.
 
«Вось, Я на цябе, гара пагібельная, — кажа Госпад, — якая знішчыла ўсю зямлю. Я працягну руку Сваю да цябе, і спіхну цябе са скалы, і зраблю цябе гарой палаючай.

І ня возьмуць зь цябе каменя для вуглоў і каменя на падмурак, а вечна будзеш запусьценьнем, кажа Гасподзь.
 
І не возьмуць з цябе ані каменю кутняга, ані каменю на падмурак, але спустошаная будзеш навечна», — кажа Госпад.

Падымеце сьцяг на зямлі, трубеце ў трубу сярод народаў, азбройце супроць яго народы, склічце на яго царствы Арарацкія, Мінійскія і Аскеназскія, пастаўце правадыра супроць яго, навядзеце коней, як страшную саранчу.
 
Падыміце сцяг на зямлі! Трубіце ў трубы між народамі, прыгатуйце супраць яго народы, склічце супраць яго царствы Арарата, Міні, Аскеназа, устанавіце супраць яго ваяводаў, прывядзіце коней, як калючую саранчу!

Азбройце супроць яго народы, цароў Мідыі, начальнікаў абласьцей і ўсіх кіроўцаў яе гарадоў і ўсю зямлю, падуладную ёй.
 
Прыгатуйце супраць яго народы, цароў мідзян, князёў іх, усіх намеснікаў іх і ўсю зямлю ўладання іх.

Трасецца зямля і трымціць, бо спраўджваюцца над Вавілонам намеры Госпада зрабіць зямлю Вавілонскую пусткаю без жыхароў.
 
Задрыжыць зямля і затрасецца, бо споўніцца задума Госпада супраць Бабілона, каб учыніць зямлю Бабілона пустыннай і бязлюднай.

Перасталі змагацца асілкі Вавілонскія, сядзяць ва ўмацаваньнях сваіх; вычарпалася сіла іхняя, зрабіліся як жанчыны, жытлішчы іхнія спалены, замкі іхнія патрушчаны.
 
Волаты Бабілона кінулі ваяваць, сядзяць у крэпасцях, змарнела іх сіла, і сталіся яны, як жанчыны; палаткі іх спалены, і засаўкі іх паламаны.

Ганец бяжыць насустрач ганцу, і весьнік — насустрач весьніку, каб узьвясьціць цару Вавілонскаму, што горад яго ўзяты з усіх бакоў,
 
Пасланец за пасланцом пабяжыць, і вястун за вестуном, каб паведаміць цару Бабілона, што здабыты горад яго ад канца да канца.

і броды захоплены, і агароджы спалены агнём, і ваяры ахоплены страхам.
 
І што броды пазайманы, умацаванні агнём спалены, а ваяры дужа ўстрывожаны.

Бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: дачка Вавілона падобная на гумно ў час малацьбы ў ім; яшчэ крыху, і настане час жніва яе.
 
Бо гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Дачка Бабілона — як ток у час малацьбы на ім, яшчэ крыху — і прыйдзе на яе час жніва».

Жэр мяне і грыз мяне Навухаданосар, цар Вавілонскі; зрабіў мяне пустым посудам; праглынуў мяне, як дракон; напаўняў чэрава сваё слодычамі маімі, вывяргаў мяне,
 
З’еў мяне, спустошыў мяне Набукаданосар; цар Бабілона адкінуў мяне, як пустую пасудзіну, як цмок, праглынуў мяне, напоўніў жывот свой маімі асалодамі, і выпхнуў мяне.

Крыўда мая і плоць мая — на Вавілоне, скажа насельніца Сіёна, і кроў мая — на жыхарах Халдэі, скажа Ерусалім.
 
«Знявага мая і цела маё на Бабілон!», — кажа жыхарка Сіёна. «А кроў мая на жыхароў Халдэі!» — кажа Ерузалім.

Таму так кажа Гасподзь: вось, я ўступлюся ў тваю дзею і адпомшчу за цябе, і асушу мора яго, і высушу каналы яго.
 
Таму вось што кажа Госпад: «Вось, Я абараню справу тваю, і адпомшчу помсту тваю, і мора яго зраблю пустыняю, і высушу крыніцу яго,

І Вавілон будзе грудаю руінаў, селішчам шакалаў, жудасьцю і пасьмешышчам, без жыхароў.
 
і Бабілон станецца кучай развалін, прыстанішчам шакалаў, страхоццем і пасмяяннем, і не будзе ў ім жыхароў.

Як ільвы зыркаюць усе яны, і заравуць як шчанюкі ільвіныя.
 
