Ераміін Плач 4 разьдзел
Ераміін Плач
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Як паблякла золата, як зьмянілася золата высакароднае! камяні сьвяцілішча рассыпаны па ўсіх ростанях.
О, як счарнела золата, змянілася найчысцейшае золата. Раскінуты святыя камяні па вуглах усіх вуліц.
Сыны Сіёна каштоўныя, роўныя шчыраму золату, цяпер як чарэп’е глінянае цэняцца, як вырабы рук ганчара!
Высакародныя сыны Сіёна і дарагія, як чыстае золата, як жа палічаны яны за гліняныя гаршкі — працу рук ганчара?
І шакалы падсоўваюць смочкі і кормяць сваіх дзяцей, а дачка народа майго цяпер жорсткая, як у пустыні страўсы:
Але ж нават шакалы падстаўляюць саскі і кормяць сваіх малых; а дачка народа майго жудасная, як страус на пустыні.
язык немаўлят да гартані ад смагі ліпне; дзеці благаюць хлеба, і не падае ім ніхто.
Прысох язык немаўляці да паднябення яго ў смазе, малыя хлеба прасілі, ды не было, хто б ім адламаў.
Тыя, што елі салодкае, млеюць на вуліцах; а тыя, каго спавівалі ў пурпуры, на сьметніках сьпяць.
Тыя, што елі прысмакі, падалі на вуліцах, а тыя, што выхоўваліся ў пурпуры, ляжалі ў гноі.
Правіны дачкі народа майго большыя за грэх Садомы: тая зьнішчана вокаімгненна, бяз дотыку рук чалавечых.
Большай сталася злачыннасць дачкі народа майго, чым грэх Садома, які прапаў у адзін момант, і рукі не дакраналіся да яе.
Яе князі былі чысьцейшыя за сьнег, бялейшыя за малако; целам былі прыгажэйшыя за карал, выгляд іх быў, як шафір;
Яе назарэі бялейшыя за снег, бялейшыя за малако, чырванейшыя целам за каралы, выгляд іх — як шафір.
а цяпер цямней за ўсё чорнае твар у іх; не пазнаюць іх на вуліцы; скура ў іх да касьцей іх прыліпла, уся перасохла, як дрэва.
Твар іх сцямнеў, як вугаль, і не пазнаць іх на плошчах; прысохла іх скура да касцей, высахла і зрабілася, як дрэва.
Тыя, каго забіваюць мечам, шчасьлівейшыя за забіваных голадам, ападаюць у сіле з голаду, бо ім пладоў нестае палявых.
Шчаснейшыя забітыя мечам, чым памерлыя з голаду, бо гэтыя прападалі зняможаныя ад няплоднасці зямлі.
Пяшчотныя колісь жанчыны дзетак сваіх гатавалі, каб пракарміцца імі ў часе пагібелі дачкі народа свайго.
Рукі жанчын міласэрных варылі дзяцей сваіх, былі яны іх ежай у час загубы дачкі народа майго.
Спраўдзіў Гасподзь Свой гнеў, выліў лютасьць гневу Свайго і запаліў на Сіёне агонь, які зжэр асновы яго.
Споўніў Госпад гнеў Свой, выліў распал гневу Свайго; і распаліў на Сіёне агонь, які паглынуў падмуркі яго.
Ня верылі цары зямныя і ўсе жывыя ў сусьвеце, каб вораг і непрыяцель увайшоў у браму Ерусаліма.
Не верылі валадары зямлі дый усе жыхары свету, што ўварвецца вораг і непрыяцель праз брамы Ерузаліма.
Усё гэта — за грахі ілжэпрарокаў, за беззаконьні яго сьвятароў, што пралівалі кроў праведнікаў;
З прычыны грахоў яго прарокаў і ліхоты яго святароў, якія пасярод яго кроў справядлівых пралілі.
бадзяліся, як сьляпыя па вуліцах, крывёй апаганьваліся, аж немагчыма было дакрануцца да вопраткі іхняй.
Цягаліся на плошчах, як сляпыя, крывёй спаганеныя так, што не мог ніхто дакрануцца да шатаў іх.
«З дарогі! нячысты ідзе!» крычалі паперадзе іх; «сыдзеце ўбок, сыдзеце ўбок! не дакранайцеся!»; і саступалі ўбок; а людзі казалі: «іх болей ня будзе!
«Уцякайце! Ён нячысты! — крычалі перад імі, — Уцякайце прэч! Не дакранайцеся!» Калі ўцяклі яны ды бадзяліся, гаварылі між паганамі: «Не будзе іх больш, каб абжыліся яны».
Гасподзь іх між люду расьцярусіў; Ён іх больш не дагледзіць», бо яны сьвятароў не шануюць, бо не шкадуюць старцаў.
Аблічча Госпада разагнала іх, на іх ужо Ён не паглядзіць: у аблічча святароў яны не ўглядаюцца і не літуюцца над старымі.
Стаміліся нашыя вочы чакаць дапамогі марнае; з вежы дазорнай чакалі народу, які нас ня выратаваў.
«Дакуль марнеюць нашы вочы, дарэмна чакаючы дапамогі! З вартавой вежы нашай выглядалі мы народ, які можа нас збавіць.
А яны цікавалі за крокамі нашымі, каб не маглі мы хадзіць па вуліцах нашых; зблізіўся наш канец, дні нашы споўніліся; настала наша пара.
Яны цікавалі за крокамі нашымі, каб мы не хадзілі па плошчах нашых. Наблізіўся канец наш, споўніліся дні нашы; вось, прыходзіць канец наш.
Ганіцелі нашы былі шыбчэйшыя за нябесных арлоў; ганяліся за намі па горах, ставілі пасткі на нас у пустыні.
Скарэйшымі былі пераследнікі нашы за арлоў паднебных; яны гналіся за намі праз горы, цікавалі на нас у пустыні.
Дыханьне жыцьця нашага, памазанец Гасподні злоўлены ў яму іхнюю, той, пра якога казалі мы: пад яго шатамі жыцьмем сярод народаў.
Дух вуснаў нашых — Намашчэнец Госпадаў, схоплены ён у іх ямы, а мы аб ім казалі: “У яго засені будзем жыць між народамі”.
Радуйся і весяліся, дачка Эдома, жыхарка зямлі Уц! І да цябе дойдзе чара; уп’ешся й аголішся.
Цешся і весяліся, дачка Эдома, якая жывеш у зямлі Уц. І да цябе прыйдзе келіх, нап’ешся і аголішся.
Дачка Сіёна! скончыцца кара за беззаконьне тваё; Ён цябе болей ня гнацьме; а тваё беззаконьне, дачка Эдома, Ён адкрые і пакарае яго.
Дачка Сіёна, ліха тваё споўнілася, на перасяленне не выганіць больш цябе, а карае Ён за ліхасць тваю, дачка Эдома, выяўляе грахі твае».