Заравуць яны, быццам ільвы, замуркаюць, як малыя львяняты.

У час іхняга разгарачэньня зраблю ім гасьціну і ўпаю іх, каб яны павесяліліся і заснулі вечным сном, і не прачыналіся, кажа Гасподзь.
 
У прагнасці іх падрыхтую ім баль, напаю іх, каб ашалелі і заснулі сном вечным, і не прачнуліся, — кажа Госпад. —

Зьвяду іх як ягнят на закол, як бараноў з казламі.
 
Я павяду іх на зарэз, як авечак, як бараноў разам з казламі».

Як узяты Сэсах, і заваявана слава ўсёй зямлі! Як зрабіўся Вавілон жахам сярод народаў!
 
Як здабыты Сэсах, як узята слава ўсяе зямлі! Як ім стаўся страхоццем Бабілон паміж народаў!

Памкнулася на Вавілон мора; ён пакрыты мноствам хваляў яго.
 
Нахлынула мора на Бабілон, і закрыла яго безліч хваль яго.

Гарады яго зрабіліся пустымі, зямля сухою, стэпам, зямлёю; дзе ня жыве ніводзін чалавек, і дзе не праходзіць сын чалавечы.
 
Гарады яго сталіся страхоццем, зямлёй бязлюднаю і пустэчай, зямлёй, дзе ніхто не жыве, і не ходзіць па ёй сын чалавечы.

І наведаю Віла ў Вавілоне і вырву з вуснаў ягоных праглынутае ім, і народы ня будуць болей сьцякацца да яго, нават і муры Вавілонскія асыплюцца.
 
«Я наведаю Бэла ў Бабілоне, вырву ў яго з пашчы тое, што ён праглынуў, не будуць больш да яго плысці народы, і мур Бабілона заваліцца!

Выходзь з асяродзьдзя яго, народзе Мой, і ратуйце кожны душу сваю ад палымянага гневу Госпада.
 
Выйдзі, народ Мой, з яго, каб кожны ўратаваў душу сваю ад лютасці гневу Госпада.

Хай не аслабне сэрца вашае, і ня бойцеся чуткі, якая будзе пачута на зямлі; чутка прыйдзе ў адзін год, і потым на другі год, і на зямлі будзе гвалт, валадар паўстане на валадара.
 
Хай не млее сэрца ваша, і не бойцеся весткі, якую пачуеце на зямлі, бо ў адзін год прыйдзе вестка, а другая — у другі год, а на зямлі — гвалт, і валадар на валадара.

Таму вось, прыходзяць дні, калі Я наведаю балваноў Вавілона, і ўся зямля ягоная будзе пасаромлена, і ўсе пабітыя яго ўпадуць сярод яго.
 
Таму, вось, надыходзяць дні, калі Я наведаю ідалаў Бабілона, і ўся зямля яго асароміцца, і ўсе забітыя ў ім будуць ляжаць пасярод яго.

І ўзрадуюцца над Вавілонам неба і зямля і ўсё, што на іх; бо з поўначы прыйдуць да яго спусташальнікі, кажа Гасподзь.
 
І загамоняць хвалебна над Бабілонам неба і зямля і ўсё, што ў іх, бо з поўначы надыдуць на яго спусташальнікі, — кажа Госпад. —

Як Вавілон не скідаў пабітых Ізраільцян, так у Вавілоне будуць скінуты пабітыя ўсёй краіны.
 
Вось, Бабілон упадзе за забітых Ізраэля, як упалі за Бабілон забітыя на ўсёй зямлі.

Хто ўратуецца ад меча, уцякайце, ня спыняйцеся, спамянеце здалёк пра Госпада, і хай узыдзе Ерусалім на сэрца ваша.
 
Вы, што ўцяклі ад меча, уцякайце, не стойце; хоць вы далёка, памятайце пра Госпада, а Ерузалім хай узыдзе ў сэрца ваша».

Сорамна нам было, калі мы слухалі нагану; ганьба пакрывала твары нашыя, калі чужаземцы прыйшлі ў сьвятыню дома Гасподняга.
 
Асаромленыя мы, бо чулі знявагу, і ганьба пакрыла твары нашы, бо ўвайшлі чужынцы ў свяцілішча дома Госпада.

Затое вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі я наведаю балваноў ягоных, і па ўсёй зямлі яго будуць стагнаць параненыя.
 
«Дзеля таго, вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я наведаю ідалаў яго, і па ўсёй зямлі яго будуць стагнаць параненыя.

Хоць бы Вавілон узвысіўся да нябёсаў, і хоць бы ён на вышыні ўмацаваў цьвярдыню сваю; але ад мяне прыйдуць да яго спусташальнікі, кажа Гасподзь.
 
Калі б нават да неба падняўся Бабілон і ў небе ўмацаваў сілу сваю, але ад Мяне прыйдуць на яго нішчыцелі», — кажа Госпад.

Праляціць гул ляманту ад Вавілона і вялікае разбурэньне — ад зямлі Халдэйскай,
 
Крык чуцен з Бабілона, і вялікае гора з зямлі Халдэйскай,

бо Гасподзь спустошыць Вавілон і пакладзе канец ганарыстаму голасу ў ім. Зашумяць хвалі іх як вялікія воды, пачуецца шумны голас іх.
 
бо Госпад нішчыць Бабілон і сцішае ад яго гармідар вялікі, і зашумяць іх хвалі, як вялікія воды, і ўздымаецца плёскат іх.

Бо прыйдзе на яго, на Вавілон, спусташальнік, і ўзяты будуць ратаборцы ягоныя, паламаныя будуць лукі іхнія; бо Гасподзь, Бог аддачаў, аддасьць аддачу.
 
Бо ідзе на яго, на Бабілон, рабаўнік, і схоплены асілкі яго, і лук іх зламаны, бо Бог помсты, Госпад, аддасць належнае.

І напаю дап’яна князёў яго і мудрацоў яго, начальнікаў вобласьцяў яго і кіроўцаў гарадоў яго, і ваяроў яго, і заснуць сном вечным і не прачнуцца, кажа Цар, — Гасподзь Саваоф імя Яго.
 
«І напаю Я князёў яго, і мудрацоў яго, і намеснікаў яго, і ўрадоўцаў яго, і мужных яго, і заснуць яны сном вечным, і не прачнуцца, — кажа Валадар, Госпад Магуццяў — імя Яго».

Так кажа Гасподзь Саваоф: тоўстыя муры Вавілона да падмурку будуць разбураны, і высокія брамы яго будуць спалены агнём; і вось, дарма працавалі народы, і плямёны мучылі сябе дзеля агню.
 
Гэта кажа Госпад Магуццяў: «Умацаваны, вельмі шырокі славуты мур Бабілона заваліцца, а брамы яго высокія згараць у агні, і надарма працавалі народы, і людзі на агонь марнавалі сілы».

Слова, якое прарок Ерамія наказаў Сэраю, сыну Нірыі, сыну Маасэі, калі ён выпраўляўся ў Вавілон з Сэдэкіем, царом Юдэйскім, у чацьвёрты год яго цараваньня; Сэрая быў галоўны пасьцельнік.
 
Слова, якое даў на загад прарок Ярэмія Сараі, сыну Нэрыі, сыну Маасіі, калі той накіравіўся з царом Юды, Сэдэцыем, у Бабілон у чацвёртым годзе яго царавання, а Сарая быў кіраўніком над пакоямі.

Ерамія ўпісаў у адну кнігу ўсе бядоты, якія павінны былі прыйсьці на Вавілон, усе гэтыя прамовы, напісаныя на Вавілон.
 
І апісаў Ярэмія ў адной кнізе ўсё ліха, якое мела прыйсці на Бабілон, усе гэтыя словы, напісаныя супраць Бабілона.

І сказаў Ерамія Сэраю: калі ты прыйдзеш у Вавілон, дык глядзі, прачытай усе гэтыя прамовы,
 
І сказаў Ярэмія Сараі: «Калі ты прыбудзеш у Бабілон, то глядзі: прачытай усе гэтыя словы

і скажы: Госпадзе! Ты прамовіў пра месца гэтае, што зьнішчыш яго так, што не застанецца ў ім ні чалавека, ні быдла, а яно будзе вечнаю пустэльняю.
 
і скажы: “Госпадзе, Ты прадказаў пра гэтае месца, што знішчыш яго так, што не будзе ў ім жыхароў, — ні чалавека, ні жывёлы, — і будзе яно пустыняй вечна”.

І калі закончыш чытаньне гэтай кнігі, прывяжы да яе камень і кінь яе на сярэдзіну Еўфрата,
 
І калі скончыш чытаць гэтую кнігу, прывяжы да яе камень і ўкінь яе ў сярэдзіну Эўфрата,

і скажы: так апусьціцца Вавілон і не паўстане ад таго бедства, якое Я навяду на яго, і яны зусім зьнямогуцца. Дагэтуль прамовы Ераміі.
 
і скажы: “Хай так патоне Бабілон і хай не падымецца дзеля таго няшчасця, якое Я на яго наводжу, і ён будзе зруйнаваны”». Дасюль словы Ярэміі.